Пяць гадоў працы і 4 тысячы рублёў доўгу. У Гомелі ў валанцёраў “Лапкі” хочуць забраць маёмасць праз спрэчку з арэндадаўцам

Гомельская валанцёрская ініцыятыва “Лапкі” паведаміла ў сацсетках, што ў найбліжэйшыя дні на яе тэрыторыю могуць прыехаць супрацоўнікі органаў прымусовага выканання. Паводле валанцёраў, з іх патрабуюць 4 тысячы рублёў нібыта за неналежную здачу раней арандаванага будынка. Калі суму не выплацяць, выканаўцы могуць забраць каштоўную маёмасць ужо з цяперашняй базы ініцыятывы.

Гаворка ідзе пра памяшканне, якое “Лапкі” арандавалі пяць гадоў. Калі валанцёры знайшлі будынак, ён быў фактычна закінуты: без вокнаў і дзвярэй, з вялікімі дзіркамі ў даху, без электрычнасці і вады. Тэрыторыя была завалена смеццем, зарасла травой вышэй за чалавечы рост, а пні дыяметрам да метра давялося выкарчоўваць экскаватарам. Штомесячная арэнда складала 380 рублёў.

“Знайсці месца ў нашым выпадку вельмі складана, таму мы вырашыліся”, — тлумачаць валанцёры.

За час арэнды яны вывезлі тры КамАЗы смецця, усталявалі вокны і дзверы, заладзілі дах і пакрылі яго руберойдам. Даўжыня будынка складала 25 метраў, таму рамонт даху абышоўся асабліва дорага. Электрычнасць, паводле іх словаў, удалося падключыць толькі праз тры гады пасля пачатку арэнды.

У апошні год арэнды спонсар аплаціў палову дарагога якаснага рамонту даху. Пра пераезд “Лапкі” паведамілі за год — каб уласнік мог знайсці новых арандатараў. Пры гэтым валанцёры з’ехалі за пяць месяцаў да заканчэння дамовы, але заплацілі за ўвесь тэрмін арэнды. Пасля сябе пакінулі адрамантаваны дах, электрычнасць і лічыльнік, набытыя за ахвяраванні падпісчыкаў: валанцёрам растлумачылі, што дэмантаваць іх нельга. Аднак падпісаць акт прыёму-перадачы памяшкання не ўдалося. Па словах “Лапак”, уласнік запатрабаваў прыбраць тэрыторыю да абсалютнай чысціні — “вымываць зямлю”, выносіць усе сучкі, елкі і галінкі. Дакумент не быў падпісаны ні без заўвагаў, ні з пярэчаннямі, хаця бакі доўга абменьваліся лістамі. У выніку, сцвярджаюць валанцёры, праз натарыяльную працэдуру, без разгляду справы ў судзе, ім выставілі доўг у 4 тысячы рублёў. “Шчыра не разумеем — за што?” — пішуць яны.

Цяпер ініцыятыва рыхтуе пазоў і збіраецца ў судзе даказваць, што аб’ект перадалі ў найлепшым стане, чым атрымалі, а дакументы для здачы памяшкання накіроўвалі рэгулярна. Валанцёры лічаць сітуацыю асабліва балючай, бо значная частка зробленага была аплачаная не з прыватнага прыбытку, а з дапамогі донараў і падпісчыкаў.

“Лапкі” — адна з ініцыятыў, якія дапамагаюць жывёлам у Гомелі ў той час, калі ў горадзе не сціхае крытыка жорсткага адлову бадзяжных сабак. Валанцёрам даводзіцца адначасова ратаваць жывёл, шукаць бяспечныя памяшканні, збіраць сродкі на корм і лячэнне — і цяпер яшчэ абараняць сваю маёмасць ад магчымага спагнання праз даўнюю арэндную спрэчку.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Прытулак «Лапкі» для жывёлаў са складаным лёсам пераехаў на новае месца, пакуль што там няма вады і святла 
Чаму гарадскія ўлады маўчаць?
Замест вырашэння праблемы бяздомных жывёлаў вінавацяць…

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя