Знакамітыя каменныя крыжы з Турава могуць быць на некалькі стагоддзяў маладзейшымі, чым лічылася раней. Даследчыкі Аляксандр Патраўнаў і Таццяна Хмельнік датуюць іх XVI стагоддзем і мяркуюць, што традыцыя іх вырабу прыйшла на Палессе з Валыні. Пра вынікі даследавання паведамляе тэлеграм-канал BelarusScience са спасылкай на публікацыю навукоўцаў у апошнім нумары расійскага часопіса “Клио”.
Фота: https://t.me/BelarusScience
Тураўскія каменныя крыжы традыцыйна звязвалі з X–XIII стагоддзямі. Аднак аўтары новага даследавання звярнулі ўвагу, што слядоў выкарыстання матэрыялу, з якога яны зробленыя — так званага “шэрага граніту”, — у Тураве і яго наваколлі ў гэты перыяд не выяўлена. Паводле даследчыкаў, зыходны камень мог паходзіць з раёна ракі Случ — правага прытоку Гарыні. Гэта тэрыторыя сучаснай Украіны.
Навукоўцы прапануюць значна пазнейшую дату вырабу тураўскіх крыжоў — XVI стагоддзе, арыенціровачна паміж 1518 і 1582 гадамі. Менавіта ў гэты перыяд Тураў знаходзіўся пад кантролем роду князёў Астрожскіх. Князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі валодаў таксама землямі на Валыні, у тым ліку Астрогам і яго наваколлем.
Даследчыкі мяркуюць, што падобныя каменныя крыжы маглі вырабляцца на Валыні, адкуль разам з матэрыялам адпаведная традыцыя трапіла на Палессе. Атрыманыя звесткі, паводле аўтараў, дазваляюць гаварыць пра магчымы кірунак распаўсюджання традыцыі каменных крыжоў з Валыні на Палессе.
Канчаткова пацвердзіць паходжанне каменю пакуль не атрымалася. Навукоўцы адзначаюць, што праз сучасныя абставіны не змаглі адабраць узоры ў найбольш верагодных месцах здабычы матэрыялу на тэрыторыі Украіны.
Такім чынам, калі прапанаваная даследчыкамі дата пацвердзіцца, гісторыю тураўскіх крыжоў давядзецца істотна перагледзець: замест часоў ранняга Тураўскага княства іх з’яўленне можа быць звязана ўжо з эпохай Вялікага Княства Літоўскага і Астрожскіх.
Тураўскія крыжы — адна з найбольш вядомых хрысціянскіх святыняў Палесся, якія традыцыйна датуюць XII стагоддзем. Больш за дзесяць такіх каменных крыжоў вядома ў Тураве і навакольных вёсках — Пагосце, Хлупіне, Перарове, Верасніцы, Аздамічах ды іншых. Некаторыя з іх дагэтуль застаюцца аб’ектамі рэлігійнага ўшанавання: над крыжамі будавалі капліцы, да іх ладзілі хрэсныя хады, прыносілі ахвяраванні. Найбольш вядомы двухметровы Святы Тураўскі крыж з Пагоста, які пасля перадачы ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей па просьбе мясцовых жыхароў вярнулі ў вёску. З крыжамі звязаны і шматлікія паданні, у тым ліку легенда, што яны нібыта прыплылі з Кіева па Дняпры і Прыпяці. Новая датоўка XVI стагоддзем істотна змяняе звыклае ўяўленне пра іх паходжанне.