На партале “Зеркало” выйшаў вялікі гістарычны матэрыял пра ролю Румянцавых і Паскевічаў у развіцці Гомеля. Галоўны тэзіс аўтар фармулюе ўжо ў самым пачатку: “во многом благодаря этому человеку и его потомкам Гомель из провинциального населенного пункта превратился в один из крупнейших городов Беларуси”.

Ілюстрацыя да матэрыяла пра род Паскевічаў. Аўтар: партал “Зеркало”
Гомельскі гісторык Леў Вінаградаўскі, з якім паразмаўляў Штодзень, лічыць такую пастаноўку пытання маніпулятыўнай.
— Самая першая памылка ў тым, што людзі блытаюць “пасля” і “ў выніку”, — кажа ён. — “Пасля Паскевіча” не азначае “ў выніку дзейнасці Паскевіча”.
Разбіраем асноўныя тэзісы артыкула і высвятляем, што з імі не так.
Міф №1. Да Румянцавых Гомель быў “звычайнай невялікай памежнай крэпасцю”
У артыкуле сцвярджаецца, што Гомель “веками был обычной небольшой приграничной крепостью”, а мяняцца пачаў толькі ў 1730-я гады пры старосце Міхале Чартарыйскім.
Вінаградаўскі звяртае ўвагу: Гомель сапраўды не быў горадам маштабу Вільні ці іншых найбуйнейшых цэнтраў ВКЛ, але гэта зусім не азначае, што ён быў нязначным паселішчам.
— Гомель і да гэтага быў буйным паселішчам – самым буйным у гэтай частцы Пасожжа. Археолаг Алег Макушнікаў прама называў яго найбольш верагоднай сталіцай радзімічаў, якія, як вядома, “селі па Сажу”. І калі ў 1772 г. сюды прыйшла Расейская імперыя менавіта гэты горад Гомель і прызначылі павятовым цэнтрам. І толькі ў 1775 г. павятовы цэнтр перанеслі ў Беліцу (пазней у Новую Беліцу). Прызначэнне Гомеля афіцыйным цэнтрам павету адбылося толькі таму, што ён ужо быў самым вялікім горадам у гэтай частцы Пасожжа. Калі паглядзець на карту тагачаснай Беларусі, то буйнымі гарадамі ў гэтым рэгіёне Беларусі былі Гомель, Рэчыца, Рагачоў і Мсціслаў, усе астатнія гарады былі значна меншымі. Больш за тое, выгаднае становішча Гомеля існавала задоўга да Румянцавых і Паскевічаў. У Гомелі сыходзіцца ўсё Пасожжа з тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай, часткі Смаленскай і Бранскай абласцей. А рэкі – гэта старажытныя дарогі. І ад Гомеля да Дняпра — сорак кіламетраў. Фактычна дзве велізарныя ракі-транспартныя артэрыі старажытнасці і з’яўляліся ягоным эканамічным забеспячэннем.

Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Аўтар гравюры: Напалеон Орда
Міф №2. У канцы XVIII стагоддзя ў Гомелі жылі каля пяці тысяч чалавек
Аўтар піша, што на момант перадачы Гомеля Пятру Румянцаву тут жылі “около пяти тысяч человек”, і нават параўноўвае гэтую лічбу з насельніцтвам Вільні.
Вінаградаўскі называе гэтую лічбу памылковай і спасылаецца на даследаванні гісторыка і археолага Алега Макушнікава:
— У сваёй кнізе, якая на сёння з’яўляецца найбольш дакладным даследаваннем гісторыі Гомеля да канца XVIII стагоддзя, Макушнікаў, прааналізаваўшы гістарычныя крыніцы і апісанні гомельскага стараства, паведамляе, што ў 1773–1775 гадах у Гомелі налічвалася 1889 жыхароў: 921 мужчына і 968 жанчын.
Адпаведна прыведзенае ў артыкуле параўнанне Гомеля з Вільняй таксама губляе сэнс. Можна было і з Рымам тады параўноўваць.

