HomelDays_Logo_Main-mobil

Ад акопаў у Рудым лесе да дронаў: што адбываецца ў Чарнобылі на фоне вайны

У першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у лютым 2022 года, сусветныя СМІ абляцелі кадры расійскай ваеннай тэхнікі на фоне Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Увесь свет тады замёр у чаканні: ніхто не мог уявіць, што вайна прыме настолькі небяспечныя і, па сутнасці, тэрарыстычныя формы. Падчас акупацыі былі затрыманыя і арыштаваныя байцы Нацгвардыі, якіх утрымлівалі ў падвалах, зафіксаваныя факты здзекаў з персаналу станцыі, а таксама выпадкі марадзёрства. Пасля інтэнсіўных баёў на поўначы Украіны расійская армія пакінула гэтыя тэрыторыі, у тым ліку зону Чарнобыльскай АЭС.

Скрыншот з камер відэаназірання, зроблены ў першы дзень расійскага ўварвання ва Украіну 

 

Якія сляды пакінулі пасля сябе расійскія захопнікі? Ці нясе ЧАЭС і сёння пагрозу ў плане радыяцыі для Беларусі і суседніх рэгіёнаў? Ці маглі расійскія вайскоўцы атрымаць вострую прамянёвую хваробу, капаючы акопы ў Рудым лесе — адным з самых забруджаных месцаў зоны адчужэння? І якая будучыня чакае ўкраінскую частку зоны адчужэння?

Пра гэта Штодзень паразмаўляў з Алегам Бандарэнкам — навукоўцам і адным з вядучых украінскіх спецыялістаў у галіне радыяцыйнай бяспекі і радыёэкалогіі.

 

Алег Бандарэнка. Фота: з архіву суразмоўцы


Наш суразмоўца – аўтар больш як 70 навуковых публікацый і манаграфіі, былы дырэктар Чарнобыльскага радыёэкалагічнага цэнтра, ён больш за 30 гадоў займаецца даследаваннем наступстваў аварыі на ЧАЭС. Алег Бандарэнка ўдзельнічаў у міжнародных праграмах маніторынгу зоны адчужэння, працаваў у праектах Еўрасаюза і Вялікабрытаніі. А ў 2015–2017 гадах, а таксама ў пачатку поўнамаштабнае вайны, быў удзельнікам украінска-расійскай вайны.

Алег Бандарэнка ў 2022 годзе


Як выглядае зона адчужання ва ўмовах вайны?

— Падчас акупацыі поўначы Кіеўскай вобласці зона як навуковая частка была фактычна разрабаваная. Там усё разбуралі, вывозілі. Вы ж ведаеце: калі яны ўнітазы вывозілі, то камп’ютары і астатняе абсталяванне там дакладна не засталося цэлым. А тое, што не вывезлі, – было пашкоджана. Таму цяпер навуковая база, з пункту гледжання стану, моцна дэградавала. Усё стала значна горш. Зразумела, што ўсе даследаванні, якія там праводзіліся, былі спыненыя. Таксама былі прыпыненыя міжнародныя праекты па пабудове сховішчаў.

Важна дадаць, што чыгуначнае спалучэнне са Славуцічам зараз перарванае, яно ж ішло праз Беларусь… (гаворка ідзе пра электрычку Славуціч-Семіходы, якаябез спыненняў хадзіла праз украінскую і беларускую часткі зоны адчужання. Яна штодня дастаўляла супрацоўнікаў Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі на працу. З пачаткам уварвання ў 2022 годзе цягнік перастаў хадзіць – Рэд.).

Так раней выглядала электрычка, якая везла супрацоўнікаў на ЧАЭС

Акрамя таго, трэба разумець, што цяпер паўночная частка Кіеўскай вобласці штодня выкарыстоўваецца як транзітная зона для палётаў шахедаў. Яны ляцяць з Бранскай вобласці на поўнач Чарнігаўшчыны, ідуць уздоўж праз Славуціч, потым пралятаюць праз Кіеўскае вадасховішча і рухаюцца далей — на Жытоміршчыну, Роўненшчыну, Валынь. Вось такая сённяшняя рэальнасць зоны адчужэння.

