Навіны горада

Ілля Міронаў: Буду працягваць займацца грамадскай дзейнасцю

Выйшаў на волю валанцёр Ілля Міронаў пасля 12 сутак арышту. Актывіст распавёў “Штодню”, што сядзець стала яшчэ цяжэй, а за кратамі разам з ім знаходзіўся затрыманы бармен з “Квартирника”.

Штодзень: Як прайшлі гэтыя суткі? Ці было цяжка?

Ілля Міронаў: Так, цяпер асабліва было цяжка. Нават у параўнанні з мінулым месяцам, калі мяне затрымалі на пяць сутак.

Я сядзеў спачатку з затрыманым барменам з “Квартирника” і таксістам з Яндэкса. Іх затрымалі паводле артыкула 19.11 (“Распаўсюд, выкарыстанне, захаванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісткай дзейнасці”). Але потым у дачыненні да іх распачалі справы паводле артыкула 342 КК (“Арганізацыя і падрыхтоўкай дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) Судзілі мяне ў судзе Савецкага раёна. На пасяджэнне паспела толькі мая маці. Мяне судзілі паводле артыкула 19.11. А як мяне затрымалі. Мяне выклікалі напярэдадні па позве ў аддзяленне Савецкага РАУСа для правядзення прафілактычнай размовы. Паглядзелі мой тэлефон хвілін 40. Знайшлі ў ім, што ў фэйсбуку я падпісаны на пару супольнасцяў, якія прызналі экстрэмісцкімі. На іх я быў падпісаны яшчэ ў 2020 годзе Быў суд. На ім я сказаў, што падпісаны і віны не адмаўляю. Далі 12 сутак з канфіскацыяй сотавага.

Штодзень: Ты сказаў, што цяпер быў яшчэ больш складаны рэжым. У чым гэта выяўлялася? Ілля Міронаў: Мне мама перадавала рэчы, зменную бялізну і тэрма, спартовыя штаны, майку, шкарпэткі. Гэта ўсё прынялі, але мне не перадалі. Мне ўсё гэтыя рэчы аддалі пасля выхаду. А расчоску нават не прынялі ўвогуле. Цягам 12 сутак упершыню не вадзілі мыцца ў лазню. Не толькі мяне не вадзілі, але іншых таксама. Я не зразумеў, з якой прычыны. Харчаванне пагоршылася. Баланда такая, што толькі свіней можна карміць. Нават бомж, які сядзеў са мной, выкінуў ежу, якую выдалі ў ІЧУ. Нашыя курткі знаходзіліся ў карцары, іх выдавалі толькі на ноч, а ў 6 раніцы іх зноў забіралі.

Штодзень: Ці халодныя былі камеры?

Ілля Міронаў: Вельмі холадна было. Скразнякі. Калі я быў у камеры, то пачаўся насмарк. Дзякуй маці, што перадала спрэй для носа.

Штодзень: Як настрой цяпер?

Ілля Міронаў: Настрой сустрэць новы год у сям’і. Вылечыцца, бо падчас знаходжання ў ІЧУ вельмі захварэў. І буду працягваць далей займацца грамадскай дзейнасцю. Толькі больш асцярожна.

Штодзень: Паводле тваіх адчуванняў, ці шмат палітычных у ІЧУ?

Ілля Міронаў: Так. Я сядзеў на 2 паверсе. І з агульнай колькасці там было 4 чалавекі, якія сядзелі паводле артыкула 19.11. Дзесьці 2 ці 3 чалавек потым адвезлі ў СІЗА. Сярод іх і бармен з “Квартирника”.

Штодзень