“Бессмяротны полк” як сімвал расійскага культу Перамогі

Сёлета ў чарговы раз у межах агульнага святкавання Дня перамогі ў Гомелі пройдзе і прарасійская прапагандысцкая акцыя “Бессмяротны полк”, які кожны год арганізуе мясцовы “Рускі дом”.

“Штодзень” паразмаўляў са старэйшым аналітыкам Media IQ Паўлюком Быкоўскім, чаму забаронены раней “Бессмяротны полк” атрымаў легалізацыю і падтрымку ва ўладаў у Беларусі.

Паўлюк Быкоўскі

Эксперт лічыць, што гомельскае святкаванне 9 мая трэба разглядаць не як ізаляваную гарадскую гісторыю, а як паказальны выпадак таго, як у Беларусі змяніўся сам ідэалагічны рэжым працы з памяццю пра Другую сусветную вайну.

Паводле яго, па ўсёй краіне Дзень Перамогі застаецца адным з галоўных дзяржаўных рытуалаў.

“Улады выкарыстоўваюць дату як спосаб для кансалідацыі грамадства вакол патрэбнай ёй карціны свету: дзяржава — захавальніца памяці, Лукашэнка — гарант міру і стабільнасці, апаненты — тыя, хто нібыта здраджвае гэтай памяці, пагражае стабільнасці і самому існаванню Беларусі. У гэтым сэнсе 9 мая працуе як своеасаблівы “сацыяльны клей”: праз шэсці, ускладанні кветак, школьныя ўрокі, удзел працоўных калектываў, праўладных арганізацый і дзяржаўных СМІ людзей уцягваюць у адзін і той жа рытуал лаяльнасці”, – лічыць эксперт.

Гомель, на думку Быкоўскага, у гэтым шэрагу вылучаецца не абавязкова маштабам святкавання — няма дастатковых звестак, каб сцвярджаць, што ў Гомелі “культ Перамогі” мацнейшы, чым у Мінску, Віцебску ці Магілёве – але “ў Гомелі больш выразна бачная расійская інстытуцыйная прысутнасць”.

Кіраўнік рускага дому Маржухін на адным з папярэдніх шэсцяў “Бессмяротнага палка” ў Гомелі.

“Калі “Бесссмяротны полк” адкрыта арганізуецца або каардынуецца мясцовым “Рускім домам”, гэта ўжо не лакальная ініцыятыва памяці і не гарадская ўрачыстасць. Гэта выхад расійскай гуманітарна-палітычнай структуры ў сферу сімвалаў, якімі аперыруе рэжым Лукашэнкі”, — перакананы Быкоўскі.

Пры гэтым эксперт падкрэслівае, што не варта спрашчаць сітуацыю да формулы “ўсё гэта Масква навязала Мінску”. Беларускія ўлады самі даўно будуюць уласны дзяржаўны культ Перамогі. Ён ім патрэбны для ўнутранай легітымацыі, для кантролю над гістарычнай памяццю і для палітычнага падзелу грамадства на “правільных” і “няправільных”, „патрыётаў” і „калабарантаў”. Таму ў Беларусі Дзень Перамогі — гэта важная частка беларускай дзяржаўнай ідэалогіі.

Быкоўскі тлумачыць, што для разумення гэтага працэсу важна памятаць, як мяняліся адносіны беларускай і расійскай прапаганды. Да 2020 года паміж імі былі не толькі супадзенні, але і канфлікты. Афіцыйны Мінск дазваляў шырокую прысутнасць расійскага кантэнту ў Беларусі, але імкнуўся трымаць яго пад кантролем. Расійскія тэлеканалы і гібрыдныя беларуска-расійскія вяшчальнікі маглі быць карыснымі для рэжыму, аднак беларускія ўлады адсякалі тое, што выглядала небяспечным для асабістага іміджу Лукашэнкі або для кантролю над унутранай прасторай. Пасля 2020 года сітуацыя змянілася: пасля пратэстаў, рэпрэсій і міжнароднай ізаляцыі Мінск адмовіўся ад ранейшай шматвектарнасці, а беларуская і расійская прапаганды сінхранізаваліся ў антызаходняй рыторыцы.

