Кампанію па “канчатковым рашэнні” пытання з бадзяжнымі сабакамі пачаў яшчэ мінулы кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў, і яна працягнулася пры новым. Цяпер трывогу забілі зоаактывісты, чакаюць масавы адлоў, а значыць і забойства бадзяжных сабак.
Ілюстрацыйнае фота
Гаворка, падобна што, ідзе пра абвесткі, якія зоаактывісты размяшчаюць, каб знайсці жывёлам гаспадароў.
“Адрасы, прыпынкі, вуліцы, арыенціры месцазнаходжання жывёл НЕ ЎКАЗВАЦЬ! Усю асабістую інфармацыю — толькі па нумары тэлефона. Так вы, магчыма, зберажаце жыццё жывёле!” – пішуць зоаактывісты.
Яны лічаць, што групы цяпер могуць маніторыць для інфармавання службаў адлову: “Зараз намячаецца масавая зачыстка горада ад бадзяжных сабак!”
Новы кіраўнік Гомеля Руслан Пархамовіч пачаў працу з ужо знаёмых для гараджанаў метадаў: узмацнення адлову бадзяжных жывёл. Пасля чарговага нападу сабакі на дзіця ўлады абвясцілі пра “жорсткія меры”, стварэнне мабільных брыгад і запуск “гарачай лініі” для паведамленняў пра зграі.
Жыхароў заклікаюць (і гатовыя за гэта караць) не карміць безнаглядных жывёл і паведамляць пра месцы іх знаходжання. Пры гэтым у другім па велічыні горадзе Беларусі па-ранейшаму няма ні дзяржаўнага прытулку, ні паўнавартаснай праграмы стэрылізацыі.
Фактычна новы прызначэнец працягвае палітыку свайго папярэдніка Уладзіміра Прывалава — змаганне з наступствамі замест вырашэння прычын праблемы. “Штодзень” пісаў пра тое, што ўлады робяць стаўку выключна на адлоў, які ў беларускіх умовах часта заканчваецца знішчэннем жывёл. Пры гэтым праблему масавага выкідвання хатніх жывёл і адсутнасці сістэмнай дзяржаўнай праграмы ніхто не вырашае.
У сацсетках гамяльчане ўсё часцей звяртаюць увагу менавіта на гэта. Людзі пытаюцца, чаму ўлады не гавораць пра стэрылізацыю, прытулкі, рэгістрацыю і кантроль за гаспадарамі жывёл. На думку многіх каментатараў, зграі на вуліцах — не прыродная з’ява, а вынік чалавечай безадказнасці і шматгадовага ігнаравання праблемы дзяржавай.
Што важна. Пры адсутнасці сістэмнага вырашэння праблемы з бадзяжнымі жывёламі: арганізацыі прытулку, праграмаў стэрылізацыі, клопату пра здароўе жывёлаў на вуліцы, дзяржаўных праграмаў для пошуку для іх дома, пакаранняў для тых, хто іх выкідвае на вуліцы – любое вырашэнне (нават самае жорсткае і крывавае) будзе толькі часовым.