У школах праз тг-каналы і на бацькоўскіх сходах пачалі палохаць бацькоў пра крымінальную адказнасць. Самі дзеці пішуць пра масавыя праверкі тэлефонаў у школах.
Трэнд з TikTok, у якім школьнікі публікуюць фота настаўнікаў і суправаджаюць іх кпінамі і абразамі, прыйшоў у Беларусь з Расеі. Менавіта там відэа з гукам “Dustin, Lucas, Will, Mike, me” з серыяла Stranger Things пачалі выкарыстоўваць не па прызначэнні: да арыгінальнай аўдыёдарожкі дадалі нецэнзурныя фразы і сталі “сартыраваць” настаўнікаў на “добрых” і “дрэнных”.
У беларускім TikTok гэты фармат хутка падхапілі. Відэа выглядаюць падобна: фота педагогаў, подпісы з назвамі школ і абразлівыя ўстаўкі. Для падлеткаў гэта “жарт” і частка інтэрнэт-культуры. Але па сутнасці — гэта публічнае прыніжэнне.
“Прафілактыка” праз страх
Замест спакойнага тлумачэння сітуацыі, у школах пачалі распаўсюджваць паведамленні для бацькоў з заклікам “правесці тлумачальную працу”. У іх гаворыцца пра “небяспечны трэнд” і нават называецца нібыта яго ініцыятарка — грамадзянка РФ Наталля Мялешка.
Асобны акцэнт робіцца на адказнасці. У школах настаўнікі папярэджваюць бацькоў праз школьныя тг-каналы і на бацькоўскіх сходах пра магчымыя наступствы:
– крымінальная справа паводле артыкула 130 КК РБ (“распальванне варожасці”) — да 12 гадоў пазбаўлення волі
– адміністрацыйная адказнасць для бацькоў за “неналежнае выхаванне дзяцей”
– штрафы за абразу, у тым ліку ў інтэрнэце
– адказнасць за паклёп
Падаюцца і лічбы: нібыта ўжо выяўлена 12 такіх відэа ў рэгіёне, з іх палова — у Жлобінскім раёне.
У нас атрымалася знайсці відэа з Гомеля, Рэчыцы, Жлобіна. У каментарыях карыстальнікі просяць зрабіць падобныя відэа і пра іх школу.
Хто такая Наталля Мялешка
Афіцыйна сітуацыю спрабуюць звязаць з “вонкавым уплывам”. У прыватнасці, называецца імя Наталлі Мялешкі, якая нібыта і стала ініцыятарам трэнду.
Паводле распаўсюджванай версіі, Наталля Мялешка — 53-гадовая грамадзянка Расеі, якая была ўключаная ў расейскія пералікі асобаў, датычных да “тэрарыстычнай дзейнасці”. Пры гэтым у спісе, апублікаваным КДБ Рэспублікі Беларусь, яе няма. Затое яна ёсць ў спісах РФ. Паводле адкрытых звестак, яна пакінула Расею ў 2022 годзе на фоне палітычнага пераследу, спачатку з’ехала ў Турцыю, а пазней перабралася ў Ізраіль.
Ролікі знікаюць
Пры гэтым сам кантэнт вучняў беларускіх школ пачаў масава знікаць. Пра гэта пішуць самі вучні ў каментарыях. Таксама адзначаюць, што ў школах сталі правяраць тэлефоны. У каментарыях дзеці так і пішуць: “Заўтра ў школу тэлефоны не бярэм”, “У 13 школе зрабілі, але адразу выдалілі”, “Цяпер усім нам трындзец”.
Гэта не першы выпадак, калі беларускія падлеткі масава падхопліваюць трэнды з расейскай інфармацыйнай прасторы.
У 2023 годзе падобная гісторыя адбылася з ЧВК “Р’ёдан” — падлеткавай субкультурай з культам сілы і агрэсіі. Яна ўзнікла ў Расеі, пасля распаўсюдзілася ва Украіне і дайшла да Беларусі. Але праз некалькі тыдняў знікла.
Пазней папулярнасць набраў серыял Слова пацана, які таксама рамантызуе гвалт і “вулічныя” правілы.
Што адбываецца насамрэч
Галоўнае тут — не сам трэнд, а кантэкст. Беларускія дзеці:
– жывуць у расейскай інфармацыйнай прасторы
– спажываюць расейскі кантэнт
– пераймаюць паводніцкія мадэлі
І калі ў гэтай прасторы з’яўляецца чарговы трэнд — ён лёгка пераносіцца ў Беларусь. І пакуль замест размовы пра крыніцу праблемы прапануюць толькі запалохванне бацькоў і пошук “вінаватых”, сітуацыя будзе паўтарацца.
Чытаць па тэме:
Суіцыды маладзеюць
Трэш да 7 лістапада на Гомельшчыне: у некаторых школах нават будуць страляць
Што не так з “ПВК Р’ёдан”. Каментар рэдакцыі “Штодня”