У 2014 у Гомелі на акцыі “Несмяротны полк” неслі фотапартрэт Сталіна

Менавіта гэта, паводле Быкоўскага, і ёсць ключ да разумення таго, чаму “Бессмяротныя палкі” цяпер могуць праходзіць у Беларусі значна больш вольна, чым раней: “Ідэалагічны свет рэжыму стаў іншым. Раней Лукашэнка спрабаваў паказваць, што Беларусь — саюзнік Расіі, але ўсё ж асобная дзяржава са сваімі сімваламі, сваёй версіяй памяці і сваім правам кантраляваць савецкую спадчыну. Гэта была логіка суверэнісцкага аўтарытарызму: “мы з Расіяй, але мы не Расія”. Пасля 2020 года, а асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, гэтая логіка моцна аслабла. Рэжыму стала важней дэманстраваць адзінства з Расіяй у агульным антызаходнім і савецка-мілітарысцкім фронце, чым падкрэсліваць асобнасць беларускай дзяржаўнай памяці”.

“У гэтай логіцы змяніўся і статус сімвалаў. “Яблыневая кветка”, якая павінна была стаць беларускім заменнікам расійскай георгіеўскай стужкі, была сімвалам ранейшага перыяду. Яна паказвала: Беларусь нібыта мае ўласны дзяржаўны код памяці пра вайну, не забараняе расійскія сімвалы, але і не цалкам раствараецца ў іх. Гэта быў не столькі народны сімвал, колькі бюракратычна прыдуманы знак суверэннага манеўру. Ён быў патрэбны, калі Лукашэнка мог і хацеў гуляць у дыстанцыю: не сварыцца з Масквой адкрыта, але і не аддаваць ёй усё сімвалічнае поле”, – кажа эксперт.

Цяпер, лічыць Быкоўскі, палітычная патрэба ў “яблыневай кветцы” зменшылася: “Яна не мае такой эмацыйнай і прапагандысцкай сілы, як георгіеўская стужка або “Бессмертный полк”. Яна не стала масавым міфам, не стала рытуалам, які людзі пазнаюць без тлумачэнняў. А галоўнае — яна больш не адпавядае новай ідэалагічнай канфігурацыі рэжыму. Калі раней асобная беларуская сімволіка Дня Перамогі была карысная для дэманстрацыі суверэнітэту, то цяпер такая асобнасць менш патрэбная. Улада ўсё часцей карыстаецца агульным савецка-расійскім наборам сімвалаў, бо ён лепш працуе для антызаходняй мабілізацыі і для апраўдання саюзу з Расіяй”.

Паводле Быкоўскага, гэта не азначае, што беларускі рэжым цалкам адмовіўся ад уласнага кантролю: “Лукашэнка па-ранейшаму хоча выглядаць галоўным распарадчыкам беларускай дзяржаўнасці і галоўным гарантам суверэнітэту, нават калі гэты суверэнітэт паступова звужаецца. Таму паміж беларускімі ўладамі і расійскімі структурамі могуць узнікаць лакальныя напружанні. Беларускі рэжым не супраць савецкай сімволікі як такой, але ён не хоча, каб сімвалічнай прасторай у Беларусі распараджаліся без яго. У гэтым і заключаецца супярэчнасць: Мінск дазваляе “рускаму свету” ўваходзіць у беларускія рытуалы, але імкнецца пакідаць за сабой апошняе слова”.

Гомельскі выпадак, на думку Быкоўскага, паказвае менавіта такую гібрыдную сітуацыю. З аднаго боку, гэта беларускі дзяржаўны рытуал, у якім удзельнічаюць школы, прадпрыемствы, чыноўнікі, праўладныя арганізацыі і мясцовыя ўлады. З другога – прысутнасць “Рускага дома” і фармат “Бессмяротнага полка” дадаюць яму выразнае прарасійскае афарбаванне.

У выніку, паводле эксперта, галоўная змена адбылася не толькі ў наборы сімвалаў, а ў самой ідэалагічнай архітэктуры рэжыму. Раней яна будавалася вакол формулы: Беларусь — асобная дзяржава, якая захавала савецкую спадчыну і нібыта абараняе стабільнасць. Цяпер гэтая формула ўсё больш іншая: Беларусь — частка агульнага з Расіяй фронту супраць Захаду, спадкаемца савецкай Перамогі і ўдзельнік барацьбы з “новым фашызмам”, як гэта падае прапаганда. У першай формуле “яблыневая кветка” мела сэнс, у другой – яе лёгка выціскаюць георгіеўская стужка, “Бессмяротны полк” і іншыя элементы расійскага культу Перамогі.

Штодзень

Чытаць па тэме:
9 траўня ў Гомелі: “Бессмертный полк” і прымус бюджэтнікаў
Як расейская агентура падпарадкавала сабе Гомель
У Гомелі на акцыі “Несмяротны полк”, арганізаванай прарасейскімі сіламі ў Дзень Перамогі, неслі фотапартрэт Сталіна

 

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”