Навіна пра тое, што Міністэрства інфармацыі Беларусі прызнала “экстрэмісцкай” Facebook-старонку памерлага рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка, шакавала яго сяброў і знаёмых. Алега не стала яшчэ ў 2021 годзе, але нават пасля смерці ўлады вырашылі ўнесці ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” ягоны акаўнт у сацсетцы.
Леанід Судаленка, які шмат гадоў ведаў Алега Шабетніка, пасля гэтай навіны напісаў яго сыну і падзяліўся ўспамінамі пра сябра:
“Я, дарэчы, сёння напісаў сыну Алега Шабетніка. Папрасіў прабачэння за тое, што так доўга не выходзіў на сувязь. Напісаў яму і пра тое, як Алег мяне падтрымліваў, калі мяне затрымалі. Ён не толькі мне асабіста грошы пералічваў, але і дапамагаў маёй сям’і, у тым ліку матэрыяльна, у самыя цяжкія першыя месяцы.
Яшчэ за тры дні да яго смерці, восенню 2021 года, здаецца ў кастрычніку, я напісаў яму ліст з гомельскага СІЗА. Напісаў: “Алег, пасля вызвалення Рэчыца будзе першым горадам, куды я паеду. Прыеду да цябе на шашлыкі, так што рыхтуй мяса”. Вось так пажартаваў… А праз тры дні даведаўся, што Алега не стала.
Тады я паабяцаў сабе, што калі выйду, абавязкова прыеду да яго на магілу і пакладу вянок памяці. Але потым былі ўцёкі, новая крымінальная справа — і я гэтага так і не зрабіў.
Сёння я зноў напісаў яго сыну ў Telegram і сказаў, што абавязкова выканаю тое, што абяцаў. Абавязкова прыеду і пакладу Алегу на магілу вянок памяці.
Для мяне Алег Шабетнік быў чалавекам сумлення, вельмі добрым чалавекам. Ён дапамог многім. Наколькі я ведаю, у Рэчыцы яго памяталі менавіта такім — неабыякавым да чужой бяды.
Я добра памятаю гісторыю аднаго хлопца-сіроты. З яго спрабавалі спагнаць грошы за навучанне. Менавіта Алег прывёз гэтага хлопца да нас у офіс, і мы разам узяліся за справу. У выніку мы дамагліся, каб сірату вызвалілі ад гэтай выплаты. Хлопец пасля скончыў вучобу ў Калінкавічах, а з яго хацелі фактычна спагнаць апошняе. Алег ніколі не праходзіў міма такіх гісторый.
Для яго справядлівасць не была пустым словам. Ён сапраўды не мог заставацца абыякавым. І ў мяне пра яго засталася толькі светлая памяць.”
Алег Шабетнік памёр у 2021 годзе ў разгар эпідэміі каранавірусу. Ён хварэў каля дзесяці дзён, апошнія два дні правёў у рэанімацыі. Яму было ўсяго 55 гадоў. Ён быў кіраўніком Гомельскага абласнога аддзялення грамадзянскай кампаніі Гавары праўду, сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, удзельнічаў у выбарчых кампаніях, займаўся грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю. За сваю актыўнасць неаднаразова затрымліваўся і атрымліваў штрафы.
Рэчыцкі актывіст Алег Шабетнік, чый Facebook-акаўнт Мінінфарм Беларусі прызнаў “экстрэмісцкім” праз пяць гадоў пасля яго смерці.
8 траўня 2026 года Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла яго Facebook-акаўнт у “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Так беларускія ўлады фактычна прызналі “экстрэмісцкай” старонку чалавека, якога няма ў жывых ужо пяць гадоў.
Чытаць па тэме:
Мінінфарм прызнаў “экстрэмісцкім” Facebook памерлага
“Я – выжыўшы сведка, таму яны мяне баяцца”. Леанід Судаленка пракаментаваў Штодню сваю “завочную крымінальную справу”