Гомельскія дзяржаўныя медыя і лаяльныя блогеры пачалі кампанію супраць валанцёраў і абаронцаў жывёл. Пад выглядам клопату пра бяспеку людзей чытачам усё настойлівей навязваюць простую думку: праблема не ў тым, як абыходзяцца з жывёламі, а ў тым, што нехта яшчэ спрабуе іх абараняць.
Пасля скандалу вакол адстрэлу і адлову бяздомных жывёл у Гомелі мясцовыя ўлады, падобна, вырашылі перайсці ў інфармацыйны наступ. У дзяржаўных медыя і сацыяльных сетках адна за адной пачалі з’яўляцца публікацыі, якія павінны пераканаць грамадства: праблема не ў жорсткасці камунальных службаў, а ў “празмернай жаласці” зоаабаронцаў. Пры гэтым галоўнае пытанне — як насамрэч утрымліваюцца і што адбываецца з адлоўленымі жывёламі — па-ранейшаму застаецца без адказу.
Адным з элементаў гэтай кампаніі стаў сюжэт для праграмы “Будет дополнено” з удзелам блогера-прапагандыста Картошкіна. Гэты ролік распаўсюджваецца ў сацсетках. Менавіта Картошкіна запрасілі паказаць працу службы адлову і пунктаў утрымання. Аднак вынік атрымаўся супрацьлеглы чаканаму. У каментарыях гледачы масава патрабавалі паказаць не інтэрв’ю на фоне туй і кабінетаў, а вальеры і саміх жывёл. “Рэпартаж ні пра што, здымкі на фоне туй, а не вальераў”, — пісалі карыстальнікі. “Гаварыць можна ўсё што заўгодна. Паказваць трэба”, “Суцэльная хлусня”, “Дзе відэа вальераў?”, “На словах заўсёды ўсё добра” — такіх водгукаў пад відэа дзясяткі. Дасталося і самому блогеру. “З вуснаў Картохі слова “праўда” гучыць пошла”, — адзначыў адзін з каментатараў. Іншыя наўпрост намякалі на камерцыйны характар матэрыялу.
Картошкін — гэта той самы блогер, якога дзяржаўныя структуры апошнія гады рэгулярна выкарыстоўваюць для прасоўвання патрэбных ім тэмаў. Ён ужо ўдзельнічаў у праектах па “папулярызацыі” дзяржаўных устаноў і неаднаразова станавіўся аб’ектам крытыкі за занадта кампліментарныя сюжэты. Таму яго ўдзел у чарговай інфармацыйнай кампаніі выглядае цалкам заканамерна.
Але калі блогер абмежаваўся рэпартажам, то “Гомельская праўда” працягнула працу ўжо ў традыцыйным для сябе жанры. Калі раней у дзяржаўнай газеце з’яўляліся ананімныя матэрыялы, якія фактычна атакавалі валанцёраў і абаронцаў жывёл, то цяпер рытарыка стала крыху больш асцярожнай. Артыкул журналісткі Юліі Прашковіч “В капкане жалости” фармальна выглядае збалансаваным. У ім даюць слова і кінолагу, і валанцёрцы. Але галоўная думка застаецца нязменнай: праблема не ў сістэме адлову, а ў людзях, якія кормяць і абараняюць бяздомных жывёл.
Прашковіч цытуе кінолага, які сцвярджае, што “подкармливать животное на улице ни в коем случае нельзя” і што вулічныя сабакі будуць успрымаць тэрыторыю як сваю і нападаць на людзей. Далей чытачу прапануюць канцэпцыю “ложной доброты”, а прадстаўніца райжылкамгаса заяўляе, што падкормліванне і выпуск жывёл пасля стэрылізацыі — гэта “иллюзия” гуманнасці. У выніку матэрыял падводзіць аўдыторыю да высновы, што асноўная пагроза — гэта не жорсткія метады абыходжання з жывёламі, а самі зоаабаронцы і валанцёры.
Усё гэта адбываецца на фоне канфлікту паміж грамадскімі актывістамі і камунальнымі службамі. Зоаабаронцы абвінавачваюць сістэму адлову ў закрытасці, патрабуюць паказаць умовы ўтрымання жывёл, публікаваць статыстыку і адмовіцца ад практыкі, якая вядзе да масавай гібелі сабак і катоў. Улады замест адказаў усё часцей прапануюць інфармацыйныя кампаніі, дзе галоўнымі вінаватымі становяцца тыя, хто спрабуе гэтых жывёл абараніць.
Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Рэгістрацыя сабак у Гомелі: што не так з новай сістэмай
У Гомелі чакаюць масавае забойства бадзяжных сабак
Замест вырашэння праблемы бяздомных жывёлаў вінавацяць…
Гамяльчане абураныя знішчэннем сабак
Рэкламуе “мерч першага” і праслаўляе міліцыю. Хто такі блогер Міша Картошкін