А з пункту гледжання прыроды — ну, прырода даўно адрадзілася. З’явіліся чырванакніжныя жывёлы: зубры, арланы-белахвосты. Мядзведзяў бачылі, рысі даўно сфатаграфаваныя і г.д. У гэтым сэнсе зона адчужэння выконвала і працягвае выконваць адну са сваіх галоўных місій.

Мядзведзі вярнуліся ў Зону. Фота: С. Гашчак


Дакументальна зафіксаваныя факты марадзёрства расейскіх вайскоўцаў падчас акупацыі тэрыторыі ЧАЭС.
Ці існавала нейкая небяспека, што яны, магчыма, мэтанакіравана вывозілі не проста рэчы, а носьбіты інфармацыі, нейкія адчувальныя дадзеныя па ЧАЭС?

— Я, шчыра кажучы, нічога такога не бачу. Радыеактыўныя матэрыялы яны наўрад ці вывозілі. Хаця пісалі, што нібыта яны акапаліся ў Рудым лесе (найбольш забруджаная тэрыторыя на тэрыторыі Зоны адчужання. Падчас работаў па дэзактывацыі ў 1986 годзе Руды лес знішчылі і закапалі – Рэд.), але гэта, скажам так, іншая гісторыя.

Затое да мяне некалькі гадоў таму звярнулася журналістка са Злучаных Штатаў Кім Зэтэр. Яна хацела падрыхтаваць матэрыял для часопіса WIRED пра загадкавыя ўсплёскі радыяцыі, зафіксаваныя ў Чарнобыльскай зоне адчужэння 24–25 лютага 2022 года — адразу пасля ўварвання Расіі ва Украіну. У сваім лісце Кім спасылалася на артыкул групы брытанскіх навукоўцаў, апублікаваны 21 чэрвеня 2023 года. У ім аналізуюцца радыяцыйныя ўсплёскі, зафіксаваныя ў зоне адчужэння неўзабаве пасля яе акупацыі расійскімі войскамі. Аўтары даследавання сцвярджалі, што гэтыя паказчыкі не былі выкліканыя ні пашкоджаннем глебы цяжкай ваеннай тэхнікай, ні ўздымам радыеактыўнага пылу, ні магчымай разгерметызацыяй сховішчаў радыеактыўных адходаў.

Блокпост акупантаў у Зоне адчужання. Люты, 2022. Фота: Associated Press

Я разабраўся, наколькі мог, апублікаваў сваё бачанне. Яно не адрозніваецца ад пазіцыі амерыканскіх калег, бо там людзі вельмі грунтоўна ўсё вывучылі. Гэта не была аварыя, персанал пакінуў зону. Высветлілася, што сістэма ІТ-маніторынгу нейкім чынам — ці то праз умяшанне, ці сама па сабе — пачала паказваць ілжывыя значэнні. А паколькі яна была падключана да міжнародных сетак маніторынгу ў рамках МАГАТЭ, гэта выклікала пэўную занепакоенасць. Мною была зробленая выснова, што найбольш імавернымі кропкамі магчымай дэфармацыі дадзеных маглі быць цэнтральны сервер і сістэма кантролю якасці з публікацыяй інфармацыі. Не выключаныя таксама тэхнічныя збоі ў гэтыя дні або нават тэарэтычны ўзлом сайта зоны адчужэння, але ніякіх афіцыйных пацвярджэнняў такіх версій агучана не было. Але з пункту гледжання радыяцыйнай бяспекі нічога небяспечнага не адбылося.

Хаця як гісторыя — гэта, безумоўна, цікава. Яна ўмоўна атрымала назву “Чарнобыль-3”. Бо “Чарнобыль-1” — гэта непасрэдна 1986 год, “Чарнобыль-2” — гэта радыёлакацыйная станцыя (сакрэтны савецкі ваенны аб’ект “Дуга-1”, прадугледжаны для ранняга выяўлення пускаў міжкантынентальных балістычных ракет. Цяпер знаходзіцца ў занядбаным стане – Рэд.), а “Чарнобыль-3” — гэта ўжо кейс, пра які мы гаворым.

Так што я не думаю, што нейкія ядзерныя матэрыялы ў чыстым выглядзе там увогуле былі… Радыеактыўныя матэрыялы — калі ласка, вывозьце, але з рызыкай для ўласнага здароўя. Аднак я не думаю, што нешта падобнае там сапраўды мела месца.

Ці прагназаваўся ва Украіне ўвод расійскіх войскаў на тэрыторыю ЧАЭС?

— Гэта пытанне ўзнікае ў многіх людзей. І мы з ім будзем абавязкова разбірацца пасля вайны. Тое, што Украіна не ў поўнай меры – або не належным чынам – была гатовая як дзяржава, як войска, як дзяржаўны ваенны механізм, – гэта факт. Хоць інфармацыйны фон нагнятаўся. З аднаго боку, інфармацыя была. То бок тыя, хто меў да яе доступ, не былі ў поўнай цемры. Але для шырокага кола грамадзян, якія не былі ў курсе і карысталіся пераважна медыя, чуткамі і г.д., – гэта было нечакана, зразумела. З іншага боку, я асабіста не верыў, што маскалі нападуць. Тады я праходзіў праверку, рабіў даведку на атрыманне зброі. Але не паспеў яе забраць. Гэта было 24 лютага 2022 года. А праз два дні мы з сынам, адстаяўшы ў чарзе, атрымалі аўтаматы. Так я апынуўся ў тэрытарыяльнае абароне.

А што гэта за гісторыя з Рудым лесам падчас акупацыі? Была пацверджаная дакументальна інфармацыя пра тое, што расейцы абсталявалі блокпост прама на ўскраіне гэтага месца…

— Я магу сказаць толькі, што забруджванне там надзвычай нераўнамернае. І ці атрымалі тыя расійскія вайскоўцы, якія там нешта капалі, нейкую дозу – я сцвярджаць не магу. Але я не думаю, што яны атрымалі такую дозу, якая магла б прывесці да вострай прамянёвай хваробы.

Акопы акупантаў у Рудым лесе. Фота: spektr.press

Я, дарэчы, займаў пасаду кіраўніка службы радыяцыйнай бяспекі зоны адчужэння. Я рэгулярна збіраў, аналізаваў і дакладваў інфармацыю пра агульны радыяцыйны стан. Таму магу сказаць: сітуацыя ў зоне вельмі нераўнамерная. Скажам, паўднёвая частка зоны, пачынаючы амаль ад самога Чарнобыля і далей на поўдзень, даўно магла б быць асвоеная. Але я не прапаную гэтага рабіць – з улікам таго, што зона выконвае вельмі важную функцыю біясфернага запаведніка. І значна лепш, калі мы бачым там табуны коней Пржэвальскага, ласей, зуброў і гэтак далей, чым калі туды зноў пойдуць людзі і пачнуць усё засмечваць. А так – зона ёсць і ўвогуле нядрэнна функцыянуе.

Таму пра гэты кейс з “акопамі ў Рудым лесе” я нічога дакладнага сказаць не магу. Для мяне гэта выглядае хутчэй як нешта анекдатычнае.

Ёсць яшчэ адна тэма, якая нядаўна занепакоіла і беларусаў, што жывуць побач з Украінай, і саміх украінцаў. Гэта атака расійскага дрона на новы саркафаг – аб’ект канфайнмент. Мы бачылі, што было траплянне “шахеда”, фактычна — удар іншага лятальнага апарата па саркафагу. І зараз украінскія дзяржаўныя інстытуцыі паведамляюць, што герметычнасць парушаная і ёсць праблемы з аднаўленнем.

 

Наступствы атакі дронаў, запушчаных РФ, па новым саркафагу. Фота: dsns.gov.ua

Ці стварае гэта небяспеку для Гомеля, для Кіеўшчыны, для бліжэйшых населеных пунктаў ад зоны адчужэння? Не. Нават калі там ёсць нейкі выкід, пэўная канцэнтрацыя, – гэта не штучнае забруджванне. Нешта можа выйсці, але потым яно рассейваецца, дыфузуецца. Назіраць гэта нейкімі метадамі на мяжы зоны адчужэння немагчыма.

Калі б існавала рэальная небяспека, то фіксаваліся б адхіленні на метэастанцыях у межах 10–20 кіламетраў. Але гэтага няма. Я ўжо не кажу пра больш аддаленыя, больш магутныя маніторынгавыя станцыі. Нічога такога няма, і я не бачу тут праблем.

А ўвогуле не хочацца даваць эмацыйных ацэнак, але зразумела, што праект, у які было ўкладзена столькі намаганняў і каласальныя фінансавыя рэсурсы – я не памятаю дакладна, колькі ён каштаваў, паўтара мільярда долараў ці столькі ж у еўра, – быў пастаўлены пад пагрозу. Ці гэта была свядомая акцыя – гэта ўжо іншае пытанне. Але, вяртаючыся да вашага пытання, магу супакоіць людзей: небяспекі як такой цяпер няма. Аднак тыя, хто гэтую акцыю задумаў і здзейсніў, безумоўна, павінны несці адказнасць. Бо гэта замах на бяспеку. А такія дзеянні разглядаюцца як тэракт. Відавочна, мэта была стварыць пагрозу і для Гомеля, і для Кіева. Але гэтага, на шчасце, не ўдалося.

Пасля таго як вайна скончыцца — а яна скончыцца перамогай Украіны, у гэтым няма сумневу, — усе задумаюцца, як гэтая тэрыторыя будзе развівацца далей? Ці бачыцца там нейкая навуковая будучыня?

— Я скажу ад сябе, але мая думка шмат у чым супадае з агульнай, у тым ліку з меркаваннем міжнародных структур. Сёння існуе падзел зоны на функцыянальныя часткі. Ёсць так званая індустрыяльная зона – там адбываецца абыходжанне з радыеактыўнымі адходамі, рэалізуюцца праекты па будаўніцтве і дабудове сховішчаў розных класаў, у тым ліку геалагічнага сховішча для высокаактыўных адходаў, і гэтак далей. Там ёсць над чым працаваць, але гэта адносна невялікая частка тэрыторыі – скажам, пятая частка, магчыма, нават менш.

Прапанова ўкраінскіх навукоўцаў па будучым выкарыстанні тэрыторыі Зоны адчужання. Фота: Ukrainian Radiation Protection Society

Асноўная ж тэрыторыя – у цэнтры, вакол былой Чарнобыльскай атамнай станцыі – доўгі час жыла ў вахтавым рэжыме. Але ад гэтага метаду варта адмовіцца і адкрыць Чарнобыль для сталага пражывання. Ён даўно падыходзіць для гэтага па радыялагічных умовах, і там можна спакойна жыць без рызыкі атрымаць небяспечныя дозы апраменьвання. Паводле дадзеных Чарнобыльскага радыёэкалагічнага цэнтра, сярэдняя гадавая доза знешняга апраменьвання персаналу зоны адчужэння стабільна трымаецца ў межах 0,9–1,2 мЗв, што не перавышае нарматыўных межаў і ў сярэднім супастаўна з натуральным фонавым апраменьваннем. Нават у рэдкіх выпадках павышаных прафесійных доз для асобных спецыялістаў яны заставаліся ніжэй за дапушчальны парог у 20 мЗв у год, а агульная сярэдняя доза фактычна складаецца з натуральнага фону, “чарнобыльскай” кампаненты і абмежаванага прафесійнага апраменьвання. Зразумела, патрэбна планаванне, частка тэрыторыі застанецца праязной, як і раней. Пражыванне будзе абмежаванае: ёсць зоны, куды заходзіць нельга. Але так бывае паўсюль.

Паглядзіце, як працуюць палярнікі ў Антарктыдзе: яны едуць туды не на два тыдні, а на год і жывуць там. Вахта — гэта не праца ні для спецыялістаў, ні для навукоўцаў. Людзям трэба нармальна ўладкоўвацца. Так, ёсць пэўныя рызыкі ў межах пяці кіламетраў, але ў падобных умовах у свеце жыве шмат людзей — напрыклад, побач з вулканамі.

Такім чынам, бачу тры асноўныя складнікі. Першы — індустрыяльная зона: абыходжанне з адходамі, будаўніцтва, эксплуатацыя і маніторынг усіх аб’ектаў. Другі — біясферны запаведнік. Трэці — горад Чарнобыль як цэнтр жыццядзейнасці для людзей, якія будуць працаваць у індустрыяльнай зоне і ў запаведніку.

Штодзень

Слайдар пастоў