На 76-м годзе жыцця памёр Аляксандр Якабсон — былы старшыня Гомельскага аблвыканкама, кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю і памочнік Аляксандра Лукашэнкі. Пра смерць чыноўніка стала вядома 28 верасня. Прычына смерці публічна не паведамлялася.
Афіцыйная Гомельшчына развітваецца з ім у звыклым для дзяржаўнай наменклатуры стылі. У некралогу аблвыканкама Якабсона называюць “чалавекам-легендай”, “мудрым палітыкам” і кіраўніком, імя якога нібыта “залатымі літарамі” ўпісана ў гісторыю вобласці. Аляксандр Лукашэнка ў спачуванні згадаў яго “сталёвую савецкую загартоўку” і заявіў, што ўклад Якабсона ў станаўленне Беларусі і нацыянальную бяспеку “немагчыма пераацаніць”.
Але біяграфія Якабсона цікавая найперш як гісторыя чыноўніка, які здолеў практычна без праблем перайсці з савецкай партыйнай сістэмы ў вертыкаль улады незалежнай Беларусі.
Фота: GP
Нарадзіўся за чыгункай
Якабсон быў ураджэнцам Гомеля. Ён нарадзіўся ў 1951 годзе на Баннай алеі ў Залінейным раёне — цяперашнім Савецкім. Яго бацька працаваў на чыгунцы, сям’я жыла ў раёне пражывання чыгуначнікаў. Сам Якабсон скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, пасля размеркавання працаваў у Мурманскай вобласці, служыў у савецкім войску, а ў 1975 годзе вярнуўся ў Гомель. Наступныя дзесяць гадоў ён працаваў у будаўнічай сістэме “Гомельпрамбуда” — ад майстра да галоўнага інжынера. А вось у 1985 годзе пачалася ўжо зусім іншая кар’ера.
З абкама КПБ — у вертыкаль Лукашэнкі
У гэтым сэнсе Якабсон быў амаль хрэстаматыйным прадстаўніком беларускай наменклатуры.
У 1985 годзе ён стаў інструктарам аддзела будаўніцтва Гомельскага абкама Камуністычнай партыі Беларусі, затым працаваў першым сакратаром Светлагорскага райкама КПБ. Пасля кіраваў Светлагорскам, быў першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама і старшынёй Гомельскага гарвыканкама. У 2001 годзе ўзначаліў Гомельскую вобласць і заставаўся на гэтай пасадзе амаль дзесяць гадоў. Такім чынам, распад СССР і знікненне КПСС не сталі для яго палітычным пераломам. Змяняліся назвы органаў і дзяржаўная сістэма, але Якабсон працягваў рухацца па адміністрацыйнай лесвіцы.
Прычым не заўсёды бездакорна нават паводле стандартаў самой вертыкалі. У 2003 годзе Лукашэнка абвясціў яму вымову за невыкананне даручэнняў па своечасовай выплаце заробкаў работнікам аграпрамысловага комплексу і пагашэнні запазычанасці за сельгаспрадукцыю. У прэзідэнцкім указе Якабсону таксама ставілася ў віну фальсіфікацыя справаздачных даных па гэтых пытаннях.
Кар’еры гэта, аднак, не перашкодзіла. Пасля Гомельскай вобласці Якабсон у 2010–2014 гадах узначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю, а затым яшчэ тры гады быў памочнікам Лукашэнкі — галоўным інспектарам па Мінску. Ён таксама паспеў пабыць дэпутатам Вярхоўнага Савета і Палаты прадстаўнікоў, членам Савета Рэспублікі.
Паказальны штрых: у 2002 годзе выбары Якабсона ў Савет Рэспублікі праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове. З 710 дэпутатаў мясцовых саветаў за яго прагаласавалі 694.
“Гэта не жанчыны! Гэта журналісты!”
На фоне сённяшніх урачыстых некралогаў асабліва характэрна выглядае гісторыя, якую пасля смерці Якабсона прыгадала журналістка Вольга Быкоўская.
Паводле яе слоў, выпадак адбыўся каля дваццаці гадоў таму на прыёме да 8 Сакавіка ў Гомельскім аблвыканкаме, калі вобласцю кіраваў Якабсон. На сустрэчу запрасілі ўплывовых жанчын і журналістак рэгіянальных медыя. Гасцям сімвалічна налівалі шампанскае, але ў нейкі момант пачалі разліваць яго і журналісткам. І тут, паводле гісторыі, на ўсю залу прагучала:
“Гэта не жанчыны! Гэта журналісты!”
Гэты анекдот атрымаўся амаль сімвалічным для эпохі. Афіцыйная “Гомельская праўда” сёння згадвае, што Якабсон “высока цаніў працу журналістаў” і быў адкрыты для зносін з рэдакцыяй. Гісторыя Быкоўскай паказвае іншы бок адносінаў улады і прэсы таго часу — дзяржаўныя журналісты ў гэтай сістэме былі ўсяго толькі катэгорыяй людзей пры ўладзе.
Чалавек сістэмы, якая перажыла СССР
Цяпер афіцыйная версія біяграфіі Якабсона будуецца вакол рэстаўрацыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, развіцця прамысловасці, будаўніцтва і сацыяльнай сферы. Гэтыя праекты сапраўды прыпалі на гады яго кіраўніцтва вобласцю. Але ёсць і іншы кантэкст яго амаль трохдзесяцігадовай палітычнай кар’еры.
Яна пачалася яшчэ ў кабінетах Гомельскага абкама КПБ і без сур’ёзнага разрыву працягнулася ў сістэме, пабудаванай Лукашэнкам. Інструктар абкама, кіраўнік райкама, старшыня гарвыканкама, губернатар, кіраўнік КДК, памочнік прэзідэнта — мяняліся шыльды і пасады, але прынцып кар’еры заставаўся вертыкальным.
Таму гісторыя Аляксандра Якабсона — гэта добрая ілюстрацыя таго, наколькі шмат кадравай і кіраўнічай культуры савецкай наменклатуры перайшло ў дзяржаўную сістэму Беларусі пасля 1991 года.