Чарнобыльская матрыца: як Юрый Варонежцаў змагаўся за праўду

Актуалізавана 29.04.2026: да матэрыялу дададзены аўдыяпадкаст.

Цяжка паверыць, але ў канцы 1980-х у Гомелі прайшлі свабодныя выбары, у выніку якіх у Вярхоўны Савет СССР былі абраныя дэмакратычныя кандыдаты. Сярод іх — Юрый Варонежцаў. Менавіта яго праца і змаганне за праўду пра Чарнобыль дапамаглі Беларусі атрымаць фінансаванне на пераадоленне наступстваў катастрофы — і гэтымі дасягненнямі, якія цяперашнія ўлады не здолелі цалкам знішчыць, беларусы карыстаюцца да сёння.

Голас праўды пра Чарнобыль

Юрый Варонежцаў (з архіўнага інтэрвію ў 2019 годзе для канферэнцыі да 33-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС, зробленую ў межах кампаніі “Доступ да інфармацыі” ГА “БАЖ”):

— Гэта была катастрофа для краіны. На жаль, наступствы ад яе мы будзем расхлёбваць вельмі доўга. Але гэтыя наступствы можна пераадолець, толькі трэба рабіць нашмат болей, чым робіцца дзяржавай. Што датычыцца ўздзеяння на нашую папуляцыю, то дастаткова паглядзець статыстыку, асабліва па Гомельскай вобласці, анказахворванняў. Я, на вялікі жаль, знаёмы з гэтай праблемай не толькі са СМІ. Я ўжо хутка 9 год як наўпроставы кліент анкадыспансера. Лекары робяць вельмі шмат. На жаль, Гомельшчына з’яўляецца лідарам па анказахворваннях. Гэта натуральна наўпрост звязана з чарнобыльскай катастрофай.
Кароткі фрагмент з архіўнага інтэрв’ю:

 

Сайт http://med.by/, дзе друкаваліся зборнікі Міністрэства аховы здароўя з асноўнымі статыстычнымі дадзенымі пра стан здароўя насельніцтва Беларусі, апошні раз размяшчаў афіцыйную статыстыку станам на 1 студзеня 2020 года. Паводле гэтых дадзеных, Гомельская вобласць сапраўды лідзіравала па колькасці захворванняў злаякаснымі новаўтварэннямі на 100 тысяч насельніцтва. Прычым як у пацыентаў з упершыню ўсталяваным дыягназам, так і ў тых, у каго раней дыягнаставалі рак і хто лечыцца, знаходзіцца ў рэмісіі ці назіраецца пасля лячэння.

Дадзеныя Міністэрства аховы здароўя

Беларускі навуковец-фізік, кандыдат тэхнічных навук, сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета СССР Юрый Варонежцаў памёр ад анкалогіі ў 20 кастрычніка 2020 года. Ягоны ўнёсак у змаганні за праўду пра чарнобыльскую катастрофу – бясцэнны.

Дзе быў Юрый Варонежцаў у 1986 годзе?

У Гомелі. У архіўным інтэрвію захаваўся ягоныя згадкі пра тыя красавіцкія дні:

Юрый Варонежцаў, архіўнае фота

 

 

— Распавяла знаёмая сям’і, якая паехала да сваіх сваякоў у Хойніках і там даведалася пра выбух, пра калоны машын, пажарных, хуткіх дапамог. Я тады спачатку не паверыў, а потым згадаў, што на мяжы ёсць ЧАЭС. Раніцай мы прыйшлі ў інстытут (Юрый Варонежцаў тады працаваў у Інстытуце мэханікі мэталапалімерных сістэмаў – заўв. рэд.), у нас быў доступ да дазіметраў ДП-5, такія вялікія і прымітыўныя, Мы ўзялі гэтыя дазіметры і пачалі вымяраць. У нас у Гомелі ўжо была павышаная радыяцыя: былі дзясятыя мілірэнтгены ў гадзіну, гэта атрымліваецца сто – больш за сто мікрарэнтген у гадзіну, што ў 5-6 разоў болей за норму. Улічваючы, што гэта быў першы дзень, то гэта і быў ёдны ўдар.

Было цікава: калі датчык падносіш да шчытападобнай залозы, то стрэлка адхіляецца – відовішча не для слабанервых. І я тады параіў сваім не выходзіць, піць ёдны раствор у малацэ ці ў вадзе. У газеце “Праўда” толькі на трэці дзень ці максімум увечары другога з’явілася інфармацыя, што быў пажар на атамнай станцыі і ён лакалізаваны. Людзі тут нічога не ведалі. Сярод мясцовых кіраўнікоў можна выдзяліць толькі адзінак, якія спрабавалі адстойваць інтарэсы насельніцтва тады. А іншыя пісалі знакамітыя лісты, што ў нас тут многа мяса радыеактыўнага, нам яго шкада выкідаць, давайце яго разбавім чыстым і развязём па ўсім Саюзе.

ДП-5 (дазіметрычны прыбор) — вымяральнік магутнасці дозы (рэнтгенаметр), прызначаны для вымярэння ўзроўню гама-выпраменьвання і радыяцыйнага забруджвання аб’ектаў. Таксама мае магчымасць выяўлення бэта-выпраменьвання

Першыя канкурэнтныя выбары

26 сакавіка 1989 года ў Савецкім Саюзе адбыліся выбары народных дэпутатаў СССР. Іх асаблівасць – упершыню яны праходзілі на альтэрнатыўнай канкурэнтнай аснове. Гэтаму спрычынілася палітыка галоснасці і перабудовы, якую абвясціў генсак ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў. Вынікі гэтых выбараў шакавалі партыйны апарат, бо многія афіцыйныя кандыдаты пацярпелі паражэнне. І Гомель тут не стаў выключэннем, дзе афіцыйныя кандыдаты таксама пацярпелі паразу, а выйгралі незалежныя. Сярод іх – Юрый Варонежцаў.

Народны дэпутат СССР па тэрытарыяльнай акрузе з Мінску ў 1989 годзе Аляксандр Дабравольскі нагадвае, што ў СССР да 1989 года не было свабодных выбараў, калі ўдзельнічаюць некалькі кандыдатаў на акругу: “Упершыню дэпутаты адчувалі вялізную адказнасць перад выбаршчыкамі, паколькі прайшлі выбарчую кампанію, падчас якой размаўлялі з людзьмі.”   

Народны дэпутат СССР па тэрытарыяльнай акрузе з Мінску ў 1989 годзе Аляксандр Дабравольскі

“Дзікія” вылучэнцы

Паводле задумы кіруючай КПСС, у Гомелі былі два афіцыйныя кандыдаты: намеснік галоўнага лекара па медыцынскай частцы (з 1976 па 2001) Гомельскай абласной бальніцы П.С. Здота і дырэктар завода станочных вузлоў Дзялец. Аднак задуме не давялося рэалізавацца, паколькі з’явіліся два незалежныя кандыдаты: Віктар Карняенка і Юрый Варонежцаў. Як называў сябе і свайго калегу сам Юрый, “дзікія” вылучэнцы. Улады вырашылі правесці акруговы сход, каб скараціць колькасць кандыдатаў з чатырох да двух. Акурат на ім і перамаглі “дзікія вылучэнцы”.

Незалежныя кандыдаты Віктар Карняенка і Юрый Варонежцаў

Юрый Варонежцаў публічна выступіў на гэтым акруговым сходзе. І, канешне, там прагучала тэма Чарнобыля, якая не магла абысці грамадскасць у тыя часы. Як адзначаюць відавочцы тых падзей: “Фактычна да выбараў у 1989 годзе, чарнобыльскія праблемы замоўчваліся. Пра іх ведалі беларускія вучоныя, ведалі пра наступствы аварыі на ЧАЭС. Але ў іх не было механізмаў уплыву на ўладу, якая іх не слухала. І толькі першыя альтэрнатыўныя выбары ў 1989 годзе далі голас беларускім навукоўцам, дазволілі вынесці напрацоўкі не толькі на публіку, але і да ўладаў.”

Гаворка ідзе пра наступных навукоўцаў:

– Доктар тэхнічных навук і прафесар Васіль Несцярэнка. Як дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі АН Беларускай ССР адным з першых правёў замеры радыяцыі пасля катастрофы ў Чарнобылі. Спрабаваў пераканаць улады, каб тыя дазволілі абараніць людзей ад наступстваў, але яго ігнаравалі і нават знялі з пасады.

– Беларускі радыёбіёлаг і біяхімік Яўген Фёдаравіч Канапля.

– Доктар медыцынскіх навук Юрый Іванавіч Бандажэўскі.

Чаму маўчалі раней?

Да 1989 года ва ўладаў была стратэгія замоўчвання наступстваў трагедыі. Прычына, у першую чаргу, палягала ў фінансах, якіх не было. Справа ў тым, шкода, нанесеная Беларусі аварыяй на ЧАЭС, складала 32 гадавыя бюджэты. Замоўчваць цалкам інфармацыю ўлады не маглі, бо былі ўжо памерлыя ад прамянёвай хваробы. Акрамя таго, у СССР была абвешчаная Галоснасць і Перабудова. Таму інфармацыя прабівалася на паверхню. Аднак да 1989 года не было аніякіх дзеянняў, акрамя эвакуацыі 30-кіламетровай зоны, па пераадольванні наступстваў. Комплексы падыход з’явіўся толькі з выбарамі 1989 года і наяўнасцю незалежных ад улады кандыдатаў.

Аляксандр Дабравольскі згадвае, як ён упершыню пазнаёміўся з Юрыем Варонежцавым у Маскве:

— Мы пазнаёміліся на сустрэчы ў Маскве, дзе была беларуская дэлегацыя. Зайшлі два хлопцы з Гомеля, а там якраз выступаў першы сакратар ЦК кампартыі. Яны пачалі ў яго пытацца, хто ён такі, чаму ён тут кіруе, бо ўсе дэпутаты роўныя. І збілі яго троху спанталыку. Так я з Юрам і пазнаёміўся. А пасля мы пачалі ўжо працаваць, стала відавочна, што ён за дэмакратыю. Потым была першая парламенцкая апазіцыя – міжрэгіянальная дэпутацкая група (першая савецкая легальная парламенцкая апазіцыя, створаная акадэмікам Андрэем Сахаравым – заўв.рэд), куды ўвайшоў і Юрый Варонежцаў.

Палітык Аляксандр Дабравольскі згадвае, што Юрый Варонежцаў вельмі моцна перажываў і як фізік разумеў, што адбылося ў Чарнобылі: “Ён вельмі шмат працаваў, каб з’явілася праграма па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.”

Юрый Варонежцаў, архіўнае фота

Камітэт па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў

Пастановай Вярхоўнага савета СССР ад 26 чэрвеня 1989 г. Юрыя Варонежцава абіраюць у Камітэт па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. А 1 верасня 1990 г. Прэзідыум Вярхоўнага савета стварае Камісію па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд, сябрам якой таксама становіцца Юрый Варонежцаў.

Сам Юрый Варонежцаў звяртаў увагу, што назва камісіі складалася з дзвюх частак. Першая – разгляд прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Другая – ацэнка дзеянняў службовых асоб:

 

— І менавіта я тады настаяў са сваімі калегамі, каб мы разглядалі не толькі, чаму ўзарвалася, але і ацанілі дзеянні службовых асоб, якія прынялі рашэнні што абсалютна не адпавядалі той сітуацыі, якая склалася. Я б сказаў так, што і маскоўскія, і нашыя ўлады, за рэдкім выключэннем, дзейнічалі так, што негатыўны ўплыў катастрофы толькі павялічыўся.

Народны дэпутат СССР Аляксандр Дабравольскі падкрэслівае:

–  Справа не ў тым, што з’явілася штосьці новае, што трэба было даследаваць, а ў тым, што да гэтага хоць трошкі свабодных выбараў дэпутатаў не было. То бок не было адказнасці перад выбаршчыкамі. Да 1989 года дэпутатамі станавіліся не таму, што за іх прагаласавалі, а таму што яны былі адзінымі кандыдатамі на сваёй акрузе. Пасля выбараў з’явілася жаданне разабрацца ў праблемах з пачуцця адказнасці перад выбаршчыкамі. Таму і Камісія была зусім іншай. Бо калі б у Камісіі былі адныя чыноўнікі ці статысты, то яны нават пытанняў не задалі б ніякіх. Чыноўнікі сутыкнуліся з тым, што ёсць дэпутаты, які задаюць пытанні, якія хочуць разабрацца, асабліва такія кваліфікаваныя, як кандыдат тэхнічных навук Юрый Варонежцаў. З’явілася вялікае жаданне разабрацца ў праблеме.

Само стварэнне Камісіі па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб было крокам наперад.

Асабісты ўнёсак Юрыя Варонежцава

Камісія па разглядзе прычын аварыі і ацэнцы дзеянняў службовых асоб займалася зборам фактаў, дакументаў і сведчанняў людзей, каб аднавіць тую карціну, як гэта ўсё адбывалася і чаму гэта адбывалася. “Юрый Варонежцаў быў адказны за тое, каб даведацца пра асноўныя сэнсы. Ён не быў спікерам, хаця, канешне, выступаў. Але ён збіраў усю інфармацыю і быў адказны за яе аналіз. У яго была вельмі істотная функцыя, каб камісія аперавала фактамі і праўдзівымі звесткамі, а не нейкімі фармальнымі справаздачамі.” – Адзначае Аляксандр Дабравольскі.

Юрый Варонежцаў не баяўся адстойваць дэмакратычныя погляды і інтарэсы свайго рэгіёну, які моцна пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы. Аляксандр Дабравольскі згадвае, што Юрый Варонежцаў са сваімі калегамі з Камісіі змаглі ў значнай ступені ўпершыню выявіць тое, што раней замоўчвалася:

— У Камісію запрашалі людзей, якія мелі дачыненне да прыняцця рашэнняў. Гэтыя чыноўнікі думалі, што прыйдуць, скажуць, што ім загадаюць і пойдуць. Але такія людзі, як Варонежцаў, патрабавалі больш дакладнай інфармацыі, падрабязнасцяў і раскрывалі тое, што раней замоўчвалася. Напрыклад, узнікалі пытанні наконт хваробаў буйной рагатай жывёлы, як уплывала забруджаная тэрыторыя на выраб прадуктаў. Высветлілася, што там, дзе больш за 10-15 кюры на квадратны кіламетр забруджвання, там не толькі зерне вырошчвалі, але і атрымлівалі малако, што было вельмі небяспечна. Але дамагчыся гэтай праўды было даволі складана.

 Трэба было мець пэўную мужнасць, каб атрымаць праўду ад гэтых чыноўнікаў вялікага рангу альбо тых людзей, які давалі нейкія навуковыя парады. І не толькі дамагчыся праўды, але і патрабаваць спынення сельскагаспадарчай дзейнасці на забруджаных тэрыторыях, якая адбывалася з 1986 па 1989 гады. Камісія таксама патрабавала прадаставіць статыстыку захворванняў і інфармацыю, як адбывалася прыняцце рашэнняў, якія прывялі да катастрофы. Гэта ўсё Юрый Варонежцаў і ягоныя калегі па Камісіі змаглі ў значнай ступені зрабіць.

Усе сабраныя факты і сведчанні былі прадстаўленыя грамадству, якое хацела ведаць праўду. Гэтая інфармацыя таксама дапамагала далей прымаць рашэнні. Напрыклад, дэпутаты з Гомеля, Магілёва і некаторыя з Мінска, хто працавалі ў гэтай Камісіі, даводзілі да ведама Вярхоўнага Савета Беларусі. Дэпутаты Беларусі і Вярхоўнага Савету СССР супрацоўнічалі, што  дазволіла прыняць больш прадуманую праграму дзеянняў па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

У 90-я ўзроўнік гамафону друкавалі ў газетах пастаянна

Што з’явілася дзякуючы Праграме і Закону?

25 красавіка 1990 года Вярхоўны Савет СССР прыняў праграму па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і сітуацыі, звязанай з аварыяй. У межах праграмы Савету Міністраў СССР было загадана распрацаваць Закон аб чарнобыльскай катастрофе і прадставіць яго ў Вярхоўны Савет СССР. 12 мая 1991 года з’явіўся Закон СССР “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы”. Як адзначаюць эксперты, той закон быў вельмі прагрэсіўны ў параўнанні з цяперашняй беларускай нарматыўнай базай. Па-першае, закон падзяліў забруджаныя тэрыторыі Беларусі і Украіны на зоны: зона радыеактыўнага забруджання, 30-кіламетровая зона, зона адчужання, зона адсялення, зона пражывання з правам на адсяленне і г.д.

Па-другое, вызначыў статус грамадзян, якія пражываюць у гэтых зонах. Тыя, хто атрымаў апраменьванне, ліквідатары, эвакуяваныя, адселеныя, тыя, хто выехаў добраахвотна, – усім гэтым людзям былі прадугледжаныя ільготы.

“Грабавыя”

На Гомельшчыне тыя, хто заспеў чарнобыльскую катастрофу, дагэтуль памятаюць народную назву “грабавыя” – так называлі грашовую дапамогу, якую выплачвалі насельніцтву на забруджаных тэрыторыях. Менавіта тады, дзякуючы працы дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР, у тым ліку Юрыю Варонежцаву, з’яўляюцца грашовыя кампенсацыі.

У Гомелі, напрыклад, усе жыхары горада атрымлівалі тыя самыя “грабавыя”, каб можна было набываць больш вітаміннай прадукцыі. Ліквідатарам прадугледжваліся бясплатныя лекі па рэцэпце, пуцёўкі на аздараўленне, выхад на пенсію для мужчын у 50, а для жанчын у 45 год. Эвакуяваным і адселеным прадастаўлялася жытло і дадатковы тыдзень да адпачынку. Юрый Варонежцаў зрабіў вялікі ўнёсак у распрацоўку і прыняцце гэтага Закона.

МАГАТЭ расчаравала

Палітыкі тых часоў згадваюць, што яны разам з Юрыем вельмі спадзяваліся на міжнародную супольнасць. Калі ў Гомелі адкрылі прадстаўніцтва МАГАТЕ, яны радаваліся гэтаму рашэнню. Аднак МАГАТЭ разам з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя правялі ў Гомелі канферэнцыю, пасыл якой быў такі: катастрофа адбылася, але грошай у вас няма, таму забудзьцеся на гэтую праблему, бо ад стрэсу атрымаеце болей праблем, чым ад наступстваў Чарнобылю.

Які быў чалавек?

Юрый Варонежцаў, архіўнае фота

Паплечнікі характарызуюць Юрыя Варонежцава як пісьменнага і разумнага чалавек. У сваёй грамадзянскай пазіцыі ён быў дастаткова смелы чалавек, хоць напрыканцы васьмідзясятых таксама былі “тэлефанаванні” і пагрозы. Ён быў добрым сем’янінам. Умеў знаходзіць агульную мову з сябрамі і калегамі ў прынцыповых пытаннях, нягледзячы на пэўныя разыходжанні ў поглядах на асобныя падзеі.

Аляксандр Дабравольскі згадвае, што Юрыя Варонежцава моцна зачапіла не столькі сама Чарнобыльская катастрофа, колькі рэакцыя ўладаў, якія гналі людзей на першамайскія дэманстрацыі ў 1986-м годзе адразу пасля катастрофы, не прызнавалі забруджвання тэрыторыі, не мелі ніякай адказнасці перад людзьмі:

— Гэтыя пачуцці былі падобныя на пачуцці абсалютнай большасці людзей у горадзе, у якім ён жыў. І ён як неабыякавы чалавек разумеў, што ён лепш разбіраецца ў такіх праблемах. Гэта была адна з найбольшых вострых праблемаў, якая цікавіла людзей. І ён разумеў, што толькі калі ўлада будзе мець нейкую адказнасць перад людзьмі, тады можа штосьці змяніцца. А каб была адказнасць, павінна быць дэмакратыя. І вось за яе ён і змагаўся.
Актуалізавана: да матэрыялу дададзены аўдыяпадкаст

Штодзень

Чытайце таксама

Плошча забруджвання Беларусі цэзіем-137 зменшылася амаль у два разы, сцвярджаюць улады. Але што значаць гэтыя лічбы? – Гутарка з з радыяцыйным хімікам Сяргеем Бесарабам.

Індыйскі след Чарнобыля: забытая гісторыя дзяцей з Гомельшчыны

Ад акопаў у Рудым лесе да дронаў: што адбываецца ў Чарнобылі на фоне вайны

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”