Сож у Гомелі набліжаецца да гістарычнага мінімуму: да рэкорду засталося усяго 5 сантыметраў 

Узровень вады ў Сожы ў Гомелі працягвае падаць і ўжо наблізіўся да мінімальных значэнняў за час назіранняў. На 27 жніўня ён складае мінус 22 см паводле шкалы Allrivers. За апошнія суткі рака страціла яшчэ адзін сантыметр.

Для параўнання, сярэдні ўзровень вады для 27 жніўня, паводле архіва сэрвісу, складае плюс 38 см. Такім чынам, цяпер Сож прыкладна на 60 см ніжэйшы за сярэдняе значэнне для гэтай даты.

Да рэкорду таксама засталося зусім няшмат. Самы нізкі ўзровень вады, зафіксаваны 27 жніўня, складаў мінус 25 см — гэта адбылося ў засушлівым 2015 годзе. Цяперашні паказчык толькі на 3 см вышэйшы.

А абсалютны мінімум, паводле архіва Allrivers, быў зафіксаваны 30 жніўня таго ж 2015 года — мінус 27 см. Ад цяперашняга ўзроўню Сож аддзяляюць ад гэтага рэкорду ўсяго 5 см.

Асабліва выразна маштаб абмялення бачны ў параўнанні з іншымі гадамі. Напрыклад, максімальны ўзровень для 27 жніўня быў зафіксаваны ў 2009 годзе — плюс 114 см.

Раней гамяльчане ўжо звярталі ўвагу на незвычайна мелкаводны Сож: пасярод ракі сталі добра бачныя водмелі і зараснікі травы. Белгідрамет таксама паведамляў, што ўзровень вады каля Гомеля апусціўся ніжэй адзнакі, неабходнай для нармальнага суднаходства.

Калі падзенне працягнецца цяперашнімі тэмпамі, Сож можа яшчэ бліжэй падысці да антырэкорду 2015 года.

Штодзень
Фота: з сацсетак

Related posts

“Размова запісваецца”. Гамяльчанін паскардзіўся на ваду, а ў 115 зрабілі заўвагу яму самому

Старадаўнія строі і народныя танцы: Ларыса Шчыракова запрашае на этнафотасэты ў Беластоку

“Горшых дарог няма нідзе ў Беларусі”. Мазырчукі абмяркоўваюць ямы, якія перажылі змену кіраўніка