Чаму Чарнобыль з намі дагэтуль: што пра ядзерную энергетыку казаў Юрый Варонежцаў

Актуалізавана 21.05.2026: да матэрыялу дададзена відэа і аўдыёпадкаст

Юрый Варонежцаў — фізік, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і адзін з нямногіх, хто яшчэ ў 1980-я адкрыта выступаў супраць ядзернай энергетыкі і папярэджваў пра наступствы Чарнобыля, — памёр 20 кастрычніка 2020 года, за некалькі тыдняў да афіцыйнага запуску першага энергаблока Беларускай АЭС 7 лістапада 2020-га. Ён ужо не пабачыў ні тэхнічных праблемаў пасля запуску, ні спрэчак вакол бяспекі станцыі, ні працяглай эпапеі з пошукам месца для сховішча радыеактыўных адкідаў. Але сёння ягоныя словы пра рызыкі атамнай энергетыкі гучаць нават больш актуальна. Таму “Штодзень” звярнуўся да архіўных інтэрв’ю Варонежцава і сабраў іх у адзін матэрыял.

 

Юрый Варонежцаў, архіўнае фота

Слухайце аўдыёпадкаст “Чаму Чарнобыль дагэтуль застаецца з намі”


Наколькі сёння актуальная тэма радыяцыйнага забруджвання?

— Уран асеў у асноўным у той зоне, як гавораць у нас на Гомельшчыне, якая “за калючкай” знаходзіцца. Там, дзе ніякай гаспадарчай дзейнасці не ажыццяўляецца. Што датычыцца стронцыя і цэзія, існуе букварнае правіла, што гэтыя элементы не будуць прадстаўляць небяспекі, пакуль не пройдзе чатыры тэрміны паўраспада. Можна палічыць. Груба кажучы, праз сто гадоў гэтыя землі будуць нармальныя і на іх можна будзе штосьці вырошчваць.

Ці сапраўды частка забруджаных у 1986 годзе тэрыторый ужо бяспечная для жыцця і сельскай гаспадаркі?

— З пункту гледзішча здаровага сэнсу аднаўленне сельгасвытворчасці на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, у прыватнасці на землях Гомельшчыны, малавытлумачальна. Таму што, уявіце сабе, ці будзе адэкватны гаспадар вырабляць у сябе на палях, калі гэта яго палі, прадукцыю, якая нерэнтабельная з эканамічнага пункту гледжання і пры гэтым яшчэ і небяспечная для насельніцтва, якому ён збіраецца гэта прадаваць.

У Гомельскай вобласці дзесьці 615-620 тысяч гектараў — гэта ў той ці іншай ступені забруджаныя  землі. Я б тут прапанаваў садзіць лес. Пасадзілі лес — праз сто гадоў спілавалі, ён чысты. Калі ён сапраўды чысты, можна яго прадаць. А што датычыць населеных пунктаў, дробных вёсачак на забруджаных тэрыторыях, была ж праграма іх адсялення. На жаль, яна спынілася чыста праз палітычнае рашэнне.

Каласальныя ж рэсурсы ідуць на тое, каб вырабіць чыстыя ці “ўмоўна чыстыя”, як яны называюць, прадукты на гэтай зямлі. А для чаго? Ведаеце, калі чалавек скажа, што там можна вырабіць чыстыя прадукты, гэта проста ідыёт абсалютны.

Што датычыць раслінаводства, то тэарэтычна можна ўсё ж вырасціць на бруднай зямлі “ўмоўна чыстую прадукцыю”, але яна ў разы будзе даражэй за аналагічную, якая вырашчыная на чыстай. Што датычыць жывёлагадоўлі, калі скот ці птушку адкармліваць чыстым прывазным камбікормам, то, відаць, можна.

Ёсць яшчэ праблема занятасці жыхароў гэтых тэрыторый. Яшчэ ў савецкія часы хадзіла меркаванне, каб сельскай гаспадаркаю не займаліся там, каб размяшчалі там вытворчыя цэхі прадпрыемстваў таго ж “Гомсельмашу” ці “Радыёзаводу”. Ніхто ж не ведаў, што яны будуць у такім крызісе. Сельскай гаспадаркай можна займацца, але гэта вельмі дорага.

Якія мадэлі выкарыстання забруджаных тэрыторый выглядаюць найбольш разумнымі сёння: сельская гаспадарка, навуковыя даследаванні, энергетыка ці нешта іншае?

— Правіла простае: нічога нельга рабіць, што нават тэарэтычна павысіць рызыку радыёапраменьвання. Адсяляць насельніцтва, не вырабляць на забруджаных землях сельгаспрадукцыю, жорсткі кантроль прадуктаў харчавання, дыспансерызацыя сапраўдная, а не на паперы, пастаянныя медагляды, абавязковая прапаганда правіл паводзін на гэтай тэрыторыі. Зразумела, што на гэта павінны быць выдзеленыя значныя сродкі. Атрымлівалі людзі да 1990-х грошы, кампенсацыю, аздараўлівалі дзяцей бясплатна. Цяпер у зоне перыядычнага кантроля толькі бясплатнае харчаванне для дзяцей пакінулі.

На Гомельшчыне я б у 20 з 21 раёна наогул забараніў збор грыбоў і ягад. Менавіта на мінімізацыю гэтых рызык трэба рабіць асноўны акцэнт. Па-першае, неабходна навучаць людзей: не збіраць грыбы ў забруджаных лясах, прывозіць прадукцыю з чыстых рэгіёнаў або хаця б купляць шампіньёны, вырашчаныя ў кантраляваных умовах. Па-другое, нельга вырабляць сельскагаспадарчую прадукцыю на забруджаных землях. Нам кажуць, што паводле беларускіх нормаў утрыманне радыеактыўнага цэзію нібыта павінна быць нават ніжэйшым, чым у Германіі. Але вазьміце нямецкую прадукцыю — там радыяцыі проста няма. І пры гэтым у нас замоўчваюць, што гэтыя нормы насамрэч мелі часовы характар. У малацэ ўвогуле не павінна быць радыеактыўнага цэзію — не сто бекерэляў на літр і не нейкая “дапушчальная” доза, а нуль.

Наколькі абгрунтаваным было рашэнне Беларусі развіваць уласную атамную энергетыку? Ці можна яго лічыць лагічным працягам постчарнобыльскай палітыкі?

— Я супраць любой атамнай станцыі. Гэта глупства будаваць атамную станцыю ў краіне, дзе палутарны запас генеруючых магутнасцей у дачыненні да спажыванай энергіі. Гэта энергія не будзе запатрабаваная. Гэта чыста палітычнае рашэнне, якое не хаваецца. Што датычыць менавіта расейскага праекта — гэта яшчэ больш пераконвае мяне і маіх калег, што такая станцыя не патрэбная. Таму што нам навязалі рэактар з нулявой рэферэнтнасцю. Прасцей кажучы, гэты рэактар ВВЭР-1200 нідзе ні хвіліны не працаваў. Яго будавала фірма валгадонская, якая апошнія трыццаць гадоў не будавала атамныя рэактары. Наш — першы пасля перапынку ў 30 гадоў. Пра якую бяспеку можна казаць?! Калі 10 такіх рэактараў адпрацуюць па 5 гадоў без сур’ёзных інцыдэнтаў, тады асцярожна можна казаць пра бяспеку.

Наколькі бяспечная атамная энергетыка для насельніцтва, якое жыве побач з АЭС? Ці адпавядаюць сучасныя стандарты рэальным рызыкам?

— Не мы, дык нашыя дзеці будуць вымушаныя плаціць за наступствы. Вывад атамнай станцыі з эксплуатацыі абыдзецца нашчадкам прыкладна ў той жа кошт, што і яе будаўніцтва. Напрыклад, нямецкую станцыю Nord (Маецца на ўвазе Kernkraftwerk Nord у Германіі, былая найбуйнейшая АЭС ГДР, якая афіцыйна называлася Грайфсвальд — заўв. Рэд.), закрытую яшчэ ў 1990-я гады, будуць дэмантаваць да стану “зялёнай лужайкі” каля 45 гадоў. На гэта плануюць выдаткаваць больш за 3 мільярды еўра.

Давайце проста паглядзім на статыстыку. Колькі гадоў чалавецтва камерцыйна выкарыстоўвае ядзерную энергетыку? Менш за 50. І за гэты час — ужо Чарнобыль і Фукусіма, дзве глабальныя катастрофы, не кажучы пра дзясяткі меншых аварый. Я ўжо не ўзгадваю інцыдэнты на сховішчах радыеактыўных адходаў — у СССР у 1950-я, пазней у Венгрыі , на атамнае станцыі Пакш каля Будапешта. Тады вялікі горад літаральна цудам пазбег катастрофы.

Але праблема не толькі ў магчымых аварыях. Ніхто ў свеце дагэтуль не ведае, што рабіць з мільёнамі тон радыеактыўных адкідаў, якія ўжо назапашаныя. Нават найлепшыя сховішчы разлічаныя прыкладна на сто гадоў, у той час як перыяд паўраспаду некаторых элементаў складае дзясяткі тысяч гадоў.

Я цалкам перакананы: новыя трагедыі магчымыя. Пра чарнобыльскі рэактар таксама калісьці казалі, што ён абсалютна бяспечны і што яго можна хоць на Краснай плошчы ставіць.

Я катэгарычна супраць атамнай энергетыкі. І дзякуй Богу, што вядучыя еўрапейскія краіны паступова ад яе адмаўляюцца. Германія ўжо закрыла свае АЭС. Італія больш за трыццаць гадоў жыве без ядзерных рэактараў. Францыя таксама мае праграму паступовага вываду часткі рэактараў з эксплуатацыі — а большасць яе станцый ужо набліжаецца да канца свайго тэрміну працы. А мы — бедная краіна, якая будуе такую станцыю за чужыя грошы і ў крэдыт.

Якія доўгатэрміновыя наступствы Чарнобыля для здароўя беларусаў мы назіраем сёння? Ці дастаткова даследаваныя гэтыя працэсы?

— Чарнобыльская катастрофа у 1986 годзе стала для Беларусі каласальным ударам. І нельга сказаць, што гэты ўдар быў аднамомантны — ягоныя наступствы працягваюцца дагэтуль. Я б нават назваў гэта нацыянальнай катастрофай, наступствы якой нам давядзецца пераадольваць яшчэ вельмі доўга. І я не хачу, каб мае словы ўспрымаліся як алярмізм. Гэтыя наступствы насамрэч пераадольныя, але для гэтага трэба рабіць значна больш, чым сёння робіць дзяржава.

Калі казаць пра ўплыў Чарнобыля на здароўе людзей, дастаткова паглядзець на статыстыку анкалагічных захворванняў у Гомельскай вобласці. На жаль, я ведаю гэтую праблему не толькі з медыя, я ўжо шмат гадоў сам з’яўляюся пацыентам анкадыспансера. І мушу сказаць: лекары робяць сапраўды вельмі многае.

Але Гомельшчына па-ранейшаму застаецца лідарам па анкалагічных захворваннях, і гэта непасрэдна звязана з Чарнобылем. Ёсць афіцыйныя зборнікі Міністэрства аховы здароўя. Праўда, яны публікуюцца са спазненнем. У іх шмат паказальнай інфармацыі. Напрыклад, сельскае насельніцтва абследуецца горш за гарадское, асабліва ў параўнанні з мінчукамі, якія маюць лепшы доступ да медыцыны. Але нават пры гэтым колькасць захворванняў на сто тысяч насельніцтва ў вёсцы вышэйшая. І гэта, на маю думку, сведчыць пра тое, што людзі працягваюць ужываць небяспечныя прадукты.

Ёсць і іншая праблема: наколькі аб’ектыўная сама статыстыка. Уявіце: чалавек дзевяць гадоў лечыўся ад анкалогіі, а потым памёр, напрыклад, ад інфаркту. Што запішуць у дакументах? Хутчэй за ўсё, інфаркт. Але ж анкалогія за гэты час магла моцна падарваць арганізм. Гэтыя ўзаемасувязі часта проста не адлюстроўваюцца ў афіцыйных дадзеных. Пра гэта мне неаднаразова казалі і самі лекары.

У нашай зоне найбольш небяспечнымі для здароўя застаюцца цэзій і стронцый. Яшчэ дзесяць гадоў таму людзям хоць неяк нагадвалі: не збірайце грыбы, не піце малако з забруджаных тэрыторый. Цяпер пра гэта амаль не гавораць. Мне часта даводзіцца ляжаць у палатах разам з людзьмі з Хойнікаў, Брагіна, іншых пацярпелых раёнаў. І многія з іх працягваюць есці лясныя грыбы, піць сваё малако. Трэба аддаць належнае нашым лекарам — яны літаральна выцягваюць гэтых людзей з таго свету.

З аднаго боку, у нас сапраўды ёсць медыкі, хірургі, вельмі высокага, фактычна сусветнага ўзроўню… На жаль, таму, што яны маюць каласальны практычны досвед. Але з іншага боку, фінансаванне медыцыны застаецца недастатковым. Не хапае сучаснага дыягнастычнага абсталявання, не стае прэпаратаў для анкалагічных пацыентаў.

Людзі павінны памятаць, дзе яны жывуць. Калі ў вас ёсць агарод, трэба хаця б час ад часу правяраць прадукцыю. Калі вы засталіся тут жыць, жывіце, але не забывайце пра рызыкі. Не цягніце нічога з лесу. На Гомельшчыне толькі невялікая частка лясоў адносна бяспечная для збору ягад і грыбоў, у большасці месцаў гэтага рабіць нельга. І, канешне, трэба ўважліва ставіцца да ўласнага здароўя.

 

Тым, хто жыве ў гарадах, я б таксама параіў асцярожна ставіцца да прадуктаў, якія перадаюць сваякі з вёскі. Я заўсёды ўзгадваю гісторыю, як нам калісьці перадалі тры мяхі чарніц — аказалася, што яны былі моцна забруджаныя. Мы іх не выкінулі: спачатку зрабілі віно, потым перагналі яго ў самагон. І толькі пасля перагонкі напой стаў чыстым. Таму да такіх рэчаў трэба ставіцца вельмі сур’ёзна.

Наколькі бяспечная сістэма захоўвання ядзерных адходаў, звязаная з эксплуатацыяй БелАЭС? Ці існуюць у Беларусі рэальныя рашэнні гэтай праблемы

— Развіццё атамнай энергетыкі ў Беларусі я лічу поўным абсурдам. Калі б я меў дачыненне да прыняцця дзяржаўных рашэнняў, то ніколі не пайшоў бы гэтым шляхам. Гэта тупіковая мадэль, ад якой Еўропа паступова адмаўляецца.

Яшчэ ў 2010 годзе мы казалі, што праект БелАЭС выглядае сумнеўным нават з чыста эканамічнага гледзішча. У савецкія часы ў нас будавалі гіганцкія свінакомплексы на сто тысяч галоў: мяса разыходзілася па ўсім Саюзе, а нам заставаліся смурод і адкіды. Тут адбываецца нешта вельмі падобнае. Расія дала крэдыт, “Росатам” атрымаў грошы за будаўніцтва, расійскія банкі будуць зарабляць на працэнтах. А Беларусі ў выніку застануцца радыеактыўныя адходы.

Пры гэтым нас доўгі час запэўнівалі, што адпрацаванае паліва будуць вывозіць у Расію. Але няма ніякіх гарантый, што гэта сапраўды адбудзецца. Нават калі Расія і будзе забіраць паліва на перапрацоўку, то пасля яе “хвасты” ўсё роўна вернуцца назад. Адходы застануцца тут.

Спачатку БелАЭС падавалі як экспартаарыентаваны праект: маўляў, Беларусь будзе прадаваць электраэнергію на Захад. Але цяпер відавочна, што прадаваць яе асабліва няма куды. І ад гэтага ўвесь праект выглядае яшчэ менш асэнсаваным.

Трэба разумець: атамны рэактар — гэта не газавая пліта і не керагаз, які можна проста ўключыць або выключыць па патрэбе. Гэта надзвычай складаная і дарагая сістэма, якую немагчыма лёгка спыніць або хутка пераналадзіць пад новыя ўмовы. І з эканамічнага пункту гледжання мы ўжо маем вельмі сур’ёзную праблему.

Штодзень

Чытайце таксама

Чарнобыльская матрыца: як Юрый Варонежцаў змагаўся за праўду

Ад акопаў у Рудым лесе да дронаў: што адбываецца ў Чарнобылі на фоне вайны

Індыйскі след Чарнобыля: забытая гісторыя дзяцей з Гомельшчыны

Related posts

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Ад крытыкі “збеглых” — да тэкстаў пра сяброўства аленя і каня. Як кар’ера гомельскага прапагандыста Галкоўскага пайшла пад адхон

Першы вядомы запіс назвы “Гомель”? Доказ знайшоўся на таямнічым залатым пярсцёнку 1565 года