Ужо пяць год Наста Сасыкбаева, якая прыехала ў польскі Уроцлаў з Гомеля, галоўная арганізатарка беларускай платформы Маршы Роўнасці. “Штодзень” распытаў яе, як яна пачала займацца гэтай справай, што натхняла, а што прымушала сумаваць і ці будзе працягвацца ініцыятыва далей.
– Калі прыйшла ідэя арганізаваць платформу?
– Ідэя арганізаваць платформу прыйшла ў 21-м годзе, калі я папросту на свае вочы пабачыла гэты велізарны прайд. Я была так моцна ўражаная, я ўвогуле гэта першы раз у сваім жыцці бачыла.
Толькі помню, што я тады ўключыла прамую трансляцыю ў Тэлеграме і бачыла, як у той час, калі ішла гэтая трансляцыя, людзі ад мяне, якія засталіся ў Беларусі, адпісваліся. Канешне, гэта было моцна небяспечна для іх, але я ў той момант пра гэта не падумала, таму што захлынулі эмоцыі.
І пакуль я здымала на гэтым прайдзе, я пабачыла адну сваю знаёмую, з якой мы пасля сталі моцна супрацоўнічаць. Гэта спадарыня Аня Кавальчык-Дэрленга з Камітэта абароны дэмакратыі. Яна мяне пазнала, а раней мы сустракаліся на мерапрыемстве, якое было прысвечана барацьбе з катаваннямі.
А я, толькі прыехаўшы нядаўна з Беларусі, вельмі сціпленька расказвала пра тое, што адбываецца ў нас. Яе гэта так моцна ўразіла, але мы не абмяняліся кантактамі. І прайшло некалькі месяцаў, здарыўся гэты прайд, яна пабачыла мяне там, як я стаю, развінуўшы зяпу, усё гэта здымаю.
І тады мы закантачыліся з ёй, пасля сустрэліся і вельмі доўга размаўлялі. І ў гэтай размове нарадзілася ідэя зрабіць беларускую платформу. Ганна на прапанавала сваю дапамогу і падтрымку, і мы гэта зрабілі.
– Чаму гэта падалося важным?
– Гэта важна было заўжды. Я сама квір-персона і разумею, як гэта цяжка пра гэта гаварыць, гэта падсвечваць, гэта было цяжка заўжды ўнутры Беларусі. І калі я апынулася ў Польшчы, я думала, што гэта не будзе выклікаць нейкіх пытанняў у іншых нашых беларусак і беларусаў. Але гэта было.
І нават тут у Польшчы, не толькі я, таксама і людзі з майго асяродка, якія з квір-ідэнтычнасцю, сутыкаліся і сутыкаюцца па сённяшні дзень з такімі гамафобскімі выказваннямі. І для мяне гэта вельмі дзіўна.
Я думала, што ўсе людзі, якія калісьці выйшлі на пратэсты і апынуліся пасля ў эміграцыі, якія прайшлі, так сказаць, усе “прэлесці” рэжыму, дакладна разумеюць, чаму яны гэта рабілі, за дэмакратыю, за правы чалавека. Але аказваецца, трэба было тлумачыць, для чаго патрэбныя прайды, чаму гэта трэба падсвечваць.
На сённяшні дзень гэтыя пытанні ўжо не аж такія вострыя, але мы прайшлі такі шлях ад таго, што мы там вам павырываем і рукі, і ногі, і ўсё такое, да маўклівага незадаволення.
У гэтым годзе ў нас гэта быў ужо пяты прайд, мы пяты год запар гэта робім. І ў гэтым годзе ў нас усё было адносна спакойна, без ніякіх правакацый і нават трошку і нязвыкла. Але для нас гэта вельмі добры паказчык, што мы робім усё правільна.
І нельга спачатку там вырашаць пытанні, ці будзе Лукашэнка пры ўладзе, а пасля займацца пытаннямі, напрыклад, квір-супольнасці альбо пытаннямі інклюзіі ўвогуле ў цэлым. Гэта так не працуе, на мой погляд. То бок, у мяне жыццё адно, і я хачу яшчэ на сваім веку пабачыць гэтыя перамены, і таму гэта важна.
– Што было самае складанае і самае простае ў гэтай ідэі?
– Самае складанае ў гэтай ідэі было вытрымаць гэты націск нашай беларускай супольнасці, хейт, асабліва пасля другой платформы, калі мы першы раз зрабілі беларускія сцягі, Пагоню на вясёлкавым фоне. Вось тады пайшлі неймаверны гэты хейт, цкаванне, я б нават сказала. І гэта было цяжка вытрымаць.
