У цэнтры Гомеля спрабуюць прадаць права арэнды ўчастка на вуліцы Савецкай, 69 — побач з кандытарскай фабрыкай “Спартак”. На тэрыторыі стаіць аварыйны двухпавярховы дом 1949 года пабудовы, які будучаму інвестару давядзецца знесці за свой кошт. Аўкцыён прызначаны на 29 кастрычніка.
Фота: Яндэкс
Плошча ўчастка складае 0,3730 гектара. Пачатковы кошт права арэнды — 15 510,74 рубля, яшчэ 12 085 рублёў каштавала падрыхтоўка дакументацыі. Аднак асноўныя выдаткі для патэнцыйнага пакупніка пачнуцца пазней: знос дома папярэдне ацэньваюць больш як у 1,5 мільёна рублёў.
Улады дазваляюць выкарыстоўваць вызваленую тэрыторыю даволі шырока: тут можа з’явіцца гандлёвы цэнтр, гатэль, рэстаран, банк, спартыўны ці офісны аб’ект. Менавіта такая нявызначанасць выклікае пытанні ў гарадскіх актывістаў і ўрбаністаў.
Гомельскі ўрбаніст, да якога “Штодзень” звярнуўся па каментар, адзначае, што сам будынак, наколькі вядома, не мае выключнай гістарычнай каштоўнасці. Аднак ягоныя жыхары шмат гадоў заставаліся ў “падвешаным стане”: гарадскія ўлады, верагодна, разумелі перспектыву зносу і не спяшаліся ўкладацца ў капітальны ці бягучы рамонт.
“Што там пабудуюць — нам не вядома. І гэта раскрывае адну праблему, якая існуе ў Гомелі: не самая лепшая камунікацыя паміж гарадскімі ўладамі і бізнесоўцамі, якія збіраюцца змяняць воблік, краявід нашага горада”, — кажа ён.
Паводле суразмоўцы “Штодня”, пра планы забудовы гамяльчане часта даведваюцца ўжо на позняй стадыі. Пры гэтым праекты могуць не раз перарабляцца: “Планавалі адно, у выніку збудавалі другое. Добра, калі наогул дабудавалі і будоўля не падвісла ў паветры”.
Урбаніст лічыць, што на важным месцы каля цэнтра горада і побач з універсітэтам хацелася б убачыць не ізаляваны офісны ці банкаўскі будынак, а адкрытую для людзей прастору — з кавярнямі, рэстаранчыкамі і функцыямі, якімі маглі б карыстацца студэнты і жыхары. “У нас такіх месцаў бракуе”, — падкрэслівае ён.
У якасці негатыўнага прыкладу суразмоўца згадвае банкаўскі будынак, узведзены каля дзесяці гадоў таму непадалёк ад гэтай лакацыі. “Вось чарговая мёртвая кропка”, — ацэньвае ён вынік.
Асобнае пытанне — архітэктурны выгляд новага аб’екта. У Гомелі, кажа ўрбаніст, не заўсёды працуе выразнае рэгуляванне забудовы: новы будынак можа не ўпісвацца ў існы краявід і занадта рэзка вылучацца на фоне навакольнай забудовы.
Аўкцыён адбудзецца 29 кастрычніка а 14:30 ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама на Пралетарскай, 18. Каб таргі адбыліся, патрэбныя як мінімум два ўдзельнікі. Калі заявіцца толькі адзін прэтэндэнт, права будаўніцтва могуць перадаць яму па пачатковым кошце, павялічаным на 5 працэнтаў.