Юлія Цімафеева трапіла ў фінал адной з галоўных літаратурных прэмій Нямеччыны

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч, літаратурная сустрэча ў Берліне, 2021 год, фота Віялеты Саўчыц

Паэтка Юлія Цімафеева, якая паходзіць з Гомельшчыны, увайшла ў кароткі спіс адной з галоўных нямецкіх узнагарод для сучаснай перакладной літаратуры — Internationaler Literaturpreis, якую ўручае Haus der Kulturen der Welt.

У шорт-ліст трапіла нямецкае выданне яе кнігі “Кровазварот” (“Blutkreislauf”), перакладзенае Tina Wünschmann і выдадзенае ў 2025 годзе выдавецтвам Edition Fototapeta.

Пра гэта сама аўтарка паведаміла ў сацыяльных сетках:

“Нямецкае выданне “Кровазвароту” (“Blutkreislauf”) у цудоўным перакладзе Tina Wünschmann (Edition Fototapeta, 2025) трапіла ў кароткі спіс адной з галоўных нямецкіх прэмій для сучаснай перакладной літаратуры “Internationaler Literaturpreis”, якая ўручаецца Haus der Kulturen der Welt”.

Цімафеева адзначыла, што гэта толькі другая беларуская кніга, якая трапіла ў фінал гэтай прэміі. Раней у шорт-лісце ўжо быў нямецкі пераклад рамана Па што ідзеш, воўча? аўтарства Ева Вежнавец — таксама ў перакладзе Ціны Вюншман.

Асобную ўвагу ў гэтай гісторыі прыцягвае тое, што Юлія Цімафеева — ураджэнка Гомельшчыны. Пра сваю сувязь з рэгіёнам яна раней распавядала ў інтэрв’ю праекту “Мова Гомель”. Тады паэтка сказала:

“Так, цяпер, калі мне ўжо за сорак, і я ўжо колькі гадоў не была ў Беларусі, я адчуваю сувязь не толькі з маім любімым Мінскам, але і з вясковай Брагіншчынай ды Жлобіншчынай, адкуль я родам. На жаль, палюбіць Гомель або Жлобін мне не ўдалося, мне было ў іх занадта цесна. Але на прыкладзе невялікіх гарадоў і мястэчак Аўстрыі, Швейцарыі, Нямеччыны, дзе мы з маім мужам Альгердам Бахарэвічам паспелі пажыць ці пабываць, я зразумела, наколькі насычаным і адметным можа быць жыццё ў правінцыі. Для змен патрэбны дэцэнтралізацыя, увядзенне мясцовага самакіравання, падтрымка культурных і сацыяльных ініцыятыў на месцах, і, вядома, любоў і павага да саміх сябе. Але, на жаль, у цяперашняй Беларусі ўсё наадварот. Я цяпер сілкуюся ўспамінамі пра сваё маленства і ўспамінамі маіх бацькоў і ўжо не раз пісала вершы, імі натхнёныя”.

Цырымонія прэзентацыі кніг-фіналістаў і ўручэння прэміі пройдзе 3 ліпеня 2026 года ў Берліне.

Штодзень
Чытаць па тэме:
“Сілкуюся ўспамінамі пра сваё маленства…” Размова з Юліяй Цімафеевай

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя