У Гомелі плануюць паставіць “помнік генералфельдмаршалу Ф.І. Паскевічу і графу М.П. Румянцаву”. Праціскаюць гэтую ініцыятыву ў Расійскім ваенна-гістарычным таварыстве. Менавіта, яны “падарылі” гораду помнік савецкага ваеннага начальніка Канстанціна Ракасоўскага. І не дзіва, што расіяне шчыруюць: помнік у Гомелі паўторыць імперскі з Варшавы.
Што вядома
У Маскву, да Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства паехаў кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў. Па фота бачна, што ёсць нейкія праекты помнікаў, на адным з іх вайсковец на кані, на другім цывільны ў крэсле. Але буйным планам ніводны праект не паказваюць.
Невядомыя праекты невядома каму абіралі 5 месяцаў. Гатовы плануюць паставіць у верасні гэтага года.
Топ-5 пытанняў да гарадскіх уладаў пра новую ініцыятыву
Па-першае, незразумела, ці гэта будзе адзін помнік, ці два. У гарадскога начальніка Прывалава згадваецца “помнік”, але на фота паездкі у Расійскае таварыства, падаецца, што праектаў на некалькі. А калі гэта рэальна адзін помнік з двума людзьмі, то як ён можа выглядаць?
Па-другое, дзе праекты помніка/помнікаў? Чаму нават падчас паездкі ў Маскву эскізы – гэта размытая пляма на фоне чыноўнікаў? Калі плануецца паказаць іх жыхарам Гомеля? Чаму расійскае таварыства публікуе эскіз-пераможцу, а гэтага не робіць Прывалаў?
Па-трэцяе, калі праўда тое, што піша кіраўнік гарвыканкаму, а навошта другі помнік Мікалаю Пятровічу Румянцаву? Помнік каля палаца ў парку якраз у гонар гэтага Румянцава. Расійскі дзяржаўны дзеяч атрымаў калісьці горад у спадчыну і шмат займаўся перабудовай. Прынамсі, у адрозненне ад Леніна, ён быў у Гомелі. Але якія прычыны рабіць ягоную прысутнасць серыйнай?
У Гомелі нават ёсць другі помнік Мікалаю Румянцаву – калі прыгадаць, што клоўн Аловак таксама Румянцаў – каля цырка.
Па-чацвёртае, хто гэты Паскевіч, якому плануюць паставіць помнік? Фельдмаршалам быў Іван Фёдаравіч Паскевіч, а ягоны сын і будучы лакальны рэфарматар Фёдар Іванавіч быў усяго толькі генерал-лейтэнантам.
Помнік Фёдару Паскевічу таксама ўжо ёсць у Гомелі, на набярэжнай Сожа, разам з ягонымі сабакамі. А ў парку захавалася магіла не толькі расіяніна ва ўсыпальніцы, але і ягоных сабак: паміж двума камянямі невядомыя жартаўнікі рэгулярна дапісваюць пасланне цікаўным “Тут будзеш ляжаць ты”.
Калі падняць ранейшыя публікацыі, то становіцца відавочна, што плануюць усталяваць помнік Івану Паскевічу. У верасні у парку, на набярэжнай паставілі “закладны” камень пад гэты помнік. У Гомелі расійскі фельдмаршал хіба запомніўся перабудовай палаца, але затое вядомы захопам Варшавы, падаўленнем венгерскай рэвалюцыі, таксама ён шчыраваў як намеснік расійскага цара ў Польшчы.
Па-пятае, неблага бы канкрэтна ўказаць месцы знаходжання помніка/помнікаў, і як яны будуць упісаныя ў наваколле. Набярэжная Сожа адносна шырокая, але яе магчымасці ў выпадку гігантаманіі чыноўнікаў, небязмежныя.
Непрыемныя дапаўненні пра новы помнік
Па-першае, гэта цалкам расійскі праект, носьбіт “рускага свету”. Усе тры “аўтары-пераможцы” — расіяне, заўважныя ў стварэнні ідэалагізаваных помнікаў.
Так, Дзяніс Бобылеў узводзіў помнік героям “СВА”, як у РФ называюць вайну супраць Украіны. У яго таксама статус ветэрана баявых дзеянняў. Дзмітрый Клаўсуц – аўтар помніка Кабзону і Жукаву ў парку “Патрыёт” і Мемарыяла “Каскадзёрам” у гонар “байцоў СВА”, яго ўзнагародзілі медалём “За заслугі перад айчынай” (“за мужнасць, адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, а таксама значны ўнёсак у забеспячэнне бяспекі і ўмацаванне абараназдольнасці Расійскай Федэрацыі”). Васілій Вершынін стаў адным з аўтараў помніка рускім маракам, скульптуры, усталяванай у акупаваным Крыме.
Праект прымалі таксама ў асноўным расіяне. Расійскія чыноўнікі і Прывалаў ужо вырашылі, які помнік будуць ставіць у Гомелі, не спытаўшы пра гэта жыхароў.
Само Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства – гэта інструмент прасоўвання “рускага свету”. Гэта яны “падарылі” Гомелі спрэчны ў тым ліку і па мастацкіх якасцях помнік Ракасоўскаму.
Скульптура ў гонар расійскага фельдмаршала Паскевіча наскрозь імперская і яшчэ таму, што паўтарае ўсталяваны помнік каля ягонага палаца ў Варшаве. Яго паставілі, калі Паскевіч быў намеснікам цара у Польшчы. А пасля помнік знеслі. Гэты лёс, цалкам верагодна, паўторыць і новапрыдуманая скульптура ў Гомелі.
Чытаць па тэме:
Мікалай Румянцаў і цень яго “нетрадыцыйнасці”
Гомель: Ленін і Ракасоўскі супраць культуры і старога горада.
Таямніцы гомельскага “Зімовага саду”
Чаму гомельцы не ведаюць гісторыю свайго горада
Злы дэман княгіні Паскевіч
Што Гомель страціў за апошняе дзесяцігоддзе
“Эстэтыкі нуль”. Гомельцы актыўна выказваюцца супраць помніка Ракасоўскаму