А самае лёгкае ў гэтай ідэі — гэта прыдумляць канцэпцыі. То бок, нашыя платформы — гэта заўжды з нейкім пасылам, з нейкім сэнсам, што мы хочам сказаць, што мы хочам падсвятліць, якое пытанне. І гэта заўжды лёгка прыдумваецца, таму што нам шмат чаго ёсць сказаць.
Нашай супольнасці беларускай, квіровай, рэпрэсаванай, ёсць шмат чаго сказаць не толькі ўсяму свету, не толькі там польскаму боку, але і самім сабе ў першую чаргу.
Але я хачу сказаць яшчэ, вяртаючыся да першага адказу, што было самае складанае, што ў нас была вельмі моцная падтрымка. Вельмі моцная падтрымка з боку польскіх калег, каляжанак, якія расказвалі пра свой досвед, гаварылі не апускаць рукі, рабіць сваё, не звяртаць увагу, не ісці ў адкрытую, прамую канфрантацыю, таму што гэта не самы лепшы шлях.
Дакладна, што мы і рабілі. То бок, калі на нас нападаюць, мы адбіваемся, але мы так нікога не чапаем і ні на каго не звяртаем увагі. То бок, нас немагчыма запужаць чымсьці. Мы як рабілі, так і будзем рабіць далей, таму што ў нас ёсць на каго паглядзець і чый досвед узяць, і гэта вельмі важна.
– Ці была ў першы раз каманда, якая дапамагала? Як успрынялі арганізатары прайда беларускую платформу?
– Самы першы раз не было ніякай каманды, якая дапамагала. Мы зрабілі гэта з беларускага боку ўдвух, я і яшчэ адна персона, і нам дапамагалі людзі з польскага боку, з арганізацыі з “Код”. А мы проста павесілі на платформе бел-чырвона-белыя сцягі, нейкія балонікі, і ўсё. Гэта была самая першая платформа.
Ніхто не ведаў, хто гэта зрабіў з нашай беларускай дыяспары. Не было ніякіх анонсаў, мы гэта зрабілі, таму што мы палічылі гэта важным. Мы палічылі, што гэта трэба рабіць. І арганізатары ўспрынялі гэта вельмі добра.
Мы толькі адзін самы першы раз пагаварылі пра тое, чаму для нас гэта важна. Мы тлумачылі, што беларусы, якія апынуліся тут у вымушанай эміграцыі, маюць нават падвойныя ці нават патройныя праблемы.
Па-першае, ты эмігрант, ты там рэпрэсіраваны беларус, то бок ты не проста пераехаў, так? І плюс да таго, ты яшчэ тут маеш пэўныя праблемы, напрыклад, праз тое, што ты не можаш адкрыта заяўляць пра сябе ў сваёй беларускай супольнасці, дыяспары, бо далёка не ўсе нашы беларускія змагары, змагаркі ўспрымаюць супольнасць ЛГБТК+ як норму. Для многіх гэта ўсё ж такі моцны грэх, гэта ўсё, і што мы ганьбім наш сцяг, і ўсё такое. І гэтыя дыскусіі ідуць і па сённяшні дзень.
Мы пра гэта толькі адзін раз пагаварылі ў 22-м годзе, напярэдадні гэтай першай платформы, і ўсё, і гэтае пытанне было закрыта. І ніхто больш не пытаўся ніколі, чаму мы гэта робім. І ўсё акей было.
– Адкуль грошы на рэалізацыю?
– Гэта бывала па-рознаму. Напрыклад, быў год, калі нам людзі данацілі. Гэта было вельмі прыемна.
Быў год, дарэчы, не адзін, калі мы гэта рабілі дакладна толькі за свае грошы. Гэта не таннае мерапрыемства, але гэта вельмі важна для нас. І таму мы гэта робім.
Нам дапамагала таксама польская арганізацыя “Код”. І частку гэтых фінансавых расходаў яны бралі заўжды на сябе. Я бы сказала, большую частку.
У гэтым годзе мы падраслі, акрэплі і першы раз зарабілі поўнасцю ўсё самі, усё прафінансавалі. І, канешне, запрасілі іх таксама да ўдзелу, таму што яны нам дапамагалі ўсе папярэднія разы.
Гэта не праекты, нас ніхто не фінансуе, нам ніхто грошы не дае. Мы гэта ўсё робім самі і часткова з дапамогай тых людзей, якія нам данацяць.
