У гэтым годзе спаўняецца 40 год з моманту Чарнобыльскай катастрофы – моманту, калі выбухнуў рэактар ЧАЭС. Да гэтай гадавіны “Штодзень“ апублікуе шэраг матэрыялаў пра адну з найбуйнейшых тэхнагенных катастрофаў свету, ад якой моцна пацярпела Гомельская вобласць і Беларусь у цэлым.

Мемарыял ліквідатарам на Міцінскіх могілках у Маскве. Фота: ed-glezin.livejournal.com
Што адбылося
26 красавіка 1986 г. у 1 гадз. 23 хв. 58 сек. серыя выбухаў разбурыла рэактар і будынак 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС. Чарнобыльская катастрофа сталася самай буйнай тэхналагічнай катастрофай XX стагоддзя. Для Беларусі гэтая катастрофа стала нацыянальнай трагедыяй. Былі адселеныя і пахаваныя вёскі, на нашу краіну пасля выбуху патрапіла больш за ўсё радыенуклідаў, людзі хварэлі і працягваюць хварэць на анкалогію, паміраюць праз наступствы гэтай аварыі.
“Страшна, Выганялі нас, салдаты выганялі. Ваенная тэхніка панаехала. Самаходкі. Адзін дзед стары… Ужо ляжаў. Паміраў. Куды ехаць? “Я от устану, — плакаў, — і пайду на могілкі. Сваімі нагамі”. Што нам за хаты заплацілі? Што? Паглядзіце, якая тут прыгажосць! Хто нам за гэтую красу заплаціць? Курортная зона!” (успаміны жыхароў вёскі Белы Бераг Нараўлянскага раёна, Гомельскай вобласці, “Чарнобыльская малітва”, Святлана Алексіевіч).
“Стукалася ў высокія кабінеты…Толькі праз чатыры гады мне выдалі медыцынскую даведку, якая пацвярджае сувязь іянізуючай радыяцыі (малых дозаў) з яе страшэннай паталогіяй. Мне адмаўлялі чатыры гады, мне ўсё казалі: “Ваша дзяўчынка — інвалід дзяцінства”. Які ж яна інвалід дзяцінства? Яна — інвалід Чарнобыля” (маці дзяўчынкі з Беларусі, якая нарадзілася са шматлікімі паталогіямі, “Чарнобыльская малітва”).
“Я выкладаю ў школе рускую мову і літаратуру. Гэта, здаецца, было ў пачатку чэрвеня, ішлі экзамены. Раптам дырэктар школы збірае нас і аб’яўляе: “Заўтра ўсім прыйсці з рыдлёўкамі”. Высветлілася: Мы павінны зняць верхні заражаны пласт зямлі вакол школьных будынкаў, а пасля прыедуць салдаты і заасфальтуюць. Пытанне: “Якія выдадуць ахоўныя сродкі? Ці прывязуць спецыяльныя касцюмы, рэспіратары?” Адказалі, што не. “Вазьміце рыдлёўкі і будзеце капаць”. Толькі двое маладых настаўнікаў адмовіліся, астатнія пайшлі і капалі» (успаміны, “Чарнобыльская малітва”).
Першыя ахвяры
Першыя ахвяры Чарнобыльскай катастрофы – гэта 30 пажарных, якія выйшлі на ліквідацыю пажару на ЧАЭС, і супрацоўнікі атамнай электрастанцыі.

Беларускі пажарны Васіль Ігнаценка. Адзін з першых загінулых на катастрофе ліквідатараў
Усяго да ліквідатараў аварыі на ЧАЭС адносяць больш за 500 тысяч чалавек.
“Ну, прывезлі нас… Прывезлі на саму станцыю. Далі белы халат і белую шапачку. Марлевую павязку. Чысцілі тэрыторыю. Дзень выграбалі, выскрабалі ўнізе, дзень— наверсе, на даху рэактара. Усюды з рыдлёўкай. Тых, хто падымаўся наверх, “бусламі” звалі. Робаты не вытрымлівалі, тэхніка вар’яцела. А мы працавалі. I вельмі гэтым ганарыліся…” (успаміны ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, “Чарнобыльская малітва”).

Гісторыя Васіля Ігнаценкі натхніла стваральнікаў серыяла “Чарнобыль” тэлеканала HBO. Фота: кадр з серыяла
Пахаванні: плёнка, цынкавыя дамавіны
Усе 30 першых ахвяраў пахаваныя ў Маскве, на Міцінскіх могілках. Звязана гэта з тым, што з прамянёвай хваробай іх вывезлі ў на той момант сталіцу СССР. Але ўрачы нічым дапамагчы не змаглі большасці з іх, яны пакутліва паміралі ў 6-й клінічнай бальніцы Масквы першыя месяцы пасля трагедыі — у траўні-ліпені 1986 года.
“Адзення аніякага. Голы. Адна танюсенькая прасцінка паверх. Я штодня мяняла гэтую прасцінку, а да вечара яна ўся ў крыві. Падымаю яго, і ў мяне на руках застаюцца шматочкі ягонай скуры, прыліпаюць. Прашу: “Любенькі! Дапамажы мне! Абапрыся на руку, на локаць, як можаш, каб я табе пасцель разгладзіла, не пакінула наверсе шва, складачкі”. Любы рубчык — гэта ўжо рана на ім” (Успаміны жонкі беларускага пажарнага Васіля Ігнаценкі Людмілы, “Чарнобыльская малітва”, Святлана Алексіевіч)
Падчас пахаванняў у Маскве былі прынятыя спецыяльныя меры бяспекі: целы абгортвалі плёнкай, клалі ў драўляныя труны, труны таксама абмотвалі плёнкай, і ўсё гэта ў цынкавыя труны.
Гэтую інфармацыю пацвярджаюць рассакрэчаныя дакументы, карты, фатаграфіі і ўспаміны ўдзельнікаў тых падзей, якія захоўваюцца ў Нацыянальным музеі Чарнобыля ў Кіеве.
“На маіх вачах… У параднай форме яго засунулі ў цэлафанавы мех і завязалі… I гэты мех паклалі ўжо ў драўляную труну… А труну яшчэ адным мехам абвязалі… Цэлафан празрысты, але тоўсты, як цырата… I ўжо ўсё гэта памясцілі ў цынкавую труну… Уціснулі… Адна фуражка наверсе засталася…” (успамін Людмілы Ігнаценкі, жонкі беларускага пажарнага Васіля Ігнаценкі, “Чарнобыльская малітва”)
Некалькі з магілаў сімвалічныя. Адна з іх Валерыя Хадымчука, аператара рэактарнага цэха Чарнобыльскай АЭС. У момант выбуху ён знаходзіўся ў машынным залі станцыі, цела пад заваламі так і не знайшлі.

Мемарыяльная шыльда Валерыю Хадымчуку ля 4-га энергаблока ЧАЭС
“А дзясятай раніцы памёр аператар Шышанок… Ён памёр першым… У першы дзень… Мы даведаліся, што пад руінамі застаўся другі — Валера Хадымчук. Яго так і не дасталі. Забетанавалі. Але мы яшчэ не ведалі, што ўсе яны — першыя…” (“Чарнобыльская малітва”, Святлана Алексіевіч)
Ягоная жонка Наталля Хадымчук шмат гадоў ушаноўвала памяць мужа, ездзіла на могілкі ў Маскву да пачатку вайны ў 2014 годзе, а таксама да ЧАЭС у дзень народзінаў мужа. Яна казала, што “Валера да гэтага часу там ляжыць”.

Наталля Хадымчук. Фота: Дзяржаўная агенцыя Украіны па кіраванні зонай адчужання
Жыццё Наталлі абарвалася трагічна ў лістападзе 2025 года. Яна загінула ад раненняў пасля атакі Расіі на Кіеў.
Інжынер Уладзімір Шашэнка атрымаў такія моцныя апёкі ад радыеактыўных пароў, што ў чалавека, які выносіў яго са станцыі пасля аварыі, застаўся ў самога апёк. Інжынер памёр у той жа дзень 26-га красавіка 1986-га года і пахаваны на могілках побач з ЧАЭС.
Яшчэ адной з першых ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС стаў намеснік начальніка электратэхнічнага аддзела Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Лялечанка. Ужо маючы радыяцыйнае апраменьванне, ён збег са шпіталя і працягваў працаваць над ліквідацыяй наступстваў аварыі. Ён памёр і пахаваны ў Кіеве.
Музей “Чарнобыль” вядзе кнігу памяці ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, там ёсць гісторыі больш за пяці тысяч ліквідатараў. Можна адсачыць іх працу на станцыі, іх далейшы лёс.
З 12 супрацоўнікаў машыннай залы Чарнобыльскай АЭС, якія знаходзіліся на змене ў ноч на 26 красавіка, восем памерлі ад прамянёвай хваробы. У красавіку 1994 года ў паведамленні, прымеркаваным да гадавіны трагедыі, з украінскай амбасады ў Бельгіі паведамлялася пра 25 000 загінулых ліквідатараў, пачынаючы з 1986 года. Паводле даных Рыгора Лепніна, беларускага фізіка, які працаваў на рэактары № 4, “прыкладна 100 000 ліквідатараў цяпер мёртвыя” — з ліку аднаго мільёна работнікаў.