Зоактывістка з Гомеля Святлана Лапо вырашыла зарэгістраваць сабаку ў Новабеліцкім раёне Гомеля і змагла гэта зрабіць толькі з трэцяга разу. Штодзень сабраў з яе відэа з водгукамі пра працэдуру самае важнае.
- Пры рэгістрацыі сабакі ў “адным вакне”выдаюць жэтон з нумарам. Першая лічба на ім указвае, да якога раёну мае адносіны жывёла. Тройкі(яны ўжо закончыліся) і пяцёркі (выдаюць цяпер) указваюць на Навабеліцу.
Чаму гэта важна? Таму што калі сабака трапляе ў службу адлову, камунальнікі, як распавяла чыноўніца, павінныя звязацца з канкрэтнай раённай адміністрацыяй. І гаворка не ідзе пра спробу счытаць чып, адзінае ўказанне на гэты раён – гэты жэтон з нумарам.
Праўда, супрацоўніца адміністрацыі сумняваецца, ці служба адлову ведае пра гэтую асаблівасць.
У каментарах таксама сумняюцца, што будзе нейкая агульная база зарэгістраваных жывёлаў, “бо сутнасць закона ў падатках, а не ў клопаце пра хатніх жывёлаў”. Акрамя таго, сумняюцца і ў тым, што служба адлову будзе рабіць запыты.
- Пасля рэгістрацыі жывёлы адміністрацыя перадае звесткі ў падатковую, каб чалавеку налічылі новы падатак. За сабаку яго будуць налічваць у аплату за кватэру. За катоў плаціць,прынамсі,пакуль не трэба.
Актывістка таксама распавяла пра праблемы пры рэгістрацыі, сама працэдура падалася ёй нескладанай і хуткай.
- Чарга ў чаканні рэгістрацыі. У Святланы Лапо яна заняла каля гадзіны, у некаторых іншых – болей.
- У некаторых іншых раёнах Гомеля жэтонаў – асноўнай рэчы, дзеля якой гэтая працэдура і робіцца гаспадарамі, каб абараніць сваіх сабак ад адлову – не выдаюць. “Адміністрацыі не спраўляюцца з наплывамлюдзей, якія ідуць для рэгістрацыі сваіх сабак. Таму, калі ваша сабака трапляе ў адлоў, а там няма жэтона, на ашыйніку няма нічога. Дзе шукаць гаспадара незразумела”, – апісала Святлана сітуацыю.
Яна раіць у такой сітуацыі рабіць адраснікі на ашыйнікі, хаця б з паперы і скотча.
Сярод іншых праблемаў, на якія звяртаюць увагу каментатары, — тое, што каб зняць з уліку жывёлу, трэба прадставіць даведку пра яго пахаванне ці крэмацыю. “Месцаў пахавання у Беларусі не існуе. Крэміраванне каштуе 240 р. + 30 р. за ўрну. Калі здалі жывёлу на крэмацыю і не хочаце забіраць прах, то заплаціце 20-80 р. Калі самі ціха закапалі ў лесе, будзеце пажыццёва плаціць падатак”, – апісала В.Т.
“Адзінае, што добра працуе ў гэтай сістэме – падаткі і штрафы”, – лічыць Л.
Вымушаныя згадзіцца.