Старадаўнія строі і народныя танцы: Ларыса Шчыракова запрашае на этнафотасэты ў Беластоку

Гомельская журналістка і былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова запрашае на фотасесіі ў беларускім традыцыйным адзенні ў Беластоку. Яна таксама звярнулася да сяброў і падпісчыкаў з просьбай дапамагчы пашырыць інфармацыю пра яе этнафотапраект.

“Вельмі хачу мець больш ахвотных сфатаграфавацца ў традыцыйным адзенні”, — напісала Шчыракова.

На здымкі можна прыйсці аднаму, удваіх або ўсёй сям’ёй. Двухгадзінны фотасэт прадугледжвае два-тры вобразы. Здымацца прапануюць у Падляскім музеі народнай культуры, парках і маляўнічых мясцінах Беластока ды ваколіц. Па жаданні можна арганізаваць фотасесію ў студыі.

Не толькі фота, але і знаёмства са строем

Для ўдзельнікаў Шчыракова падбірае сарочкі, андаракі, фартухі, гарсэты, паясы і галаўныя ўборы са сваёй прыватнай калекцыі. Паводле аўтаркі праекта, значная частка адзення — арыгінальныя старадаўнія рэчы з Гомельшчыны і Берасцейшчыны. Вобразы дапаўняюць упрыгожванні, ручнікі, посцілкі, кошыкі ды іншыя этнаграфічныя прадметы.

Падчас сустрэчы Ларыса расказвае пра беларускі традыцыйны строй і прапануе вывучыць некалькі простых народных танцаў — каб атрымаць больш жывых і натуральных кадраў.

Кошт фотасэта — 200 злотых. Паводле абвесткі, удзельнікі атрымаюць каля ста фатаграфій з колеракарэкцыяй праз два дні. Запісацца можна праз асабістыя паведамленні ў Instagram.

Сарочка ад Святланы Алексіевіч

Раней у гутарцы са “Штоднём” Шчыракова расказвала пра аднаўленне этнафотасесій у Беластоку. У эміграцыю яна змагла забраць аўтэнтычнае адзенне і ручнікі са сваёй калекцыі.

У ліпені 2026 года журналістка падзялілася гісторыяй падтрымкі ад Святланы Алексіевіч. Даведаўшыся пра этнафотапраект, нобелеўская лаўрэатка дала ёй сто еўра на набыццё старадаўняй сарочкі.

“Купіце сарочку, я хацела б, каб у вас была ад мяне”, — пераказвала яе словы Шчыракова.

На гэтыя сродкі калекцыю папоўніла валынская сарочка, меркавана, пачатку ХХ стагоддзя. Для Ларысы яна стала і каштоўным набыткам, і асабістым знакам падтрымкі.

Штодзень

Related posts

“Размова запісваецца”. Гамяльчанін паскардзіўся на ваду, а ў 115 зрабілі заўвагу яму самому

“Горшых дарог няма нідзе ў Беларусі”. Мазырчукі абмяркоўваюць ямы, якія перажылі змену кіраўніка

У Варшаве ўшануюць памяць гомельскага пісьменніка Уладзіслава Ахроменкі