У Гомелі фудтрак “Зараз” рэкламуе беларускую кухню, сямейныя рэцэпты і стравы з мясцовых прадуктаў. Да нацыянальнага каларыту тут дадалі чырвона-зялёнае афармленне ў духу Super Mario, “Беларыкано” і бульбу фры з назвай-цытатай Лукашэнкі. А вось беларускія словы ў меню месцамі не прайшлі нават першага ўзроўню складанасці.
Фота: threads.com/@elena_karchevskaya
“Почувствуй вкус настоящей Беларуси” — заклікаюць у рэкламным допісе. Наведнікам абяцаюць дранікі, каўбаскі з бульбай, супы і “кусочек традиций”.
На фотаздымках — чырвоны прычэп і бочкі-сталы з белымі ўзорамі ды намаляванай зялёнай травой. Насычаная палітра і афармленне нагадваюць дэкарацыі Super Mario. Праўда, замест грыбоў, якія дадаюць сілы, тут прапануюць “Белкапуч”.
Беларускасць з памылкамі
Меню спалучае беларускія назвы з расійскамоўнымі апісаннямі страў. Пры гэтым памылкі ёсць у абедзвюх мовах. Напрыклад, замест “цэпеліны” напісана “цепеліны”, а замест “каўбаскі” ў двух пазіцыях стаіць “калбаскі”. У назве кавы “экспрэса” з’явілася лішняя літара: правільна — “эспрэса”. У пераліку гарбаты сустракаюцца “рамашка” замест “рамонак” і змяшанае “с кветкамі” замест “з кветкамі”. Загаловак “Меню напитки” таксама пакінулі моўным гібрыдам — па-беларуску было б “Меню напояў”.
Так было
Расійскамоўныя тлумачэнні ад карэктуры таксама не выйгралі: “капуста квашенная” напісана з лішняй “н”, як і “жаренный лучок”. Правільна — “квашеная” і “жареный”. А ў складзе хот-дога пазначаная “калбаска” замест “колбаска”. Так што перад знаёмствам наведнікаў з беларускай традыцыяй меню варта было б пазнаёміць з карэктарам.
Амерыкана схавалі, Лукашэнку працытавалі
Кававыя напоі атрымалі назвы “Беларыкано”, “Белкапуч” і “Беллатэ”. У тлумачэнні да першай пазіцыі частку слова “американо” замянілі зорачкамі: “***рикано”. Назва напою выглядае так, быццам яе давялося цэнзураваць.
Бульбу фры назвалі “Ну зараза вкусная”. Гэта паўтарае рэпліку Лукашэнкі падчас наведвання “Мак.by”, дзе ён паспрабаваў гэтую страву. У меню “Зараз” сто грамаў такой цытаты каштуюць чатыры рублі.
Само па сабе перайменаванне кавы можа быць маркетынгавай гульнёй. Але разам з цытаваннем Лукашэнкі і афіцыйнай сімволікай у рэкламе яно стварае ўжо палітычныя асацыяцыі. Атрымаўся пазнавальны варыянт патрыятызму: замежную назву падправілі, словы кіраўніка ўшанавалі, а да беларускай мовы рукі дайшлі часткова.