Гомельскі сэрвіс Probilets рэкламуе паездкі ў акупаваную Ялту і Місхор. Крым застаецца тэрыторыяй з высокімі ваеннымі рызыкамі.
У кастрычніку даехаць па маршруце Мінск — Бабруйск — Гомель — Ялта — Місхор прапануюць за 200 рублёў, дзецям да 12 гадоў — за 140. У рэкламе кампанія пытаецца, хто збіраецца “аздараўляцца” ў санаторыі “Беларусь” у Ялце, і нагадвае: “Свежае марское паветра яшчэ ніхто не адмяняў”.
Курорт у зоне ваенных рызык
У допісе не згадваецца, што Крым з 2014 года знаходзіцца пад расійскай акупацыяй і падчас поўнамаштабнай вайны рэгулярна становіцца месцам удараў па расійскіх вайсковых аб’ектах. У верасні 2026 года выбухі фіксаваліся ў тым ліку ў Ялце і суседняй Гаспры. Такім чынам, пасажырам прапануюць адпачынак на акупаванай тэрыторыі, дзе захоўваюцца непасрэдныя рызыкі, звязаныя з баявымі дзеяннямі.
Што за кампанія
Probilets — гомельскі сэрвіс продажу аўтобусных і авіяцыйных квіткоў. Яго пункт знаходзіцца каля чыгуначнага вакзала на вуліцы Прывакзальнай, 6А.
Мабільнае прыкладанне Probilets звязана з гомельскім ТАА “БелЭкспрэс Бай”: гэтая кампанія пазначаная распрацоўшчыкам прыкладання, а ў якасці яе кантактнага адраса таксама ўказаная Прывакзальная, 6А. Паездкі ў Крым для сэрвісу не новыя: у водгуках за 2025 год ужо сустракаюцца згадкі пра аўтобусны маршрут Мінск — Гомель — Ялта.