На першым паверсе Старога ўнівермага ў Гомелі неўзабаве адчыніцца гастрапякарня “Мельница”. Яшчэ падчас рамонту праект інтрыгаваў будучых наведнікаў: у вітрыне пакінулі адтуліну, праз якую можна было назіраць за працай. Напярэдадні ж агульнага адкрыцця, запланаванага на 17 верасня, установа зладзіла закрыты бранч для блогераў.
Менавіта гэтая частка рэкламнай кампаніі выклікала ў Threads нечакана гарачую спрэчку. Частка гамяльчан абурылася: маўляў, новая пякарня яшчэ не пачала працаваць для ўсіх, а ўжо падзяліла гасцей на “сваіх” і астатніх.
“Мельніца” яшчэ не адкрылася, а ўжо паказала сваё стаўленне да гамяльчан. Аля-бранч зрабілі закрытым — толькі для блогераў. Для астатніх адкрыццё пазней”, — напісала адна з карыстальніц.
Аднак у каментарах ёй запярэчылі: тэхнічныя адкрыцці і сустрэчы з блогерамі перад запускам — звычайная маркетынгавая практыка. Яна дапамагае праверыць працу каманды, паказаць меню і атрымаць першую рэкламу. Ніхто, да таго ж, не забараняе зайсці ў “Мельніцу” пасля афіцыйнага адкрыцця.
Так што прычынай спрэчкі стаў, здаецца, не сам закрыты бранч. Карыстальнікаў раздражніў тон прасоўвання: з пякарні з кавай, круасанамі і дэсертамі, на іх думку, зрабілі падзею ледзь не мішленаўскага маштабу. “Праблема ў тым, што з кавярні-булачнай нарабілі столькі пафасу, яшчэ блогераў нагналі, нібыта Гомель ніколі такога не бачыў”, — падсумавалі ў адным з допісаў.
Праект, зрэшты, яшчэ не паспеў паказаць сябе ў звычайнай працы. У горадзе сапраўды не так шмат новых гастранамічных месцаў, а таму застаецца пачакаць 17 верасня — і праверыць, ці адпавядаюць круасаны рэкламнай кампаніі.