Сядзіба з чорнай гісторыяй: тут была калонія НКВД — цяпер чакае рэстаўрацыі

Будынак Хальчанскай сядзібы зараз знаходзіцца ва ўласнасці Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, які займаецца падрыхтоўкай праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыі.


Хальчанская сядзіба — палацава-паркавы комплекс, помнік архітэктуры класіцызму. Яна стаіць у вёсцы Хальч Веткаўскага раёну, на правым беразе ракі Сож, і адносіцца да перыяду XVI—XVIII ст., будынак дарабілі ў пачатку XIX ст.

Вёска Хальч вядомая з 14 ст., калі князь Свідрыгайла падарыў яе роду Халецкіх.  Менавіта яны дазволілі пасяліцца і заснаваць Ветку стараверам. Халецкія валодалі ёй да вайны 1812 года, бо шляхта падтрымала Напалеона і пасля ягонай паразы была вымушаная выехаць.

Тады сядзібу канфіскавалі і прадалі з таргоў аднаму з прадстаўнікоў мясцовага шляхецкага роду Войніч-Сянажэцкіх. Гаспадары хавалі падчас паўстання Каліноўскага ў сваім доме паўстанцаў. У 1887 годзе госцем маёнтка стаў беларускі мастак Напалеон Орда, які і зрабіў замалёўку ўсяго маёнтка.

Далейшая гісторыя больш сумная: апошні нашчадак  Войніч-Сянажэцкіх быў расстраляны бальшавікамі. У далейшым у будынку спачатку быў прытулак для дзяцей, а пасля нават турма НКВД.

Пра яе згадвае Ларыса Геніюш у аўтабіяграфіі “Споведзь”, турма згадваецца як месца зняволення, куды змяшчалі жонак “ворагаў народу” і іх дзяцей. “Ксяндза Юзэфскага й цяжарную жанчыну высадзілі ля Гомеля ў Хальчы (цытуецца даслоўна і з асаблівасцям арфаграфіі і пунктуацыі аўтаркі). Гэта быў лагер, як я пасьля даведалася, спэцыяльна для мамак, г.зн. цяжарных жанчын. Характэрны ён быў тым, што там умірала 90 (ДЗЕВЯЦЬДЗЕСЯТ!) працэнтаў народжаных дзетак зьняволеных жанчын. Там, як і ў іншых месцах, гдзе былі такія дзеткі, заўсёды нейкая сястра, супрацоўніца КГБ, давала ім часам па парашочку. Гэты парашок выклікаў усе сымптомы запаленьня лёгкіх, жаўцізну тварыку, і дзіця памірала. Гэта я чула часта…”, — згадвае дагэтуль не рэабілітаваная ў Беларусі Ларыса Геніюш.

На сёння будынак прызнаны помнікам гісторыка-культурнай спадчыны, ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь другой катэгорыі рэспубліканскага значэння.

Хоць і вядома, што сядзібу чакае рэстаўрацыя, але яе тэрміны пакуль не называюцца.

Штодзень

Чытаць па тэме:
У 2026 годзе ў Гомельскай вобласці плануюць адрэстаўраваць два гістарычныя аб’екты, сродкі на іх будуць збіраць на суботніках
Апальная Ларыса Геніюш і забытая турма НКВД у Хальчы

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць