Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

У Гімалаях на мяжы Непала і Тыбету прыродная катастрофа: абвалілася частка ледавіка, у выніку сышоў магутны паток вады, гразі і камянёў. Ён знішчыў вёскі, дарогі і масты; сотні людзей загінулі, больш за тысячу лічацца зніклымі. Непал падаецца далёкай краінай, але і там былі гамельчане. “Штодзень” паразмаўляў з гомельскай журналісткай і былой палітзняволенай Ларысай Шчыраковай, якая была ў горным паходзе ў гэтай краіне яшчэ да зняволення.

 

 

– Якія былі першыя ўражанні, калі ты прыляцела ў Непал?

— Я два разы была ў Непале. Уражанні былі такія, што нават цяжка словамі апісаць, таму што гэта былі першыя горы ў маім жыцці — 8-тысячнікі Гімалаяў. І таму я была перасычаная ўсялякімі эстэтычнымі задавальненнямі, бо там вельмі шмат краявідаў. Ты падымаешся, пачынаеш з адной кліматычнай зоны, з аднаго кліматычнага пояса — субтрапічны, трапічны клімат, — і ўсё вышэй і вышэй падымаешся. Адпаведна, кліматычныя зоны мяняюцца і краявіды мяняюцца. Увесь час гэта адбываецца на працягу дзесяці дзён ці тыдня. Адна паездка была на сем дзён — гэта быў горны паход, другая – на дзесяць дзён. І гэтая перасычанасць усімі гэтымі краявідамі — з аднаго боку, а з другога боку, ты пераасэнсоўваеш сваё жыццё, свае каштоўнасці. Ты маеш магчымасць знаходзіцца за некалькі тысяч кіламетраў ад дома і ў атачэнні гэтых велічных, высачэзных гор, проста інакш паглядзець на сваё жыццё, на свае ўчынкі, думкі, каштоўнасці, усё гэта пераасэнсаваць, збоку паглядзець на ўсё і супакоіцца. Таму што горы маюць такую ўласцівасць — яны вельмі добра супакойваюць. Яны як бы паказваюць, што рэальна, што сапраўднае, за што трэба трымацца, а што такое наноснае, маментальнае і не вартае таго, каб пераймацца.

Горы заўсёды настройвалі мяне ў Гімалаях на філасофскі лад: на развагі, рэфлексію, аналіз уласнага жыцця. І таму за гэта я таксама ім вельмі ўдзячная. Я вельмі-вельмі хачу вярнуцца туды, таму што гэта незабыўнае ўражанне. Непал і Гімалаі не могуць надакучыць: яны ўвесь час розныя і проста маняць, як магнітам. Я ўвесь час узгадваю гэтыя краявіды.

— А чым адрознівалася першае падарожжа ад другога?

— Першае падарожжа мы планавалі як маленькая група, якую збіраў і арганізоўваў фатограф і вандроўнік з Гомеля. Нас было дзесяць чалавек. Спачатку ён сказаў, што гэта будзе цалкам падарожжа па гарадах і весях, што называецца, — паглядзім цывілізацыю, храмы, індуізм і ўсё астатняе. Але потым мы перайгралі план, і ён сказаў, што шэсць дзён будзе цывілізацыя і культура, а шэсць дзён — горы. Я вельмі засмуцілася, таму што падумала: “Ой, не, горы не хачу, гэта нешта такое нуднае, нецікавае”. Я была засмучаная, але потым, калі вандроўка ўжо скончылася, зразумела, што самае моцнае ўражанне зрабілі не цывілізацыя, не індуізм, не храмы і не культура, а менавіта прырода. Цывілізацыі вельмі далёка да прыроды ў плане ўражанняў.

Другі раз мы ўжо мэтанакіравана ехалі ў горны паход. Першы раз гэта быў паход у даліну Лангтанг, а другі — вакол гары Манаслу. Адзін маршрут быў радыяльны — мы вярталіся той самай дарогай, — а другі быў колавы, гэта значыць, мы абышлі гару. Максімальна я падымалася на вышыню 5200—5400 метраў.

 

— Якія ў цябе былі першыя думкі, калі ты пачула пра гэтую катастрофу, якая адбылася ў Непале?

– Па-першае, я вельмі спачуваю непальцам. Яны рэальна даволі бедна жывуць. Ведаеш, як у прымаўцы: “Былі мы бедныя, а потым нас яшчэ і абакралі”. Людзі і так там выжываюць, таму што іх вельмі шмат: шчыльнасць насельніцтва вялікая. Відаць, працы асабліва няма, эканоміка не надта развітая, і яны рэальна бедныя. А тут яшчэ і такія напасці з імі здараюцца. Я памятаю, што землятрус у іх ужо быў у 2015 годзе, калі вельмі пацярпелі помнікі культуры, а таксама звычайныя дамы. Праз тое, што клімат цёплы, канструкцыі там не вельмі трывалыя, і людзі, натуральна, засталіся без жылля — тады і цяпер. Мне іх неверагодна шкада, таму што людзі вельмі прыязныя, прыветлівыя, сяброўскія, добразычлівыя. Яны дапамогуць без пытанняў. Проста шкада.

Калі там знаходзішся і бачыш гэтую прыроду, асабліва не ў Катманду, а падчас горнага паходу, бачыш гэтыя рэкі, з якой хуткасцю вада праносіцца, гэтыя валуны, камяні і велічэзныя горы, то разумееш, што нават у спакойным стане гэта вельмі небяспечна: камень можа ўпасці на цябе. А калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма. І, канешне, пра гэта ўвесь час думаеш.

Ты адчуваеш сябе вельмі мізэрным, нікчэмным. Ты ніякі не цар прыроды, а проста нешта малазначнае і бездапаможнае ў параўнанні з гэтай моцай і веліччу прыроды.


— Калі б ты хацела вярнуцца туды — каб сітуацыя ў Непале дазваляла і з пункту гледжання асабістай бяспекі ўсё было добра, — што б ты хацела там зрабіць?

— Я хацела б… У мяне быў план — гара Анапурна, вельмі прыгожы горны паход вакол Анапурны. Гэта вельмі папулярны турыстычны маршрут, многія там ходзяць, ёсць некалькі маршрутаў вакол Анапурны. Наогул мяне цікавяць менавіта горныя паходы. Неяк са сталеннем, калі я была маладая, мне падабалася архітэктура, падабаліся гарады і паселішчы, а цяпер мне падабаецца толькі прырода. Менавіта яна мяне найбольш узрушвае і ўражвае.

Штодзень
Фота: з архіву Ларысы Шчыраковай

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”

«Купіце сарочку, я хацела б, каб у вас была ад мяне»: Ларыса Шчыракова атрымала ахвяраванне на папаўненне этна-калекцыі ад нобелеўскага лаўрэата