HomelDays_Logo_Main-mobil

За два гады ў Гомельскай вобласці ад знешніх прычын загінулі амаль 40 дзяцей

У рэгіёне і ў цэлым у Беларусі расце колькасць падлеткавых суіцыдаў, гэта прызнаюць і ўлады: у мінулым годзе ў вобласці сем дзяцей пакончылі з сабой. Прычынамі смерці таксама становяцца няшчасныя выпадкі: падзенне з вышыні, утапленне, смерць ад анафілактычнага шоку, выбух кіслароднага балона, ДТЗ.

Улады таксама звяртаюць увагу на тое, што знізіўся ўзрост дзяцей, якія пакончылі з сабой. У Беларусі ёсць выпадкі і ў 10–11 гадоў, стала больш і спроб суіцыдаў.

Галоўныя прычыны, як лічаць у пракуратуры вобласці, у сям’і, адносінах з бацькамі, адзіноце, непаразуменні, адсутнасці сэнсу жыцця, няшчасным каханні. У шэрагу выпадкаў у падлеткаў знаходзяць дэпрэсію, трывожнасць і іншыя псіхалагічныя праблемы, якія не заўважаюць дарослыя. Некаторыя з дзяцей ужывалі алкаголь.

У якасці доказаў галоўная прапагандысцкая газета вобласці прыводзіць аналіз дзвюх праверак, якія пракуратура праводзіла пасля дзіцячых суіцыдаў.

Адна дзяўчынка скардзілася сяброўцы, што дзялілася перажываннямі з мамай, казала, што хоча выкінуцца з акна, але, відаць, не атрымала патрэбнай падтрымкі. Пры гэтым не прыводзяцца матэрыялы апытанняў бацькоў, як і тое, ці былі ўцягнутыя ў вырашэнне праблемы настаўнікі.

Яшчэ адна 13-гадовая дзяўчынка, паводле даных пракуратуры, пайшла з дому жыць да сяброўкі. На стары Новы год яна пайшла шчадраваць, потым сказала, што пойдзе дадому. Аднак замест гэтага дзяўчынка пакончыла з сабой, папярэдне разаслаўшы сябрам развітальнае паведамленне з мабільніка сяброўкі.

Пракурорскі супрацоўнік вучыць бацькоў не пакідаць «без увагі праблемы вашых сыноў і дачок». Але прызнаюць «недапрацоўкі з боку школьных псіхолагаў», у некаторых школах іх нават няма ў штаце.

«Штодзень» пісаў пра падлеткавыя суіцыды. У снежні 2025 года ў Сярэдняй школе № 2 горада Ельска здзейсніла самагубства вучаніца 6-га класа. У тым жа месяцы ў Гомелі адбыліся два самазабойствы ў Гомелі. Пры чым, абодва былі звязаныя з з ціскам з боку адміністрацыі школы.

Для аказання бясплатнай экстранай псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім у Беларусі працуе кругласутачная служба па нумары 133, а таксама кругласутачная дзіцячая лінія дапамогі 8-801-100-16-11. 170 – кругласутачны тэлефон даверу Гомельскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Дапамогу спецыялістаў абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы можна атрымаць па нумары 8 (0232) 31-51-61.

Штодзень

 

Слайдар пастоў