Беларускамоўную версію сайта плануюць запусціць у пачатку 2027 года. Пра гэта паведамляецца ў адказе моўнаму актывісту Ігару Случаку за подпісам дырэктара філіяла І. У. Чорнага. Раней на “Гомсельмашы” называлі выкарыстанне беларускай мовы ў тэхнічнай дакументацыі “заўчасным”, а пасля грамадскага розгаласу паабяцалі перагледзець падыход.
Ігар Случак. Фота: асабісты архіў героя публікацыі
“Сайт з версіяй на беларускай мове знаходзіцца ў распрацоўцы. Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў пачатку 2027 года”, — гаворыцца ў новым лісце. Выкарыстанне беларускай мовы ў працы з кліентамі, паводле адказу, таксама прапрацоўваецца кіраўніцтвам завода.
Фота: тг-канал prawanamovu
Спачатку беларускую мову палічылі “заўчаснай”
Як “Штодзень” пісаў у верасні 2025 года, у ранейшым адказе Случаку прадпрыемства тлумачыла выбар моваў экспартнай арыентацыяй прадукцыі. Для Беларусі і іншых краін СНД выкарыстоўвалі рускую, для іншых рынкаў — англійскую ды іспанскую. Беларускамоўную тэхнічную дакументацыю тады палічылі заўчаснай, спаслаўшыся на магчымыя цяжкасці з разуменнем тэрмінаў спажыўцамі. Месца для беларускай мовы ў гэтай міжнароднай схеме не знайшлося нават на ўнутраным рынку. У снежні 2025 года “Штодзень” паведаміў пра змену пазіцыі. У новым адказе абнаўленне сайта з беларускай версіяй ужо планавалі ўключыць у маркетынгавыя мерапрыемствы на 2026 год. Таксама разглядалі выкарыстанне беларускай мовы ў камунікацыі з кліентамі, рэкламе і на ярлыках прадукцыі. Цяперашні ліст называе канкрэтны арыенцір для запуску сайта — пачатак 2027-га.
Кнігу пра гісторыю мовы тым часам забаранілі
Паралельна кнігу Ігара Случака “Палітычная гісторыя беларускай мовы да 1996 г.” унеслі ў Рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Запіс ахоплівае таксама іншыя выданні і электронныя копіі кнігі. У ім пазначанае выданне: Вільня, “ЦэнтраЛіт”, 2026 год, 252 старонкі. Пра ўключэнне кнігі ў спіс стала вядома ў лістападзе. Праца разглядае палітычныя ўмовы існавання беларускай мовы ад Х стагоддзя да 1996 года, у тым ліку палітыку яе абмежавання і русіфікацыі ў розныя гістарычныя перыяды.