Праўладнае выданне апублікавала відэаролік з ідылічнымі восеньскімі кадрамі вёскі Агародня Гомельская ў Добрушскім раёне. Асобна аўтары некалькі разоў паказалі галоўны архітэктурны аб’ект паселішча — былую сядзібу купца Рыгора Кобызева, якую ў 2017 годзе набыў Сяргей Ціханоўскі.
Цагляны будынак 1886 года, які мясцовыя называюць “купецкім домам” або “кулацкім палацам”, рэзка вылучаецца на фоне вясковай забудовы. Яго ўзвёў заможны старавер Рыгор Кобызеў. За савецкім часам тут месціліся школа, сельсавет і штаб танкавай часткі.
Для Ціханоўскага гэтая сядзіба стала не проста нерухомасцю. Прадпрымальнік хацеў стварыць тут турыстычны аб’ект: гасцявыя пакоі на другім паверсе, кавярню ці краму на першым. Аднак рамонт гістарычна-культурнай каштоўнасці зацягнуўся праз неабходнасць атрымліваць дазволы. У 2019 годзе гісторыя пра нерухомасць і бюракратычныя перашкоды стала адной з першых тэм ягонага канала “Краіна для жыцця”.
Цяперашні прававы статус дома публічна не высветлены. У чэрвені 2025 года Кормянскі сельсавет паведаміў журналістцы “Зеркала”, што ў сядзібы ёсць уласнік — “чалавек, якога прэзідэнт нядаўна памілаваў”, то-бок Сяргей Ціханоўскі. Адначасова чыноўнікі казалі, што на дом накладзены арышт за нявыплачаныя штрафы і любыя пытанні з маёмасцю трэба вырашаць праз судовых выканаўцаў.
Такім чынам, падстаў сцвярджаць, што сядзібу ўжо канчаткова адабралі ў Ціханоўскага, пакуль няма. Але і магчымасць распараджацца ёю для ўласніка, які жыве за мяжой, відавочна абмежаваная.
Паводле сведчанняў людзей, якія нядаўна былі каля будынка, у вокнах можна заўважыць прыкметы нейкай актыўнасці ўнутры. Ці ідзе там рамонт, кансервацыя, падрыхтоўка да новых работ або гэта толькі ўражанне ад стану памяшканняў — невядома. Публічных паведамленняў пра рэстаўрацыю сядзібы або змяненне яе ўласніка не было.