Вучоная-эколаг і ўрбаніст з Альянсу “Зялёная Беларусь” Ганна Скрыган у эфіры “Еўрарадыё” патлумачыла сітуацыю на БелАЭС, чаму будаўніцтва ядзернага магільніка ў Хойніцкім раёне больш небяспечнае, чым у іншых раёнах і як праз БелАЭС Беларусь павялічыла сваю залежнасць ад Расіі.
“Штодзень” сабраў самае важнае з гэтага эфіру.
Ганна Скрыган. Фота: ПЦ Вясна
Чаму спыняюць БелАЭС на рамонт? “Ніхто не ведае, што там адбываецца”
“Кіраванне ядзернай энергетыкай, увогуле кіраванне ў Беларусі, яно непразрыстае. І вось гэтая стандартная фармулёўка, што рэактар быў спынены для планавых работ, радыяцыйны фон знаходзіцца ў норме, яна ўжо для нас гучыць як адпіска. Гэта стандартная фармулёўка, што “рэактар быў спынены для планавых работ, радыяцыйны фон у норме», для нас гучыць як адгаворка, за якой ніхто не ведае, што насамрэч адбываецца. То бок гэтая фармулёўка можа пакрываць цэлы пласт сітуацый: ад рэальнага прафілактычнага рамонту, ад рэальнай прафілактычнага прыпынення — да сур’ёзнай пазаштатнай сітуацыі”.
“Калі адказваць коратка і дакладна на пытанне, ніхто не ведае, што там насамрэч адбываецца”.
Пляцоўка ў Хойніцкім раёне для магільніка ядзерных адыходаў: “Палессе — гэта адна з самых тэктанічна актыўных тэрыторый Беларусі”
“Што мяне як эксперта насцярожвае ў рашэнні ў Хойніках: хоць я разумею, што любая такая пляцоўка праходзіць крытэрыі адбору па МАГАТЭ, але ўсе мы ведаем, што Палессе — гэта адна з самых тэктанічна актыўных тэрыторый Беларусі. Хоць у цэлым у тэктанічных адносінах тэрыторыя спакойная, мы ляжым на межах вельмі ўстойлівай платформы, але якраз у Палессі праходзяць разломы. Дзякуючы ўсім гэтым актыўным працэсам мы маем там запасы калійных соляў і невялікія запасы нафты, якімі б яны нам ні здаваліся малымі. Гэтая тэрыторыя актыўная. А галоўнае, што яна складзеная рыхлымі пародамі, то бок пясчанымі. І праз тое, што гэта плоская нізіна, узровень грунтовых вод ляжыць дастаткова блізка да паверхні. То бок нават калі па крытэрыях адбору пляцовак МАГАТЭ гэтая пляцоўка праходзіць, усё ж такі нейкі фактар рызыкі тут вышэйшы, чым, скажам, на другой пляцоўцы Мсціслаўскага раёна, якая была выбраная.
Ну і плюс, мне здаецца, усё ж такі гэта раён адзін з самых пацярпелых на тэрыторыі Беларусі. І нават з улікам размяшчэння на такой незаселенай тэрыторыі, на тэрыторыі адчужэння, гэта ўсё роўна вельмі псіхалагічна цяжкая і негатыўная канатацыя не толькі для мясцовых жыхароў, але і для тых, хто ўвогуле памятае, што здарылася 40 гадоў таму”.
Мадэль “будуй, валодай, эксплуатуй” ад “Росатома”
“Так, гэта залежнасць — тэхналагічная, эканамічная і палітычная. А сапраўды, можна нават паапладзіраваць гэтай схеме «будуй, валодай, эксплуатуй», якая рэалізавана «Росатамам». Менавіта яна дазваляе так распаўсюджваць тэхналогіі «Росатома» па ўсім свеце і прыцягваць кліентаў для будаўніцтва атамных электрастанцый. Сутнасць у тым, што «Росатам» не толькі дае тэхналогію, але і дае крэдыт, і сваіх экспертаў. І зноў жа Беларусь — паказальны прыклад таго, як гэтая тэхналогія працуе. Расійская станцыя была выбраная якраз па той прычыне, што Беларусі быў дадзены крэдыт у памеры 10 мільярдаў”.
“Калі кампанія дае такі спектр магчымасцей — тэхналогіі, грошы, спецыялістаў, — то нешта за гэтым, вядома, хаваецца. Яны не могуць працаваць стратна. І, адпаведна, ёсць цэлы пералік дамоўленасцей, якія не з’яўляюцца публічнымі або адкрытымі, але якія дазваляюць «Росатаму» ўсё ж атрымліваць той прыбытак, дзеля якога любая камерцыйная кампанія працуе. І вось менавіта тое, што схавана за дэклараванымі палажэннямі і пагадненнямі, і з’яўляецца тым кручком, які павялічвае нашу залежнасць. Беларусь — мы бачым, як атрымалася: мы фактычна адну газавую іголку і адну нафтавую памянялі на тры — нафтавую, газавую і ядзерную, але ўсе тыя ж расійскія.
То бок трэба прызнаць, што будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі зусім не павялічыла ні нашу энергетычную бяспеку, ні нашу энергетычную незалежнасць, таму што мы па-ранейшаму цалкам завязаныя на расійскія тэхналогіі або на расійскія рэсурсы”.
Чытаць па тэме:
«Падарунак» дзясяткам пакаленняў: як Беларусь будзе захоўваць ядзерныя адходы са сваёй АЭС
Чарнобыль на фоне вайны: што цяпер адбываецца ў зоне
Юрый Варонежцаў: праўда пра Чарнобыль і кампенсацыі
Ці бяспечна глядзець на саркафаг ЧАЭС?
Як Індыя прымала дзяцей з Гомельшчыны пасля катастрофы