Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя

Верхні пешаходны мост праз Лебядзіную сажалку ў гомельскім палацава-паркавым ансамблі закрыюць на капітальны рамонт. Падрыхтоўчыя працы мусяць пачацца 28 верасня, а з 30 верасня пераход будзе недаступны для пешаходаў.

Рамонт плануюць завяршыць да 30 снежня. Падрадчыкам стала ТАА “Аванбек-строй”. Паводле інфармацыі, апублікаванай мясцовымі выданнямі, рабочыя ўзмоцняць апоры, заменяць крайнія бетонныя апоры і моставае палатно, адрамантуюць стойкі, рамныя фермы, парэнчы і вадасцёкі. Насціл застанецца драўляным: для яго абяцаюць выкарыстаць драўніну лісцевых парод.

На час работ трапіць на другі бок Лебядзінай сажалкі можна будзе ў абыход — праз вуліцу Пралетарскую або па Замкавым спуску і набярэжнай. Земляныя працы мусяць праводзіцца пад наглядам археолагаў.

Гаворка ідзе пра так званы верхні мост — амаль 80-метровую шасціпралётную канструкцыю, якая злучае дзве часткі парку. Яе пабудавалі ў 1890-я гады па замове ўладальніка гомельскага маёнтка Фёдара Паскевіча.  Металічныя часткі канструкцыі злучалі заклёпкамі — перадавой для канца ХІХ стагоддзя тэхналогіяй, якая добра вытрымлівала ўдары і вібрацыю. Той самы прынцып ужывалі ў Парыжы пры будаўніцтве Эйфелевай вежы, завершанай у 1889 годзе: яе канструкцыю змацавалі 2,5 мільёна заклёпак. Гомельскі мост, вядома, не з’яўляецца “малой Эйфелевай вежай”, але ён належыць да той самай эпохі металу, інжынернай смеласці і заклёпаных ферм.

Стан моста ўжо даўно выклікаў пытанні. Летась жыхары скардзіліся, што дошкі насцілу месцамі струхнелі і небяспечна прагіналіся пад нагамі. Паводле дакументацыі папярэдніх закупак, эксперты выявілі карозію значнай часткі металічных пралётаў, а апорная здольнасць пліты не дазваляла нармальна ўспрымаць пешаходную нагрузку.

Рамонт абяцалі пачаць яшчэ 1 снежня 2025 года і скончыць да канца сакавіка 2026-га. Тады на работы планавалі накіраваць каля 990 тысяч рублёў — больш за 320 тысяч долараў паводле тагачаснага курсу. Але закупка не адбылася: падрадчыка не знайшлі. У траўні 2026 года абвясцілі новую працэдуру, павялічыўшы ліміт да 1,069 мільёна рублёў. Аднак і тады старт пераносілі. Такім чынам, мост гадамі не маглі давесці да капітальнага рамонту. Дакладная сума ранейшых бягучых работ у адкрытых крыніцах не публікавалася. Вядома толькі, што драўляны насціл мянялі ў снежні 2013 года, а ў наступныя гады мост таксама закрывалі на бягучы рамонт.

Цяпер улады абяцаюць нарэшце прывесці ў парадак адну з самых пазнавальных канструкцый гомельскага парку. Важна, каб разам з заменай аварыйных элементаў не знікла гістарычная аўтэнтычнасць моста — яго металічныя фермы, заклёпкавая канструкцыя і выгляд, які звязвае Гомель з інжынернай культурай канца ХІХ стагоддзя.

Штодзень

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Пяць гадоў працы і 4 тысячы рублёў доўгу. У Гомелі ў валанцёраў “Лапкі” хочуць забраць маёмасць праз спрэчку з арэндадаўцам