Сёння Аляксандр Лукашэнка замяніў Уладзіміра Прывалава, які кіраваў Гомелем з 2022 года на свайго памочніка па рэгіёну Руслана Пархамовіча. “Мэраў” у Беларусі няма – чыноўнікі на гэтай пасадзе чакаюць адмашкі ад Мінска, а не выбарцаў – таму чакаць істотных зменаў з новым прызначэннем не выпадае. Але “Штодзень” паспрабаваў разабрацца, што вядома пра новага прызначэнца Лукашэнкі.
- Апошняя пасада перад тым, як пайсці на падвышэнне для Пархамовіча – помочнік Лукашэнкі па Гомельскай вобласці
Чым займаюцца памочнікі “прэзідэнта” ў рэгіёнах, не вельмі зразумела. У асноўным, падобна што, спрабуюць кантраляваць іншых чыноўнікаў, каб памяталі пра “цяжкую і даўгую руку Мінска”. Таму перавод на пасаду “мэра” – гэта для Руслана Пархамовіча, безумоўна, падвышэнне. Гэта пасада з канкрэтным заняткам і канкрэтнай адказнасцю.
Таксама можна сказаць, што ў памочнікі трапляюць асабіста лаяльныя Лукашэнку людзі, якім ён адносна давярае. На падвышэнне пайшоў чалавек збоку, а не са структуры гарвыканкаму.
Прапрацаваў на пасадзе памочніка Пархамовіч нядаўна – каля года. Але агулам, гэта агульная тэндэнцыя для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў – ім засіджвацца не даюць. Сам Прывалаў, ужо як бы не падаваўся вечным кіраўніком горада, на сваёй пасадзе быў каля трох з паловай гадоў.
- На пасадзе памочніка актыўна ездзіў па рэгіёне
Пра дзейнасць Пархамовіча на пасадзе памочніка мала што вядома. Кантралёрам рэдка можна чым пахваліцца. Але постфактум бачна, што ён актыўна апрацоўваў рэгіён у ідэалагічных паездках. Нават пачынаеш задумвацца, ці не рыхтавалася ягонае падвышэнне загадзя.
Так, у красавіку ён працаваў у Чачэрскім раёне, кантраляваў і заадно распавёў, як аварыя на ЧАЭС паўплывала на рэгіён. У лютым – у Калінкавіцкім раёне, у сакавіку – Веткаўскім, дзе сустрэўся з “моладзевым актывам”.
- Раней Пархамовіч працаваў міністрам архітэктуры і будаўніцтва, да таго намеснікам кіраўніка магілёўскага аблвыканкама па гэтым кірунку
Адукацыя ў цэлым адпавядае гэтым заняткам: “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, “дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”.
Калі дзяліць чыноўнікаў Лукашэнкі на дзве катэгорыі: “гаспадарнікі” і “сілавікі” – то Пархамовіч, безумоўна, з другой катэгорыі. Ну і яшчэ бачна, што ён паслядоўна ішоў па кар’еры чыноўніка, хоць пачынаў з дырэктара ААТ “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат”.
Лукашэнка называў Пархамовіча маладым і перспектыўным і хваліў падчас міністэрскай пасады.
- Ураджэнец Магілёва і даволі малады
Руслан Пархамовіч нарадзіўся, вучыўся і пачаў кар’еру ў Магілёве. Адтуль і пераскочыў на пасаду міністра ў Мінск.
Новаму кіраўніку Гомеля “ўсяго” 46 год. Маладым і перспектыўным чыноўнікам яго не назавеш, але на фоне агульна ўзроставых прызначэнцаў, Пархамовіч выглядае адносна свежым.
- Любіць “практычную дзейнасць”
“Вялікі досвед, вельмі вялікі”, распавёў пра Пархамовіча ягоны шэф Лукашэнка.
А Руслан Пархамовіч патлумачыў яму сваю згоду на новую пасаду тым, што ён любіць “практычную дзейнасць” і працаваць на зямлі. Будзем думаць, што ён мог адмовіцца, калі хацеў застацца ў сістэме.
“Бачу, што ў горада ёсць перспектывы. Трэба заняцца жыллёва-камунальнай гаспадаркай, будаўніцтвам, аховай здароўя, адукацыяй. Ёсць апорныя пункты. Але і рэзерваў у горада дастаткова”, — адказаў Руслан Пархамовіч.
Пакуль што новы прызначэнец пакідае ўражанне кар’ерыста, які дакладна ведае, чаго хоча, і няма асаблівай розніцы, на якой пасадзе. Падаецца, што ў Руслана Пархамовіча пакуль ёсць Лукашэнка, усё будзе добра, што не скажаш пра Гомель.
Штодзень
Чытаць па тэме:
Чаму адправілі ў адстаўку Уладзіміра Прывалава
Як расейцы ў Гомелі ставяць помнікі сваім дзеячам
Памерла адзіны мэр Гомеля Святлана Гальдадэ
Нафталінавыя зоркі гомельскага “мэра”. Хто выступіць на Дні горада?
Былы “мэр-карупцыянер” стаў топ-менеджарам