У гэтым годзе ў нас была не толькі платформа, але мы ўдзельнічалі ў мястэчку роўнасці. То бок у нас была і палатка, дзе была прадстаўлена наша арганізацыя. Мы зрабілі мерч, у нас былі кубкі, у нас былі цішоткі, у нас былі шоперы, усялякае-рознае. І за пэўныя данаты людзі маглі гэта сабе ўзяць.
Вельмі было радасна, што людзі пыталіся: “Які мы павінныя зрабіць данат?” І мы гаварылі: “Такі, які вы захочаце, бо гэта ж данат”. І гэта былі данаты не там два, тры, пяць злотых, а 20, і 50, і 100 злотых за нейкі сімвалічны значок альбо за кубак. І гэта вельмі моцна ўражвала.
І ў гэтым годзе мы сустрэлі так многа беларусаў, беларусак, якія да нас падыходзілі і ўжо пра нас ведалі, нас падтрымлівалі. Праблема бачнасці ўсё ж такі яшчэ застаецца, далёка не ўсе гатовыя быць бачнымі. Але мы над гэтым працуем.
– Распавядзі гісторыі, якія былі за гэты час? Смешныя, цікавыя, горкія ці наадварот натхняльныя. Чаго было болей?
– Гісторый было за гэтыя гады вельмі многа. Смешныя, я магу прыгадаць такую гісторыю. Ёсць у нас велічэзнае сэрца, размалёванае ў вясёлкавыя колеры, і там лацінкай напісана: Bielarus.
І падыходзілі палякі і казалі: “А, вы тут зрабілі памылку ў гэтым слове”. То бок па-польску Беларусь пішацца іначай. І яны думалі, што мы напісалі з памылкамі на польскай мове, і мы тлумачылі, што не, гэта не па-польску, гэта па-беларуску, расказвалі, што ў нас ёсць некалькі алфавітаў. Яны гэтаму здзіўляліся, і былі вельмі даволі смешныя рэакцыі.
Яшчэ цікава, што ў гэтым годзе, напрыклад, на прапанаваныя квізы і гульні ў Мястэчку роўнасці, у нашым намёце, да нас падыходзілі не толькі беларускі і беларусы, у гэтыя гульні гулялі і ўкраінцы, і нават польская аўдыторыя, якой мы перакладалі пытанні. Мы чамусьці падумалі, што да нас будуць падыходзіць толькі беларусы і беларускі, аднак не.
І гэта цікава. Гэта значыцца, што мы ўжо трошку становімся бачнымі, гэта значыцца, што гэтае пытанне, беларуская квіровая супольнасць выклікае яшчэ большую цікавасць у польскага боку. І гэта клёва.
Горкія гісторыі… яны звычайна звязаныя з гэтымі правакацыямі, з хэйтам і ўсё такое.
А натхняльныя, для мяне натхняльныя гісторыі, гэта пра тое, што падчас маршу, альбо пасля маршу да нас падыходзяць нашы беларусы і беларускі і выказваюць падзякі, словы падтрымкі. І яны таксама пацвярджаюць, што гэта вельмі важна для іх, што яны вельмі радыя, што хтосьці гэта зрабіў, таму што яны бы самі б не змаглі, бо гэта, праўда, вельмі рызыкоўна. Але важна, што гэта хтосьці робіць.
І таксама, канешне, натхняльная гісторыя, гэта той шлях, які мы прайшлі з нашай гамафобнай часткай беларускай супольнасці, змагарскай, так сказаць. Мяне асабіста вельмі натхняе, што гэтых людзей з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, прынамсі, усё менш і менш гэтага адкрытага хэйта, і гэта окей. Гэта добра.
Яны ўжо зразумелі, што там нас не запужаць, што мы ўсё роўна гэта робім, а некаторыя з іх, праўда, пачалі разбірацца ў пытаннях і так шчыра пасля там кажуць: “Ой, слухай, а мы не ведалі, што гэта вось аж так выглядае. Ой, а мы не ведалі там, праз што там квір-супольнасць, персоны з квір-супольнасці, пра што, праз што яны праходзяць, праз якія выпрабаванні яны праходзяць, як цяжка складваюцца іх лёсы. Ого, а мы нават такога і не ведалі”. Гэта натхняе.
Людзей, якія дапамагаюць, стала больш. Гэта дакладна. У гэтым годзе да нас далучыліся валанцёры, і ў гэтым годзе мы нават і нікога не клікалі, і не праводзілі ніякую кампанію, не прасілі дапамогі. Нас ужо ведаюць, і да нас прыходзяць людзі самі, якія хочуць укласці, унесці свой унёсак у мерапрыемства, хочуць быць таксама быць прыдатнымі да гэтага. Гэта клёва.
– Як змянілася ідэя рэалізацыі за 5 год?
– У нас кожны год розная канцэпцыя. Ідэя застаецца тая ж самая: нам важна быць бачнымі. Важна, каб гэта бачылі, дарэчы, не толькі нашы людзі тут беларусы ў эміграцыі, але яшчэ і тыя людзі, якія ўнутры Беларусі.
І хаця некаторыя з нашых людзей кажуць, што мы даем толькі повад гэтым лукашыстам нас паліваць брудам. Але мы на гэта глядзім трошку інакш, мы на гэта глядзім як на тое, што як бы не стараліся гэтыя лукашысты, мы ўсё роўна робім. Гэта важна, яны таксама гэта бачаць.
У нас ёсць надзея, што ў кагосьці штосьці ўнутры ў галаве там перамкне, і, магчыма, хтосьці задасца ўсё ж такі пытаннем, калі гэта робіцца так упарта столькі гадоў запар, то, магчыма, у гэтым ёсць сэнс. Мы на гэта спадзяёмся.
А рэалізацыя, канцэпцыя ў нас кожны год розная. Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя была і застаецца. І кожны раз мы падсвечваем розныя пытанні.
У гэтым годзе наша платформа была прысвечаная новаму артыкулу, які ўвёў пакаранне за “прапаганду гомасексуальных адносінаў”.
Зараз мы ўжо рыхтуем матэрыялы на трох мовах: на беларускай, на польскай і на англійскай мове. Таму што людзі розныя і каб як мага больш інфармацыі далятала да іх. У гэтым годзе мы расказвалі пра нашых палітзняволеных, пра гэты новы артыкул, пра сітуацыю, якая зараз унутры Беларусі для квіровай супольнасці.
Мы працягваем гэтую працу, таму што гэтае пытанне ў нашай супольнасці беларускай, змагарскай, усё яшчэ застаецца адкрытым. Гэтае пытанне ў нас яшчэ не вырашанае. У той момант, калі ніхто нікога не будзе хэйціць, у той момант, калі ўсе людзі будуць з аднолькавымі правамі, напэўна, тады мы і скончым гэтую працу.
А пакуль што, пакуль яшчэ прыходзіцца тлумачыць вельмі прымітыўныя і простыя базавыя пытанні, напрыклад, самае папулярнае пытанне: “Ніхто не лезе вам у койку, тыпу, што вы яшчэ хочаце?”
І ты пачынаеш расказваць, што мы яшчэ хочам. Мы хочам яшчэ шмат чаго, насамрэч, мы хочам і каб шлюбы можна было рэгістраваць, мы хочам і дзяцей гадаваць, мы хочам і мець магчымасць нармалёва сябе пачуваць у гетэранарматыўным сусвеце, каб ніхто не паказваў на цябе пальцамі. Мы хочам такога ж самага кар’ернага росту і шмат чаго яшчэ.
Калі пачынаеш пра гэта гаварыць, тады можа трошачкі разуменне прыходзіць, але не так хутка і не адразу, і не да ўсіх.
– Ці можна разлічваць, што платформа ў наступным годзе пад бел-чырвона-белым сцягам будзе?
– Дакладна платформа ў наступным годзе будзе, і скажу больш таго: я думаю, што ў нас усё добранька будзе з планаваннем і з фінансамі, і мы пастараемся зрабіць не проста платформу, а нават яшчэ і перформанс.
З кожным годам у нас атрымліваецца рабіць усё больш, з кожным годам у нас атрымліваецца рабіць усё больш маштабна, і мы не будзем спыняцца.
Гэта важная праца, не толькі для, напрыклад, мяне асабіста, а для яшчэ шмат для якіх людзей і для нашай дэмакратыі ў цэлым.
І мы разлічваем на тое, што ў вольнай Новай Беларусі гэтае пытанне не будзе паўставаць ад слова зусім, гэта будзе такі must have, які святкуюць усе, не ведаю, як Купалле, напрыклад, як Новы год, ці Раство, ці штосьці яшчэ там нейкія такія святы, як Дзень волі. Калі ўсе разумеюць, што гэта за свята і чаму яно адбываецца.
Штодзень
Фота: фундацыя “Спадчына”