Улады маўчаць, зоаваланцёры б’юць трывогу і заклікаюць фіксаваць на відэа жорсткі адлоў. На фоне кампаніі па “ўзмацненні адлову” бадзяжных жывёлаў у Гомелі сітуацыя вакол вулічных жывёл становіцца ўсё больш напружанай.
Ілюстрацыя: паблік у Інстаграме lapki_gomel
Новы кіраўнік Гомеля Руслан Пархамовіч правёў першы прыём грамадзянаў. Па звестках уладаў, выслухаў прынамсі дзевяць праблемаў ад гараджанаў. Як вядома, апошнім часам у Гомелі востра стаіць пытанне бадзяжных жывёлаў, зоаактывісты планавалі наведаць гэты прыём, каб падняць праблему. Але ў афіцыйнай справаздачы пра гэта ні слова.
Нагадаем, што у Гомелі працягвае нарастаць абурэнне пасля кампаніі па “ўзмацненні адлову” бадзяжных жывёлаў. На гэтае абурэнне ў сваім стылі “рэагуе” і прызначэнец Лукашэнкі Пархамовіч: забойства не спыняецца, затое праходзіць інфармаванне супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і апаратныя нарады. Цяпер ён заклікае актывізаваць рэгістрацыю жывёлаў.
Што ж абмеркавалі на прыёме
Яўген Мікалаевіч паскардзіўся, што не атрымаў частку зямельнага ўчастка, у доме на вуліцы Ірынінскай кепская вада, трэба разабрацца з устаноўкай летняй пляцоўкі рэстарацыі на вуліцы Камсамольскай, арганізацыя гандлю каля рынка «Давыдаўскі» – пра гэтыя пытанні сказана ў афіцыйнай справаздачы.
Гэта ўсяго толькі чатыры пытанні з названых дзевяці. Што ж здарылася з яшчэ пяццю? Ці было паднятае пытанне з масавым забойствам бадзяжных жывёлаў у горадзе? На сёння вядома толькі, што зоактывісты заклікалі прыйсці на гэтую сустрэчу і падняць гэтае пытанне.
Пра што заклікаюць казаць валанцёры і зоаактывісты
Зоаваланцёры і актывісты заклікаюць фіксаваць выпадкі жорсткага адлову і магчымыя парушэнні на відэа і накіроўваць матэрыялы ў адпаведныя службы або валанцёрскія ініцыятывы. У сацсетках распаўсюджваюцца відэа з сабакам, якога знайшлі падлеткі: з яго цела тырчаў дроцік, было выбітае вока.
“Тое, што адбываецца з бяздомнымі жывёламі ў Гомелі, інакш як перамогай жорсткасці не назавеш”, – піша В.С.
“Напэўна, дарослыя лічаць, што дзецям лепш знаходзіць целы жывёл, чым спрабаваць вырашыць праблему інакш… А потым мы задаёмся пытаннем: “Адкуль у дзецях столькі жорсткасці?” – адзначае В.К.
“Навошта на дзяржаўным узроўні прымаць закон пра жорсткае абыходжанне з жывёламі, калі сама дзяржава так жорстка абыходзіцца з жывёламі!” – кажа К.
Каментатары нагадваюць, што ў расійскіх Сочы, дзе таксама “зачысцілі” горад перад алімпіядай горад ад бадзяжных сабак, праз год зноў былі тысячы кінутых сабакаў.
Зоаактывісты просяць фіксаваць жорсткі адлоў на тэлефоны, відэа накіроўваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі або перадаць валанцёрам Гомеля:
— Цяпер, як ніколі, нам патрэбна дапамога і падтрымка людзей, якія разумеюць: адлоў — гэта не прытулак, а лаўцы — не выратавальнікі Малібу. Сотні жывёл не даязджаюць да пункта прызначэння, гінучы ў дзікіх мукі ад прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры адстрэле дроцікамі.
Зоактывісты звяртаюць увагу на тое, што мясцовыя паблікі, а таксама дзяржаўныя СМІ распальваюць нянавісць да бадзяжных сабак, асвятляюць праблему аднабакова:
— Вы сутыкаеце лабамі каментатараў і распальваеце грамадскую нянавісць да валанцёраў і простых аматараў жывёлаў! Чаму ж вы маўчыце пра тое, што ў вобласці адны “дзеці” напрыканцы красавіка пакалечылі сабаку палкай з цвікамі (яго давялося везці на аперацыю ў Гомель) .
Валанцёры просяць напісаць пра забойствы жывёлаў і сумняюцца, што гэтая тэма будзе паднятая. І пры гэтым пішуць, што “зрабіць нічога немагчыма”, прызнаваючы, што гарадскія ўлады не прыслухоўваюцца да меркавання жыхароў.
Сітуацыя абвастраецца
На фоне адсутнасці адкрытай камунікацыі паміж уладамі і грамадствам канфлікт вакол адлову бадзяжных жывёл у Гомелі працягвае абвастрацца.Валанцёры папярэджваюць, што без сістэмнага падыходу праблема можа толькі ўзмацняцца. Ахвярамі распальвання нянавісці ў такой сітуацыі могуць стаіць не толькі жывёлы, але і людзі.
Штодзень