Праз шэсць гадоў працягваюць усплываць дэталі таго, што адбывалася з затрыманымі ў Гомелі ў першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Праваабаронца Леанід Судаленка публікуе ўспаміны пра людзей, якія пасля вызвалення прыходзілі да яго і расказвалі пра збіццё, прыніжэнне і “суды” проста ў будынках міліцыі.
Адну з такіх гісторый Судаленка назваў “Спартзала”. Яе герой — тады 30-гадовы гамяльчанін Міхаіл Краўчанка, з якім праваабаронца сустрэўся праз дзень пасля вызвалення.
Міхаіл Краўчанка. Фота: тг-канал Леаніда Судаленкі
“Ён гаварыў спакойна, без эмоцый, нібыта расказваў не пра сябе, а пра кагосьці іншага. Але я бачыў сляды пабояў на ягоным целе і разумеў, што за гэтай спакойнай інтанацыяй хаваецца шок”, — успамінае Судаленка.
Фота, якое пацвярджае словы Міхаіла наконт збіцця пратэстоўцаў. Крыніца: ТГ-канал Леаніда Судаленкі
Паводле аповеду Краўчанкі, увечары 11 жніўня яго разам яшчэ з 54 мужчынамі затрымалі на вуліцах Гомеля і прывезлі ў Чыгуначны РАУС. Усіх 55 чалавек змясцілі ў спартзалу і загадалі легчы тварам у падлогу. Па перыметры стаялі байцы АМАПу. За спробу паварушыцца ці падняць галаву, паводле сведчання, затрыманых білі гумовымі дубінкамі. Потым ім звязалі ногі скотчам. ”Так яны праляжалі ўсю ноч, увесь наступны дзень і яшчэ частку вечара. Без ежы, без вады, без магчымасці паведаміць родным, дзе знаходзяцца”.
”Прызнаў віну — 10 сутак, не прызнаў — 15”
Паводле ўспамінаў, разгляд адміністрацыйных спраў адбываўся ў тым жа будынку міліцыі. Затрыманых па адным выклікаў чалавек у цывільным і абвяшчаў рашэнне ад імя суда.
Судаленка перадае словы Краўчанкі: тыя, хто прызнаваў віну, атрымлівалі 10 сутак арышту, а тыя, хто настойваў на сваёй невінаватасці, — 15.
“Ні адвакатаў, ні адкрытага суда, ні нават элементарнай магчымасці абараніць сябе”.
Увечары 12 жніўня затрыманых перавезлі ў гомельскі СІЗА на вуліцы Кніжнай. Краўчанка заставаўся там да 14 жніўня. Потым яго вывелі да чатырох мужчын у цывільным, якіх ён палічыў супрацоўнікамі КДБ.
Размова, паводле яго слоў, была спакойнай: перад мужчынам паклалі паперу, у якой ён мусіў паабяцаць больш не ўдзельнічаць у пратэстах. Пасля гэтага яго адпусцілі. Выйшаўшы на волю, Краўчанка прайшоў медыцынскае абследаванне і хацеў дамагацца прыцягнення да адказнасці тых, хто збіваў затрыманых.
“Цэлая сістэма прыніжэння чалавека”
Судаленка адзначае, што гісторыя Краўчанкі не была выключэннем. У жніўні 2020 года да яго прыходзілі дзясяткі людзей з падобнымі сведчаннямі.
“Мяняліся прозвішчы, раёны, ізалятары, але амаль не мяняўся сам сцэнар: затрыманне, збіццё, суд у калідоры або службовым кабінеце, арышт, а потым — страх і поўная невядомасць”.
Менавіта паўтаральнасць гэтых гісторый, лічыць праваабаронца, сведчыла, што гаворка ішла ўжо не пра асобныя выпадкі перавышэння паўнамоцтваў.
“У жніўні 2020 года ў Беларусі была створана цэлая сістэма прыніжэння чалавека”.
А найбольш яскравым вобразам тых дзён для Судаленкі засталася менавіта спартзала Чыгуначнага РАУС:
“Я ўспамінаю спартзалу ў Чыгуначным РАУС, дзе пяцьдзясят пяць чалавек суткамі ляжалі тварам у падлогу і чакалі, калі нехта нарэшце ўспомніць, што яны людзі”.