Выгляд галоўнай гомельскай плошчы ў ХІХ
Міф №3. Чартарыйскі пабудаваў у Гомелі “магутны бастыённы замак”
У матэрыяле чытаем: “На месте старой крепости возвели мощный бастионный замок с деревянными башнями, стенами и обширным деревянным дворцом”.
— Калі чалавек піша пра “магутны бастыённы замак”, то ён проста не разумее, што такое бастыённы замак, ён проста выкарыстоўвае шаблонны набор слоў — кажа Вінаградаўскі. — Калі паглядзець апісанні Гомеля пасля 1730 г. таго часу, то вежы там сапраўды былі, але сцены ўяўлялі сабой драўляныя агароджы, а не магутныя абарончыя сцены, “обширный деревянный дворец” адпавядаў заможнаму шляхецкаму дому, але ніяк не тэрміну “палац”. Ёсць і яшчэ адна праблема: для XVIII стагоддзя апісанне “магутнага” драўлянага замка выглядае анахранічна — ва ўмовах развіцця артылерыі такія ўмацаванні ўжо страчвалі ранейшае ваеннае значэнне. Таму такая характарыстыка Гомеля пасля 1730 г. —гэта ўвогуле фантазіі, не заснаваныя ні на чым.

Выява гомельскага замка ў 16 ст. Узятая з гістарычнай мапы
Міф №4. Чартарыйскі страціў Гомель, бо адмовіўся прысягнуць Кацярыне II
Артыкул прапануе прыгожую драматычную гісторыю: Кацярына II запатрабавала ад мясцовай шляхты прысягі, Чартарыйскі “пошел на принцип и отказался”, пасля чаго ягоныя ўладанні канфіскавалі.
Але тут губляецца прынцыповая дэталь: Гомель не быў спадчыннай прыватнай маёмасцю Чартарыйскага.
— Гэта было староства, якое яму перадалі ў часовае валоданне. Адпаведна, прысягнуў бы ён ці не прысягнуў — староства ўсё адно было б у яго забранае, бо яно не з’яўлялася ягонай асабістай спадчынай маёмасцю, толькі “да волі гаспадарскай”.
Інакш кажучы, аўтар інтэрпрэтуе адносіны Чартарыйскага з Гомелем як адносіны прыватнага землеўладальніка са сваёй маёмасцю, хаця прававы статус быў іншым.

Карыкатура “Імперскі крок”, выдадзеная ў Лондане ў разгар так званага Ачакаўскага крызісу незадоўга да заканчэння другой руска-турэцкай вайны (1787-1791), высмейвала фантастычны “Грэчаскі праект” Кацярыны II, які прадугледжваў раздзел Асманскай імперыі і адраджэнне Візантыі.
Міф №5. Палац Румянцавых пачалі будаваць у 1785 годзе
У артыкуле гаворыцца, што замак Чартарыйскіх знеслі, а “на его месте в 1785-м началось” будаўніцтва палаца за верагодным аўтарствам Івана Старова.
Вінаградаўскі спасылаецца на даследаванне Валерыя Марозава, таго самага даследчыка, які абгрунтоўваў аўтарства Івана Старова:
— Валерый Францавіч Марозаў ў сваёй кнізе на гістарычных крыніцах паказвае, што ўжо ў 1778 годзе будаўніцтва палаца ішло поўным ходам. А тут чалавек піша, што яно пачалося толькі ў 1785 годзе. Атрымліваецца дзіўная сітуацыя: гіпотэза з кнігі Марозава пра аўтарства Старова ў артыкуле прысутнічае, але храналогія даследчыка, які яе прапанаваў, — не.
Міф №6. Мястэчка — гэта тагачасны “аграгарадок”
Асобнай увагі заслугоўвае фраза: пасля пераносу павятовага цэнтра з Гомеля у Беліцу ён стаў “местечком (теперь бы сказали „агрогородок“)”.
Гэта некарэктная аналогія.
— Аграгарадок — гэта вялікая вёска, нягледзячы на назву “гарадок”, а мястэчка гэта маленькі горад, — тлумачыць Вінаградаўскі. — Аўтар не разумее гэтай розніцы і свядома прыніжае статус Гомеля да таго часу, пакуль у ім не з’явіліся Румянцавы і Паскевічы. Менавіта тут становіцца бачнай агульная канструкцыя матэрыялу: чым менш значным выглядае Гомель “да”, тым больш уражальным здаецца яго ператварэнне пры расійскіх уладальніках.
Міф №7. Паскевічы “сталі развіваць эканоміку Гомеля”
“Паскевичи стали развивать и экономику Гомеля”, — сцвярджае аўтар і адразу пералічвае свечкавы завод, шкляную мануфактуру, дзве ткацкія фабрыкі, цукровы завод.
Але з самога пераліку не вынікае, што ўсе гэтыя прадпрыемствы належалі Паскевічам ці былі створаныя па іх ініцыятыве.
— Што з пералічанага было менавіта заводам Паскевічаў? Толькі цукровы завод? А завод па вырабе свечак, шкляная мануфактура, дзве ткацкія фабрыкі — яны таксама належалі Паскевічам? А ўсе астатнія гараджане, якіх у Гомелі тады было каля дзесяці тысяч, ні чым займаліся і чакалі толькі волі Паскевічаў?
Гэта важнае адрозненне: прадпрыемствы, якія існавалі ў горадзе пры Паскевічах, не становяцца аўтаматычна прадпрыемствамі, створанымі Паскевічамі. Паскевічы развівалі эканоміку свайго ўласнага маёнтку, а не горада.
Міф №8. Шаша і тэлеграф прыйшлі ў Гомель дзякуючы асаблівай ласцы імператара да Паскевіча
Адзін з ключавых аргументаў артыкула — пракладка ў 1850 годзе праз Гомель шашы Пецярбург — Кіеў і тэлеграфнай лініі Пецярбург — Севастопаль. Выбар маршруту аўтар звязвае з “особым благоволением императора к Паскевичу”.
Вінаградаўскі прапануе для пачатку проста паглядзець на карту.
— А як яшчэ можна было правесці гэтыя дарогі, абмінаючы найбуйнейшы на той час горад Пасожжа — Гомель? Рабіць велізарны крук, абы толькі абмінуць Гомель?
Геаграфічнае становішча горада само рабіла яго натуральным транспартным вузлом паміж цэнтральнымі і паўднёвымі рэгіёнамі. Паўтаруся – ён быў буйнейшым горадам Пасожжа яшчэ у часы Кіеўскай Русі, а да гэтага – найбуйнейшым паселішчам на тэрыторыі племені радзімічаў.
Таму нават калі палітычны ўплыў Паскевіча мог адыграць нейкую ролю, падаваць менавіта яго галоўнай прычынай выбару маршруту — як мінімум спрэчна.

