Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць

Беларуска Наталля апублікавала ў Threads водгук пра посуд Добрушскага фарфоравага завода. Яна высока ацаніла форму талерак з “абалдзенным борцікам” і прызналася, што гатовая была б скупіць усю серыю нават удвая даражэй. Але галоўнай праблемай, на яе думку, сталі нанесеныя на посуд піксельныя кветкі.

“Яны такой жудаснай якасці, што проста сапсавалі цудоўны фарфор”, — напісала аўтарка. Яна прапанавала заводу адмовіцца ад такога дэкору, падняць цану ў два-тры разы і ўкласціся ў добрую рэкламу. У допісе Наталля звярнулася і да афіцыйнага акаўнта прадпрыемства.

У каментарах хутка пачалася невялікая, але паказальная спрэчка. Адны пагадзіліся: кветкавая дэколь выглядае танна і псуе форму. Іншыя пісалі, што для дачы ці “кантры-вайбу” такі посуд цалкам пасуе, асабліва за сваю цану. Адна з каментатарак адзначыла, што купіла добрушскі посуд для дома і “кайфуе”, хоць ёй таксама не хапае якаснага роспісу і нармальных па памеры супавых талерак.

Аўтарка допісу акрэсліла дылему пакупніка так: “Я на раздарожжы. Не разумею, чаго будзе больш: радасці ад прыгожага фарфору ці раздражнення ад гэтых кветачак”.

Добрушскі фарфоравы завод — адзіны ў Беларусі вытворца фарфоравага посуду. Будаваць яго пачалі ў 1975 годзе, а першую прадукцыю выпусцілі 28 снежня 1978-га. Прадпрыемства неаднаразова мадэрнізавалі; апошняе абнаўленне абсталявання для ізастатычнага прэсавання адбылося ў 2024 годзе. Апошнія гады для завода былі няпростымі. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і санкцыйных абмежаванняў кіраўніцтва “Беллегпрама” прызнавала, што прадпрыемства мела цяжкасці з пераарыентацыяй экспарту: раней еўрапейскі рынак займаў у ім значнае месца. У 2024 годзе былога дырэктара завода Аляксандра Вінакурава асудзілі на дзевяць гадоў калоніі паводле справы аб карупцыі.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

З Гомеля прапануюць паездкі ў акупаваную Ялту