Прычыны адстаўкі Уладзіміра Прывалава

Кадравыя змены ў Гомелі: Уладзімір Прывалаў больш не ўзначальвае гарвыканкам. Ракіроўка ў кіраўніцтве можа быць звязаная адразу з некалькімі фактарамі. За апошнія гады Уладзімір Прывалаў стаў адным з найбольш медыйных кіраўнікоў такога ўзроўню ў Беларусі. Ён актыўна вёў сацыяльныя сеткі, рэгулярна каментаваў актуальныя падзеі, асабіста выязджаў у праблемныя зоны падчас паводкі 2023 года, удзельнічаў у публічных і культурных мерапрыемствах, у тым ліку любіў выступаць на сцэне. На фоне традыцыйна закрытай беларускай вертыкалі Уладзімір Прывалаў выглядаў як занадта яркі і самастойны кіраўнік.


Пры гэтым Прывалаў не хаваў і сваёй асаблівай арыентацыі на Расію. Ураджэнец Бранскай вобласці, ён актыўна развіваў кантакты з расійскімі структурамі і падтрымліваў праекты, звязаныя з канцэпцыяй “русского мира”. Пры ім “Русский дом” значна ўзмацніў сваю прысутнасць у Гомелі — ад культурных і адукацыйных праектаў да супрацы з бібліятэкамі, школамі і грамадскімі арганізацыямі. Таксама Прывалаў актыўна супрацоўнічаў з расійскімі гістарычнымі і ваенна-патрыятычнымі структурамі, у тым ліку па лініі мемарыяльных і памятных праектаў.

Паказальным выглядае і прызначэнне на яго месца Руслана Пархамовіча — ураджэнца Магілёўшчыны, памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласці. Да гэтага ён фактычна кантраляваў працу мясцовай вертыкалі, у тым ліку і дзейнасць самога Прывалава. Такое кадравае рашэнне можа сведчыць пра жаданне Мінска вярнуць больш жорсткі кантроль над рэгіёнам і зменшыць ролю занадта самастойных або празмерна прарасійскіх фігур у абласных цэнтрах.

Таксама можна дадаць, што, нягледзячы на рэпутацыю эфектыўнага менеджара, Уладзімір Прывалаў так і не здолеў пераадолець крызісныя тэндэнцыі ў эканоміцы Гомеля. “Штодзень” неаднаразова публікаваў вялікія аналітычныя матэрыялы пра тое, што горад паступова губляе пазіцыі і выглядае значна слабей на фоне не толькі абласных цэнтраў кшталту Гродна і Берасця, але нават некаторых меншых гарадоў, у тым ліку асобных раённых цэнтраў.

Таму не выключана, што прэтэнзіі да Прывалава маглі быць звязаныя не толькі з ягонай празмернай медыйнасцю і актыўнасцю, але і з незадаволенасцю эканамічнай сітуацыяй у горадзе і адсутнасцю выразных вынікаў у развіцці Гомеля.

З гісторыяй змяшчэння Уладзіміра Прывалава можна правесці паралель і з лёсам былога гомельскага “мэра” Віктара Піліпца, які кіраваў горадам у канцы 2000-х. У 2009 годзе яго прызначылі старшынёй гарвыканкама, а ўжо ў 2012-м асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі па справе аб махінацыях з кватэрамі. Фармальна Піліпца судзілі за злоўжыванне ўладай, аднак неафіцыйна ў Гомелі тады шмат казалі пра іншае: што ён стаў занадта самастойнай фігурай, менш аглядаўся на Мінск і спрабаваў весці ўласную палітычную і медыйную лінію. Пры гэтым ён актыўна капіраваў стыль паводзін Аляксандра Лукашэнкі на мясцовым узроўні. Уладзімір Прывалаў таксама выглядаў дастаткова самастойным кіраўніком. Аднак, у адрозненне ад Піліпца, які быў арыентаваны выключна на беларускую вертыкаль, Прывалаў дэманстраваў выразную арыентацыю на Расію і меў шчыльныя кантакты з расійскімі структурамі і асяродкамі ўплыву.

Штодзень

Чытайце таксама

Гомельскі “мэр” паехаў у Маскву, каб узгадніць праекты помнікаў расіянам у Гомелі – разбіраемся, што з гэтым не так

“Помслівая і славалюбная”. Узлёты і падзенні высокапастаўленай чыноўніцы Аксаны Рудзянок

Былы “мэр-карупцыянер” стаў топ-менеджарам

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць