Яшчэ некалькі гадоў таму Станіслаў Галкоўскі быў намеснікам галоўнага рэдактара “Гомельскіх ведамасцяў”, вёў праграму на дзяржаўным тэлебачанні, пісаў для “СБ” пра апанентаў улады і разам з чыноўнікамі настальгаваў па СССР. Цяпер кола тэм прыкметна звузілася: лес, лесарубы, егеры і сяброўства аленя з канём. “Штодзень” высветліў, дзе пасля звальнення з гомельскіх дзяржаўных медыя апынуўся адзін з найбольш пазнавальных прапагандыстаў рэгіёна.
Галкоўскі падчас працы ў вегетарыянскія часы
Цяпер — пра аленяў і лесарубаў
3 верасня на сайце “Белорусской лесной газеты” з’явіўся матэрыял з амаль казачнай назвай — “Дикий олень и рабочий конь — неразлучная пара”. Яго аўтар — Станіслаў Галкоўскі. Гісторыя сапраўды мірная: каля вёскі Радуша ў Жлобінскім раёне егеры заўважылі дзікага аленя, які пасябраваў з хатнім канём. Галкоўскі падрабязна апісвае “мужскую дружбу”, “телохранителя с копытами” і “абсолютное взаимопонимание” паміж жывёламі. Так высветлілася і цяперашняе месца працы журналіста. “Белорусская лесная газета” — ведамаснае галіновае СМІ сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. У 2024 годзе рэдакцыю газеты і часопіс “Лесное и охотничье хозяйство” аб’ядналі ў адну юрыдычную асобу. Сам Мінлясгас называе іх “галіновымі СМІ”. Для Галкоўскага гэта прыкметнае паніжэнне.
Галкоўскі пазіруе для аблсанога тв, ствараючы бачнасць яўкі на датэрміновым галасаванні падчас рэферэндума 2022 года
Быў намеснікам галоўнага рэдактара і расказваў, хто вінаваты
Раней Галкоўскі працаваў у значна больш уплывовых дзяржаўных медыя. Яго матэрыялы выходзілі ў “Советской Белоруссии”, ён шмат гадоў асвятляў Гомельшчыну, а з канца 2021 года займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара “Гомельскіх ведамасцяў”. Адначасова на тэлеканале “Беларусь 4. Гомель” вёў праграму “Мнения”. Тэматыка тады была іншай. Напрыклад, у 2021 годзе ў матэрыяле “Вернуться в детство” Галкоўскі разам з адыёзным дэпутатам Віталём Уткіным прапаноўваў чытачу настальгічнае падарожжа ў СССР: “светлае савецкае” дзяцінства, піянеры, калектывізм і нават ідэя вярнуць гомельскаму скверу імя Піянерскага і зрабіць там “пятачок СССР”. А калі ў дакументах саміх уладаў усплыла інфармацыя пра расстрэлы НКВД у Шчакатоўскім лесе пад Гомелем, Галкоўскі кінуўся змяншаць маштаб савецкіх рэпрэсій. Ён пісаў, што “рэпрэсіі трыццатых у Гомелі аказаліся кропляй у моры” ў параўнанні з нацысцкімі злачынствамі, а заадно абвінавачваў “беглых грамадзян” у дыскрэдытацыі подзвігу народа. Іншымі словамі, Галкоўскі быў не проста карэспандэнтам, які пісаў пра гарадскія навіны. Ён актыўна ўдзельнічаў у фармаванні патрэбнай уладам інтэрпрэтацыі сучаснасці і мінулага.
Калонка Галкоўскага ў “Гомельскіх ведамасцях”
Звольнілі разам з іншымі
Але ў канцы 2022 года кар’ера дала рэзкі збой. Тады на гомельскім дзяржаўным тэлебачанні прайшла чыстка: паводле неафіцыйнай інфармацыі, звольнілі шэраг супрацоўнікаў, сярод якіх быў і Галкоўскі. Незадоўга да гэтага праверкі і звальненні прайшлі на радыё 107,4 FM пасля таго, як у эфіры згадалі Юрыя Дудзя. Дакладная прычына тэлевізійнай чысткі не паведамлялася. Адначасова прозвішча Галкоўскага знікла са спісу аўтараў “Гомельскіх ведамасцяў”. “Штодзень” тады высветліў, што з газеты ён сышоў па ўласным жаданні. Ягонае крэсла намесніка галоўнага рэдактара заняў чалавек з яшчэ больш адпаведнай пасля 2020 года біяграфіяй — былы кіраўнік аддзела грамадскіх сувязяў абласной міліцыі, падпалкоўнік Віталь Прыстромаў. Ён удзельнічаў у інфармацыйным суправаджэнні дзеянняў сілавікоў падчас пратэстаў, а ў 2021 годзе атрымаў званне “Чалавек года” ў намінацыі “Служу Айчыне”.
Лаяльнасці аказалася мала
Гісторыя Галкоўскага паказальная менавіта гэтым. Цяжка было западозрыць яго ў недастатковай лаяльнасці. Ён працаваў на дзяржаўныя медыя шмат гадоў, пасля 2020-га абслугоўваў афіцыйны парадак дня, крытыкаваў “беглых”, абараняў савецкую гістарычную міфалогію. Але сістэме гэтага аказалася недастаткова. Пасля 2020 года ў рэгіянальных дзяржаўных медыя мяняліся не толькі тэмы і лексіка, але і патрабаванні да кадраў. Паказальна, што журналіста на кіроўнай пасадзе ў “Гомельскіх ведамасцях” змяніў ужо не іншы журналіст, а падпалкоўнік міліцыі. Для Галкоўскага траекторыя атрымалася адваротная: ад намесніка галоўнага рэдактара гарадской газеты і вядоўцы дзяржаўнага тэлебачання — да аўтара галіновага выдання Мінлясгаса.