Гомельскія ўлады не спраўляюцца з бадзяжнымі жывёламі, але прытулкі адкрываць не плануюць

У краінах з высокім узроўнем развіцця ёсць шмат варыянтаў вырашэнне праблемы бадзяжных жывёлаў. Некаторыя з іх рэальна паспяховыя. Але прымяняць падобныя падыходы ўлады ў Гомелі не спяшаюцца: шкада бюджэтных грошаў, у горадзе нават няма прытулку. Ахвярамі гэтых безадказных паводзінаў чыноўнікаў становяцца і жыхары горада, і жывёлы.

Што адбылося

Па звестках уладаў, бадзяжныя сабакі напалі на дзяўчынку ў раёне Шведская горка. Дзіцё патрапіла ў лякарню, яе жыццю нічога не пагражае. Але па апісанню маці, дзіця пакусалі даволі моцна, яна нейкі час правяла ў рэанімацыі.

Што робяць у гэтай сітуацыі ўлады? Пост размясціў ужо былы кіраўнік горада Прывалаў. У аўральным парадку камунальнікі ўзмацняюць работу па адлове жывёлаў.

У гэтай рабоце заклікаюць удзельнічаць і жыхароў: паведамляць пра “скапленні бязнаглядных сабак”, забараняюць іх карміць (хіба галодныя беспрытульныя жывёлы будуць больш лагоднымі).

Што хаваецца пад “узмацненнем” работы? Прытулку ў горадзе няма, то гэта насамрэч узмацненне забойства жывёлаў.

Дыскусіі: падтрымцы рашэння уладаў амаль нябачна

Вінаватых у інцыдэнце з дзяўчынкай шукаць складана. Дзеці гулялі, па словах бацькоў, у звычайным месцы, хоць і ў лесе. Сабак – якія хіба стануць вінаватымі для мясцовых уладаў – па звестках матацыкліста, які выратаваў дзяўчынку, маглі навучыць ахоўваць сваё жытло мясцовыя бамжы.

У гэтай сітуацыі трэба думаць пра сістэмнае вырашэнне праблемы. Бадзяжныя жывёлы – гэта кепска, але не таму, што іх усіх трэба забіць. А таму, што дзяржава павінная ўзяць на сябе адказнасць не толькі за іх (яны невінаватыя, што людзі іх кінулі), але і за бяспеку сваіх грамадзянаў.

Менавіта таму ў сацсетках пытаюць: “Хачу спытаць: адлоў будзе са стэрылізацыяй, прышчэпкамі, біркамі? А потым сабакі паедуць у прытулак з трохразовым харчаваннем? На што ідуць нашы падаткі “на сабак”? На адлоў і іх забойства? Такая цудоўная краіна — і такое жывёльнае стаўленне да жывёл?”

“Куды ўжо яшчэ ўзмацняць адлоў? Можа, лепш нарэшце заняцца адказнасцю за выкідванне жывёл?” – пытаецца Л.

“Чарговая дэманізацыя сабак у РБ — каб лягчэй было апраўдваць жорсткі адлоў і забойства пад выглядам эўтаназіі, замест таго каб біць па сапраўднай прычыне праблемы: чорных заводчыкаў і гаспадарах, якія выкідваюць жывёл як смецце. Зграі не бяруцца з паветра — іх ствараюць рукамі чалавекападобныя”, – перакананы А.С.

“Сабакі ў зграі — гэта дзікія звяры са звярынымі інстынктамі. Тут, у Польшчы, немагчыма ўявіць, каб сабакі бегалі зграямі; тут увогуле бадзяжных сабак амаль няма, тут хіба што дзікі блукаюць. А Беларусь, відаць, раўняецца не на Еўропу, а на прыклад азіяцкіх краін”, – лічыць іншы каментатар.

“Жывём у Гомельскай вобласці. У нас у двары, каля дзіцячай пляцоўкі, бегае зграя сабак, якія ганяюцца за дзецьмі, што бегаюць або едуць на ровары, і спрабуюць укусіць. Побач дзіцячы садок. І так ужо другі год. Званкі на 115 нічога не вырашаюць”, – скардзіцца Н.С.

Сітуацыя з бадзяжнымі жывёламі паказвае, што беларускае грамадства сталее куды хутчэй, чым улады. Яшчэ дзесяць гадоў таму сітуацыя з дзяўчынкай прывяла б да таго, што расправы над сабакамі патрабавалі і ўсе каментатары. А цяпер размова не толькі пра віну дзяўчынкі ці жывёлаў, але і пра патрабаванне сістэмнага вырашэння сітуацыі.

Канечне, цяжка спадзявацца, што ў беларускіх умовах новы чыноўнік на пасадзе кіраўніка горада задумаецца пра цывілізаванае рашэнне сітуацыі. Але хутка стане зразумела, наколькі далёка ад Уладзіміра Прывалава сышоў у гэтым пытанні Руслан Пархамовіч.

Штодзень

Чытаць па тэме:
Замест прытулкаў  –  адлоў
У Гомелі могуць штрафаваць тых, хто корміць катоў і сабак
Прытулак «Лапкі» для жывёлаў са складаным лёсам пераехаў на новае месца, пакуль што там няма вады і святла

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць