Гомельская журналістка і былая палітычная зняволеная Ларыса Шчыракова распавяла на сваёй старонцы пра дапамогу ад нобелеўскай лаўрэаткі: «Падчас інтэрв’ю Святлане Алексіевіч я, між іншым, расказала пра свой фотапраект «Этнафотасэты». Спадарыня Святлана нечакана дастала 100 еўра і сказала: «Купіце для вашага праекта прыгожую аўтэнтычную сарочку». Сказана — зроблена. Сёння гэтая цудоўная аўтэнтычная сарочка ўжо папоўніла калекцыю».
Паводле журналісткі, «гэта не проста каштоўнае набыццё, але і вельмі дарагі знак падтрымкі ад Нобелеўскай лаўрэаткі».
“Штодзень” распытаў Ларысу Шчыракову пра яе захапленне і папаўненне калекцыі.
— Распавядзі, калі ласка, падрабязней, што была за размова са Святланай Алексіевіч?
— Святлана – наколькі я зразумела – піша кнігу пра 20-ы год, ці ягоныя наступствы, я ўжо дакладна не ведаю, але яна запрасіла мяне ў Варшаву на інтэрв’ю.
Падчас інтэрв’ю яна спытала ў мяне, чым я зараз займаюся. Я распавяла, што ў мяне ёсць этнапраект і даволі падрабязна сказала пра яго.
Святлана мяне паслухала і дастае гэтую сотку і кажа: «Калі ласка. Я хацела б, каб вы купілі сарочку. Ад мяне грошы на гэтую сарочку».
Я была вельмі-вельмі ўсхваляваная, таму што, у прынцыпе я пра свой фотапраект распавядала мільёнам людзей… не мільёнам, канешне, але ўвесь час пра яго казала, і ніхто мне ніякіх ахвяраванняў, ніякія данаты на яго не прапаноўваў.
А яна так адразу дастала і кажа: «Вось, купіце сарочку, я хацела б, каб у вас была ад мяне». Неяк мяне гэта вельмі кранула.
— А якую сарочку табе атрымалася набыць?
— Я называю такія сарочкі палескімі. Насамрэч яна валынская. Таму што ў мяне няма магчымасці набываць беларускія сарочкі, у нас рынак зусім маленькі. Дзесьці на аўкцыёне, на ay.by, на eBay можна купіць нейкія берасцейскія дзесяць сарочак і ўсё, больш проста нічога нельга купіць, каб у інтэрнэце нейкія аб’явы былі.
Таму адзін са спосабаў для мяне папаўнення калекцыі — гэта карыстацца ўкраінскім рынкам аўтэнтычных рэчаў, таму што ён развіты, там шмат чаго прадаецца, і шмат чаго менавіта палескага.
Гэта кіеўскае Палессе, валынскае Палессе. А я мяркую, што гэта адна этнаграфічная зона, потым там узніклі адміністрацыйныя межы ў 20-м стагоддзі. А ў 19-м там была адна культурная этнаграфічная зона, і адзенне фактычна вельмі-вельмі падобнае.
Таму я купляю на ўсякіх этна-барахолках украінскіх такія палескія рэчы.
— А чым адметная менавіта гэтага кашуля? Чым яна цябе зачапіла?
— Яна, мне падабаецца, хаця, насамрэч, мне больш падабаюцца тканыя рукавы, але гэта вышыты рукаў, і ў мяне ў калекцыі вельмі мала менавіта цалкам вышытых рукавоў.
У мяне ёсць цалкам вышытыя, але гэта цалкам вышытыя балгарскім крыжом, багатыя. То бок, фактычна ў мяне такой няма. І лён такі танюсенькі, вельмі-вельмі тонкі.
— А вядома якога яна часу?
— Яна ад пачатку 20-га стагоддзя, хутчэй за ўсё. Можа быць, 20-я гады, ну так, не стары. Даваенная, думаю, даваенная 100-працэнтная.
— А распавядзі, калі ласка, яшчэ трошачкі пра сваю калекцыю. Што атрымалася з ёй у міграцыі?
— У прынцыпе, я забрала ўсё адзенне аўтэнтычнае, якое ў мяне было, і ручнікі. Пакуль я не планую нічога больш перавозіць, таму што насамрэч няма дзе захоўваць і няма як выкарыстоўваць, няма як гэта паказваць. Адзеннем я абмежавалася, таму што я займаюся этна-фотасэтамі, апранаю сваіх мадэлей.
Адзенне ў мяне пераважна калінкавіцкае, Калінкавіцкі альбо Веткаўскі раён, адна сарочка Буда-Кашалёўская. Адна навогул Чарнігаўская. Я памылкова купіла яе на барахолцы, чамусьці думала, што яна беларуская, а потым стала глядзець чарнігаўскія рэчы і ўбачыла, што там такое, як у мяне. Так я высветліла, што гэта хутчэй за ўсё адтуль.
Сярод мужчынскіх сарочак у мяне ёсць яшчэ так званыя гуцулкі. Гэта мода прыйшла з Заходняй Украіны, але ў Беларусі іх таксама насілі. На іх мода таксама была, і таму я фатаграфую мужчын у тым ліку ў гэтых сарочках.
Строй складаецца з сарочкі, андарака, фартуха, паса і гарсэта (яго можа і не быць) і ўпрыгожанні. Упрыгожанняў аўтэнтычных у мяне няма, пасаў аўтэнтычных таксама і фартухі не захаваліся.
Мне адзін навуковец сказаў ягоную версію, чаму яны не захаваліся: іх вешалі на раздарожжы. Быў такі рытуал, абрад — вешаць ручнікі прыгожыя на раздарожжы ці крыжы – нейкая ахвяра. Магчыма, гэта тое самае актуальна было і для Беларусі.
У мяне дзесяць мужчынскіх сарочак, 20 жаночых, можа быць, 22 ўжо. Фартухоў штук сем. Пасы — ўсе ў мяне сучасныя. Пяць андаракаў: адзін ільняны, чатыры з воўны. Ёсць наміткі, штук пяць, са Століншчыны. Усе ўпрыгожанні не аўтэнтычныя. То бок, гэта ўсё можна, канешне, і ў кватэры размясціць, не такая ўжо і прама гіганцкая калекцыя.
І ручнікі, яны ж таксама не надта аб’ёмныя. Яны мяне тканыя, вышываныя, там у рознай тэхніцы: ёсць крыжыкам вышытыя, ёсць так званыя гладзь, ёсць процяг. Большасць з карункамі вязанымі. Асноўныя колеры — чырвоны, чорны.
Матэрыялы па тэме:
Шчыракова аднавіла этнафотасесіі ў Беластоку
Ларыса Шчыракова – пра неглюбскую традыцыю ткацтва
Як 90-я зрабілі вядомых гомельцаў беларусамі