У Гомелі звярнулі ўвагу на дзіўную трансфармацыю вядомага тэатральнага фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Фэст, які дзесяцігоддзямі пазіцыянаваўся як міжнародны форум тэатраў Беларусі, Украіны і Расіі, у афіцыйных паведамленнях раптам пачалі называць “рэгіянальным”. Для многіх гэта выглядае не выпадковай блытанінай, а вельмі сімвалічнай зменай.
Калаж: “Штодзень”
Сёлета ў гомельскай частцы фестывалю ўдзельнічалі пераважна тэатры з Беларусі і Расіі. Украіны, якая была адным з сузаснавальнікаў форуму, ужо даўно няма. Раней у фестывалі ўдзельнічалі таксама калектывы з Малдовы, Казахстана, Польшчы і іншых краін, але цяпер геаграфія істотна звузілася. Пры гэтым паралельны фестываль у Бранску працягваюць называць менавіта “міжнародным”.
Гомельскія акцёры і людзі з тэатральнага асяроддзя адрэагавалі на гэта з іроніяй і разгубленасцю. Адзін з суразмоўцаў “Штодня” на ўмовах ананімнасці адзначыў:
“Паглядзіце, якія смешныя намінацыі. І фестываль ужо не міжнародны, а рэгіянальны! На старонцы Facebook ёсць пост пра гэты ж фестываль, і ён там пазначаецца як міжнародны, а тут – “рэгіянальны”. Але гэта не падобна на блытаніну. Бо назва “рэгіянальны” не характэрная для беларускіх тэатраў. У нас звычайна кажуць ‘абласны’. Такое ўражанне, што гэта ўжо нейкая расійская тэрміналогія. Можа, мы ўжо і праўда рэгіён Расіі, проста яшчэ не ведаем пра гэта”.
Суразмоўца таксама звяртае ўвагу, што без Украіны сам фестываль фактычна страціў сваю першапачатковую канцэпцыю.
І сапраўды, гісторыя “Славянскіх тэатральных сустрэч” вельмі паказальная. Фестываль быў створаны яшчэ ў 1989 годзе як супольны культурны праект Бранска, Гомеля і Чарнігава. Яго заснавалі кіраўнікі трох памежных тэатраў — расійскага, беларускага і ўкраінскага.
Доўгія гады форум быў сімвалам супольнай культурнай прасторы памежжа. У ім удзельнічалі тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы і іншых краін. Нават пасля 2014 года ўкраінскія калектывы яшчэ нейкі час працягвалі прыязджаць у Бранск і Гомель. Але пасля 2018 года ўдзел Украіны фактычна спыніўся. А пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну канцэпцыя “славянскага адзінства” канчаткова развалілася.