HomelDays_Logo_Main-mobil

“Мяне ўразіў Гомель, разняволенасць людзей, тое, што вельмі добра віталі нашы сцягі” – Вячаслаў Сіўчык пра гісторыю “Чарнобыльскага шляху”

Пасля Чарнобыльскай катастрофы беларуская апазіцыя заявіла пра правядзенне акцыяў пратэсту, прымеркаваных да сумнай гадавіны. “Чарнобыльскія шляхі” праходзілі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі з 1989 і да 2019 гадоў. Цяпер апазіцыя праводзіць іх за мяжой.

Вячаслаў Сіўчык на чале калоны. “Чарнобыльскі шлях-1997”. Фота: vytoki.net

“Штодзень” паразмаўляў пра гісторыю гэтых акцыяў, ролю ў пратэстаў супраць Чарнобылю Гомеля і іх будучыню ў новых умовах са шматгадовым арганізатарам “Чарнобыльскіх шляхоў”, палітыкам Вячаславам Сіўчыкам.

Што вы памятаеце пра першыя “Чарнобыльскія шляхі”? Наколькі шырока на іх былі прадстаўленыя рэгіёны?

Гэта такая добрая традыцыя, якая працягвалася на кожным “Чарнобыльскім шляху”, вельмі шмат прыязджала людзей з пацярпелых рэгіёнаў. Яны мелі свае харугвы, плакаты, сваю атрыбутыку. Практычна ўся Чарнобыльская зона была прадстаўлена на менскіх “Чарнобыльскіх шляхах”. І гэта для мяне, было вельмі важна.

Вельмі сур’ёзныя акцыі пратэсту былі і ў самім Гомелі. Я памятаю, мы прыязджалі з Менску, прывозілі сцягі на першай акцыі па Чарнобылі. Памятаю, як там па ганку бегаў першы сакратар кампартыі Камай, здаецца.

Вельмі уразіў мяне і сам Гомель, разняволенасць людзей, тое, што вельмі добра віталі нашыя сцягі. Была вельмі добрая атмасфера.

Але ж тое ж самае было і ў дробных населеных пунктах. У той жа Ветцы, там быў дзесяцітысячны мітынг Чарнобыльскі. Ну, у прынцыпе, практычна ўсе, хто мог выйсці, яны выйшлі на гэты мітынг, і акцыі масавыя адбываліся па рэгіёнах вельмі сур’ёзныя.

Мітынг у г. Хойнікі з удзелам жыхароў Нароўлі і Брагіна ў 1990-м. Фота: vytoki.net

Яны ў сваю чаргу ўплывалі ўжо на Менск. Прычым, як на камуністаў, так натуральна ўплывалі і на тыя “Чарнобыльскія шляхі”, якія ў Менску адбываліся. Бо атрымлівалася як людская рака, вялікая рака, у якую проста цякуць з розных рэгіёнаў Беларусі рэчкі людзей з сваёй бядой, але ж аб’яднаныя жаданнем, каб была праўда, каб гэтая трагедыя ўсё-такі мела меншыя наступствы, чым раней.

А гэтыя акцыі, які гэта быў год?

Я толькі памятаю, што мы па рашэнню БНФ ездзілі ў Гомель. Гэта была першая акцыя, і сапраўды Гомель увесь падняўся. Вельмі масавыя акцыі былі. Чарнобыльскія акцыі пачатковыя, яны ўсе былі вельмі масавымі. Прычым, ну, нават калі браць нейкія там дробныя населеныя пункты, так усё роўна вельмі сур’ёзна па колькасці людзей выходзіла.

І гэта тычылася не толькі Гомельшчыны, тое ж самае на Магілёўшчыне было. Я памятаю, як мы ездзілі аўтобусамі з Менску, везлі з сабой вялікія наклады навінаў. Была такая газета “Грунвальд”. Вельмі масавы нумар у Эстоніі быў выдадзены. І практычна дзясяткі тысяч газет такіх разышлося на мітынгу ў Магілёве, дзе быў выступ Зянона Пазняка.


У якой атмасферы праходзілі “Чарнобыльскія шляхі”?

Вы ж не забывайце, што “Чарнобыльскі шлях”, як і Дзень Волі, – гэта тысячы і тысячы бел-чырвона-белых сцягоў. Тое, што былі паднятыя па ўсёй Беларусі нашы сцягі ў 2020 годзе, гэта не ёсць выпадковасць, таму што да яшчэ “Чарнобыльскага шляху” 96 года, да вясны-96 года былі рабочыя страйкі, калі рабочыя галасавалі на плошчы Леніна, каб падняць бел-чырвона-белы сцяг. А тады там было 100 000 чалавек. Ніхто не галасаваў супраць.

Больш таго, калі я глядзеў на акцыі 2020 года, так яны шмат якіх аспектах нагадвалі тыя акцыі, каторыя былі ўжо ў гісторыі Беларусі.

Які далейшы лёс “Чарнобыльскага шляху”? У Мінску яго цяпер праводзіць немагчыма. Ці варта гэта рабіць за мяжой?

Апошні “Чарнобыльскі шлях” прайшоў у Мінску ў 2019 годзе, за мяжой ён быў адноўлены ў 2022 шгодзе.

Спадзяюся, што сёлета традыцыя “Чарнобыльскі шляхаў” у Варшаве будзе прадоўжана і адбудзецца паўнавартасны шлях на 40 гадоў Чарнобыльскай катастрофы і 30 гадоў шляху-96.

Гэта надзвычай важна, таму што беларусы не павінны згубіць традыцыі “Чарнобыльскіх шляхоў”.

Штодзень
Фота: vytoki.net

Чытаць па тэме:
Юрый Варонежцаў: праўда пра Чарнобыль і кампенсацыі
Пасля атакі дронаў канфайнмент ЧАЭС пад пагрозай
як музей выратаваў артэфакты з чарнобыльскай зоны
Як Індыя прымала дзяцей з Гомельшчыны пасля катастрофы
Чарнобыль на фоне вайны: што цяпер адбываецца ў зоне

Слайдар пастоў