Дзяржаўныя СМІ адрэагавалі на паведамленні незалежных СМІ, у тым ліку “Штодня”, пра новыя бетонныя блокі, слупы і мяшкі з пяском каля інфраструктурных аб’ектаў Гомельскага раёна.
“Гомельскія ведамасці” апублікавалі матэрыял пад загалоўкам “Узнали, зачем в Гомеле организовали КПП на выезде из города”. Такім чынам улады фактычна пацвердзілі: на выездах з Гомеля ўсталёўваюць кантрольна-прапускныя пункты. Публічна іх тлумачаць мерапрыемствамі тэрытарыяльнай абароны.
Тым часам у сацсетках з’яўляюцца новыя відэа. На Чарнігаўскай шашы пад Гомелем, у раёне Крышталя і рэстарана “Чабарок”, жыхары зафіксавалі блокпаст з антыдронавымі сеткамі і людзей у камуфляжы.
Раней “Штодзень” паведамляў, што каля вёскі Краснае Селішча, непадалёку ад аэрадрома Зябраўка, з’явіліся бетонныя слупы і пліты. Падобныя ўмацаванні — блокі і мяшкі з пяском — мясцовыя жыхары заўважылі каля Каранёўскага водазабору.
Аднак адказу на галоўнае пытанне дзяржаўныя структуры не далі: чаму менавіта цяпер узмацняецца ахова каля Зябраўкі і Каранёўкі, а таксама на Чарнігаўскім напрамку.