Фёдар і Ірына Паскевічы
Міф №9. Паскевіч вярнуў Гомелю статус горада
“По инициативе своего владельца” ў 1852 годзе Гомель зноў атрымаў статус горада і павятовага цэнтра, гаворыцца ў артыкуле.
Вінаградаўскі прапануе захоўваць звычайную логіку і не мяняць прычыну і следства месцамі:
— Гомель на той час ужо значна вырас і рэальна з’яўляўся фізічным цэнтрам вялізнага Беліцкага павета. Змена афіцыйнага статусу проста прывяла юрыдычную форму ў адпаведнасць з рэальным становішчам.
Нават калі Паскевіч сапраўды лабіяваў рашэнне, гэта яшчэ не азначае, што менавіта ён стварыў перадумовы для росту горада.
Міф №10. Паскевічы былі “ўладальнікамі Гомеля”
У артыкуле спачатку гаворыцца, што Фёдару і Ірыне Паскевічам “принадлежала половина города”, а пазней Ірына называецца ўжо “единственной владелицей Гомеля”.
Вінаградаўскі настойвае на істотным адрозненні:
— Ірына Іванаўна Паскевіч была ўладальніцай Гомельскага маёнтка, а не Гомеля. Гэта абсалютна розныя рэчы. Да пачатку ХХ стагоддзя горад ужо даўно жыў як складаны адміністрацыйны, эканамічны і грамадскі арганізм, а землі ў Паскевічаў у значнай меры былі выкуплены гарадскімі ўладамі і самімі гараджанамі. Таму фармулёўка “ўладальніца Гомеля” стварае ў сучаснага чытача памылковае ўражанне, нібыта ўвесь стотысячны горад заставаўся асабістай уласнасцю княгіні нават у пачатку ХХ ст.
Міф №11. Ірына Паскевіч фінансавала ледзь не ўсю сацыяльную інфраструктуру Гомеля
У артыкуле ўражвальны пералік: княгіня фінансавала водаправод, мужчынскую гімназію, духоўнае вучылішча, прытулкі, бальніцы, радзільны дом, плаціла заробкі настаўнікам, аплачвала ацяпленне, асвятленне, кнігі і дапаможнікі.
Вінаградаўскі не адмаўляе дабрачыннасці Паскевіч. Наадварот, падкрэслівае: яе ўклад быў рэальным і вартым удзячнасці. Праблема ў іншым — у маштабе, які яму надае аўтар.
— Ёсць розніца паміж “ахвяравала грошы на” і “фінансавала будаўніцтва”. Яна ўносіла свой уклад у агульнае фінансаванне, але не аплачвала ўсё сама.
У выпадку мужчынскай гімназіі, паводле Вінаградаўскага, большая частка сродкаў ішла не ад Паскевіч, а ад гарадскіх уладаў. Тое самае і з большасцю іншых пералічаных праектаў.
Сказанае тычыцца і аплаты настаўнікаў:
— Яна выдзяляла грошы на падтрымку асобных настаўнікаў, на дапамогу таленавітым вучням. Але з тэксту вынікае, што менавіта яна плаціла заробкі настаўнікам. А чым тады займалася Міністэрства асветы Расійскай імперыі, якое плаціла заробкі ўсім педагогам дзяржаўных навучальных устаноў?
Дабрачыннасць была. Але ператвараць яе ў фінансаванне ўсёй гарадской адукацыі і медыцыны — ужо зусім іншае.
Міф №12. Укладанні Паскевічаў забяспечылі эканамічны выбух Гомеля
Вось мы і падыходзім да галоўнай праблемы.
Аўтар сам піша, што ў 1873 годзе праз Гомель прайшла Лібава-Роменская чыгунка, у 1888-м — Палескія чыгункі, а Гомель ператварыўся ў буйны чыгуначны вузел. І сам жа канстатуе: гэта “дало новый толчок к развитию промышленности и торговли”.
Але затым галоўным “маторам пераўтварэнняў” зноў становяцца Паскевічы.
А гэта зусім не так!
— Менавіта чыгунка стала асноўнай прычынай росквіту Гомеля, — кажа Вінаградаўскі. — Аўтар здзіўляецца, што за шаснаццаць гадоў Гомель павялічыўся ў тры разы, але не бачыць, што гэта адбылося перадусім дзякуючы чыгунцы. Транспартны вузел азначаў новыя рынкі, таннейшую лагістыку, прамысловасць, працоўныя месцы, міграцыю людзей і капіталаў. На гэтым фоне бясплатная папера для газет ці матэрыяльная дапамога асобным настаўнікам, безумоўна, карысныя для горада — але наўрад ці супастаўныя паводле эканамічнага эфекту з дзвюма чыгуначнымі магістралямі.
Міф №13. “Пачалося суднаходства па Сажы”
У апісанні эканамічнага ўздыму пачатку ХХ стагоддзя аўтар сярод іншых дасягненняў паведамляе: “началось судоходство на Соже”.
— Суднаходства па Сажы было яшчэ ў эпоху неаліту, — іранізуе Вінаградаўскі. — Не кажучы ўжо пра Сярэднявечча і XVIII стагоддзе. На тое і ёсць рака, каб па ёй плавалі судны. Відавочна, тут магла ісці гаворка пра развіццё рэгулярнага параходства ці павелічэнне аб’ёмаў перавозак. Але “пачаткам суднаходства” канец XIX — пачатак ХХ стагоддзя назваць немагчыма, бо першы параход пад назвай “Николай” у Гомелі з’явіўся яшчэ ў бытнасць Мікалая Румянцава, які памёр у 1826 г.
Галоўны міф: Гомель стаў вялікім горадам дзякуючы Паскевічам
У фінале аўтар падводзіць рысу: “Однако главное Паскевичи для Гомеля сделать успели”, маюч на ўвазе, што горад вырас у буйны цэнтр.
І вось з гэтым Вінаградаўскі спрачаецца найбольш.
— Гомель сапраўды імкліва рос у XIX стагоддзі. Але ў гэты самы час раслі гарады па ўсёй Еўропе і за яе межамі. Індустрыялізацыя, развіццё капіталізму, чыгункі, урбанізацыя, міграцыя — гэта былі глабальныя працэсы. У яго ўвесь час атрымліваецца схема: прыйшлі Паскевічы — горад расквітнеў. Але ўсе гарады ў XIX стагоддзі ў параўнанні з XVIII стагоддзем расквітнелі. Некаторыя фантастычна, некаторыя проста сталі багацейшымі.

Вінаградаўскі прыводзіць у прыклад Екацярынаслаў — сучасны Дніпро, які ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя таксама перажываў выбуховы рост. А Паскевічаў там не было. Значыць, прычыну варта шукаць не толькі і не столькі ў асобах землеўладальнікаў, колькі ў значна больш маштабных эканамічных і сацыяльных працэсах.
Дык Паскевічы нічога не зрабілі для Гомеля?
Вінаградаўскі якраз перасцерагае ад адваротнай крайнасці:
— Уклад Паскевічаў і Румянцавых вялікі для Гомеля, вельмі важны. Гамельчукі памятаюць пра гэта. Палацава-паркавы ансамбль, дабрачыннасць, фінансавая падтрымка адукацыйных, медыцынскіх і грамадскіх ініцыятыў — усё гэта частка гісторыі Гомеля. Праблема пачынаецца тады, калі з гэтай часткі спрабуюць зрабіць усю гісторыю.
Гомель не быў створаны Паскевічамі. