Пасля расійскага ўдару па саркафагу на Чарнобыльскай АЭС у 2025 годзе ён можа абваліцца, лічыць аддзяленне Greenpeace ва Украіне. Штодзень сабраў, што вядома на гэты конт на сённяшні момант.
Даследаванне Greenpeace Ukraine пра стан канфайнменту і саркафагу
Аддзяленне Greenpeace лічыць, што саркафаг неабходна дэмантаваць як мага хутчэй, аднак пакуль гэта немагчыма праз пашкоджанні канфайнменту – купалу над старымі збудаваннямі – пасля ўдару расійскіх дронаў больш за год таму.
Удар “разбурыў асноўныя функцыянальныя сістэмы Новага бяспечнага канфайнменту (НБК), у выніку ўдару беспілотніка па паўночна-заходнім баку НБК утварылася адтуліна плошчай прыблізна 15 кв м як у знешняй, так і ва ўнутранай абалонцы аркі”, таксама былі пашкоджаныя і дэфармаваныя крытычна важныя элементы канструкцыі. На дзірку паставілі латку, але “функцыю ізаляцыі радыеактыўнага выпраменьвання поўнасцю аднавіць не ўдалося; як вынік, рызыка ўцечкі радыеактыўнага выпраменьвання ў навакольнае асяроддзе, асабліва ў выпадку абвалу аб’екта “Укрыццё”, узрасла”.
Удар дронаў таксама стала тое, што цяпер немагчыма кантраляваць унутры вільготнасць. У сваю чаргу гэта можа прывесці да карозіі канструкцый і скараціць іх тэрмін службы.
Аўтар дакладу Эрык Шыман, інжынер-будаўнік і старшы тэхнічны дарадца аб’екта “Новы бяспечны канфайнмент” на Чарнобыльскай АЭС на працягу 15 гадоў, прапануе “перагледзець асноўныя стратэгіі, якія ляжалі ў аснове першапачатковага праекта НБК і якія таксама будуць вызначаць графік і кошт рамонту”. Паводле ягонага меркавання, “альтэрнатыўнай стратэгіяй можа быць выдаленне спачатку найбольш небяспечных матэрыялаў з наступным пераходам да найменш небяспечных”.
Другая прапанова ад яго: “Прааналізаваць нестандартныя метады будаўніцтва і матэрыялы, пакуль ёсць такая магчымасць. Напрыклад, замест таго каб здымаць знешнюю паверхню НБК для замены ізаляцыі і мембраны, можна разгледзець магчымасць нанясення дадатковай ізаляцыі і герметыку з кальцавой прасторы на ўнутраную паверхню знешняй арачнай абалонкі. У прыватнасці, варта разгледзець магчымасць нанясення вогнеахоўных матэрыялаў метадам распылення”.
Рызыкі для канфайнменту
На брыфінгу Старэйшы ядзерны спецыяліст Greenpeace Ukraine Шон Берні заявіў, што ўдар падвысіў рызыкі абвалу гэтага збудавання.
Greenpeace Украіна таксама правяла акцыю ўнутры Новага бяспечнага канфайнменту супраць расійскай дронавай атакі, заклікаўшы да максімальных санкцый супраць Расатама і працягу міжнароднай падтрымкі Украіны. Двое актывістаў пад саркафагам падкрэслілі, што гэтая атака павысіла рызыкі для аднаго з самых небяспечных ядзерных аб’ектаў у свеце і пагражае глабальным намаганням па стрымліванні радыеактыўнага забруджвання.
У інтэрвію Ксеніі Сакалянскай з “Настоящего Времени” Берні распавёў пра сітуацыю з укрыццём над ЧАЭС:
“Прамы ўдар расійскага дрона «Шахед» трапіў у Новы бяспечны канфайнмент. Ён прабіў адтуліну ў даху і ўнутранай абшыўцы збудавання, што прывяло да пажару і сур’ёзных пашкоджанняў. Ліквідацыя наступстваў можа заняць яшчэ шмат гадоў, магчыма — дзесяцігоддзі. Украінскія ўлады і аварыйныя службы патушылі пажар, залаталі прабоіны, але маштаб наступстваў усё яшчэ ацэньваецца, і далейшыя крокі пакуль не вызначаныя”.
“Планавалася, што гэтае збудаванне будзе функцыянаваць каля 100 гадоў. Унутры канфайнменту знаходзяцца разбураны рэактар № 4 і аб’ект «Укрыццё», узведзены ў канцы 1986 года. Усё гэта неабходна кантраляваць, абслугоўваць, у перспектыве выводзіць з эксплуатацыі і дэмантаваць. Аднак наўмысны ўдар Расіі, як і яе атакі па ўсёй Украіне, па энергасістэме краіны, а таксама акупацыя Запарожжа, дэманструюць злачынныя паводзіны расійскай дзяржавы, расійскай ядзернай галіны і «Росатама»”.
“Новы бяспечны канфайнмент фінансаваўся дзясяткамі дзяржаў, але не Расіяй, якая з’яўляецца адным з галоўных вінаватых у трагедыі. І гэты канфайнмент — не канец гісторыі. Гэта толькі завяршэнне аднаго этапу. Наперадзе яшчэ кіраванне ўсім, што знаходзіцца ўнутры, вывад з эксплуатацыі іншых рэактараў, праца з ядзернымі адходамі. Таму міжнародная супольнасць павінна падтрымліваць Украіну: фінансава, экспертна, тэхнічна”.
Ён таксама выказаўся пра акупацыю ЧАЭС у 2022 годзе расійскім войскам: “Мы наведалі Чарнобыльскую зону ў ліпені 2022 года па запрашэнні ўкраінскага ўрада і на ўласныя вочы пабачылі маштаб шкоды — дзясяткі мільёнаў еўра. Мы таксама былі ў лагеры, які знаходзіўся за некалькі кілямэтраў ад станцыі, на ўскрайку так званага Рыжага лесу — тэрыторыі з высокім узроўнем радыяцыі. Былі відавочныя сведчанні таго, што расійскія вайскоўцы перамяшчаліся па гэтай зоне, парушаючы бяспеку”.
У інтэрв’ю УНІАН Шон Берні дадаў: “Дзейсная дамоўленасць прадугледжвае, што да 2030 года аб’ект павінны максімальна вярнуць у стан, у якім ён быў да атакі. Асабіста я думаю, што поўнасцю вярнуць яго да папярэдняга стану, імаверна, немагчыма.
Чаму 2030 год такі важны? Як я ўжо згадваў, праз карозію сталёвых элементаў і ўсёй сталёвай канструкцыі. Ёсць прагноз, што менавіта з 2030 года карозія пачне ўзмацняцца.
Праблема ў тым, што аб’ект (Новы бяспечны канфайнмент? разлічаны на 100 гадоў працы. Але калі пачынаецца карозія, вы ўжо не можаце дакладна ведаць, як доўга гэтая збудаванне зможа функцыянаваць”.
Ён таксама адказаў на пытанне, што будзе калі сістэма абваліцца: “Рызыка палягае ў тым, што ў выпадку абвалу спачатку радыеактыўны пыл падымецца ўнутры Новага бяспечнага канфайнменту, а потым можа выйсці вонкі.
Ці распаўсюдзіцца гэта на сотні кіламетраў? Найбольш імаверна, не. Але лакальнае забруджванне вакол будынка НБК і іншых ядзерных аб’ектаў побач, у тым ліку трох рэактараў, будзе такім, што працаваць там стане вельмі складана праз паўсюднае забруджванне. Такім чынам, першая пагроза — гэта бяспека самой пляцоўкі і навакольнага асяроддзя, якія апынуцца пад рызыкай у выпадку абвалу.
Але ўнутры самога Новага бяспечнага канфайнменту абвал гэтай канструкцыі будзе азначаць, што ўсе планы і ўсе ацэнкі таго, як пераадольваць наступствы гэтай катастрофы, фактычна давядзецца пачынаць нанова. Ідзе гаворка пра 40 гадоў працы, якія спатрэбіліся, каб дайсці да цяперашняга этапу”.
Нагадаем, што Штодзень” размаўляў з Алегам Бандарэнкам — навукоўцам і адным з вядучых украінскіх спецыялістаў у галіне радыяцыйнай бяспекі і радыёэкалогіі, які ў тым ліку ацаніў небяспеку ад удару для беларускіх гарадоў.
“Ці стварае гэта небяспеку для Гомеля, для Кіеўшчыны, для бліжэйшых населеных пунктаў ад зоны адчужэння? Не. Нават калі там ёсць нейкі выкід, пэўная канцэнтрацыя, – гэта не штучнае забруджванне. Нешта можа выйсці, але потым яно рассейваецца, дыфузуецца. Назіраць гэта нейкімі метадамі на мяжы зоны адчужэння немагчыма.
Калі б існавала рэальная небяспека, то фіксаваліся б адхіленні на метэастанцыях у межах 10–20 кіламетраў. Але гэтага няма. Я ўжо не кажу пра больш аддаленыя, больш магутныя маніторынгавыя станцыі. Нічога такога няма, і я не бачу тут праблем.
А ўвогуле не хочацца даваць эмацыйных ацэнак, але зразумела, што праект, у які было ўкладзена столькі намаганняў і каласальныя фінансавыя рэсурсы – я не памятаю дакладна, колькі ён каштаваў, паўтара мільярда долараў ці столькі ж у еўра, – быў пастаўлены пад пагрозу. Ці гэта была свядомая акцыя – гэта ўжо іншае пытанне. Але, вяртаючыся да вашага пытання, магу супакоіць людзей: небяспекі як такой цяпер няма. Аднак тыя, хто гэтую акцыю задумаў і здзейсніў, безумоўна, павінны несці адказнасць. Бо гэта замах на бяспеку. А такія дзеянні разглядаюцца як тэракт. Відавочна, мэта была стварыць пагрозу і для Гомеля, і для Кіева. Але гэтага, на шчасце, не ўдалося”.
Штодзень
Чытаць па тэме:
Чарнобыль на фоне вайны: што цяпер адбываецца ў зоне
Ці бяспечна глядзець на саркафаг ЧАЭС?
Украіна адрамантуе саркафаг над чацвертым блокам ЧАЭС, які пацярпеў пасля атакі расійскага дрона
На саркафагу над ЧАЭС знойдзеныя тры ачагі тлення, радыяцыйны фон у норме