HomelDays_Logo_Main-mobil

“Фільтр ужо не спраўляецца”: гамяльчане зноў скардзяцца на ваду з крана

Асадак у ванне, налёт у чайніку і рудыя плямы на белых рэчах — на такую ваду паскардзілася ў сацсетках гамяльчанка. Паводле яе, асадак застаецца нават пасля фільтрацыі, а чайнік даводзіцца чысціць кожныя некалькі дзён.

“З пітной вадой яшчэ можна нешта прыдумаць. А як прымаць душ? Я дзіця баюся мыць”, — напісала жанчына. Дома ў яе нованароджанае дзіця, у якога з’явілася сып. Яна непакоіцца, ці не звязана гэта з вадой, аднак прычына сыпу невядомая.

Паводле аўтаркі допісу, водаканал браў пробу, але, як яна пераказвае, аналіз “нічога не паказаў”. Пісьмовага адказу з лабараторыі яна, па яе словах, чакае ўжо тыдзень. Пратакол аналізу ў допісе не апублікаваны, таму невядома, якія менавіта паказчыкі правяралі.

У каментарах іншая гамяльчанка расказала, што на мінулым тыдні таксама сутыкнулася з падобнай праблемай. Паводле яе, у службе 115 сказалі, што водаканал праводзіць работы, але праблема з вадой паўтаралася кожны дзень.

“Штодзень” ужо пісаў пра скаргі на рудую і каламутную ваду з рэзкім пахам хлоркі. У кастрычніку пра гэта паведамлялі жыхары Цэнтральнага, Чыгуначнага і Савецкага раёнаў Гомеля.

Штодзень

 

Слайдар пастоў