У мікрараёне Старая Валатава ў Гомелі з 5 да 16 кастрычніка часова адключаць водазабеспячэнне. Прычына — рамонт магістральнага вадавода дыяметрам 1200 міліметраў на вуліцы Старавалатаўской, паведамляе “Гомельводаканал”.
Без вады застануцца жыхары вуліцы Старавалатаўскай, а таксама першага, другога, трэцяга і чацвёртага Старавалатаўскіх завулкаў. На час работ пітная вада будзе даступная ў ёмістасці каля дома № 1 на трэцім Старавалатаўскім завулку. Таксама па ваду жыхарам прапануюць хадзіць да калонкі каля дома № 118 на вуліцы Бранскай.
Паведамленне выклікала дыскусію ў Threads. Адна карыстальніца напісала, што не разумее, “як можна цалкам пазбавіць вады людзей на 11 дзён у сярэдзіне кастрычніка”. Яна звярнула ўвагу: некаторым жыхарам давядзецца ісці да калонкі з вёдрамі каля 700–1000 метраў.
“Моладзь прагульваецца, скажаце вы. А як жа пажылыя людзі? Або людзі з інваліднасцю?” — пытаецца аўтарка допісу. У каментарах яе падтрымалі: карыстальнікі назвалі сітуацыю “жорсткай” і “вяртаннем у каменны век”.
Частка ўдзельнікаў дыскусіі нагадвае, што рамонт вялікага вадавода нельга якасна выканаць за адзін-два дні: апроч земляных і мантажных работ сістэму неабходна прамыць і прадэзінфікаваць перад запускам. Аднак крытыкі не аспрэчваюць неабходнасць рамонту. Яны пытаюць, чаму рамонт не зрабілі ў цёплы сезон і чаму для жыхароў не арганізавалі больш пунктаў доступу да вады.
Адзін з каментатараў напісаў пра “арганізаваны падвоз” вады і некалькі калонак у раёне. Але ў паведамленні “Гомельводаканала” гаворка ідзе пра адну ёмістасць з пітной вадой на трэцім Старавалатаўскім завулку і калонку ля дома № 118 на Бранскай — не пра дастаўку вады да дамоў.
“Гомельводаканал” таксама папярэдзіў, што падчас рамонту і пасля яго завяршэння магчымыя часовыя адхіленні ў якасці вады.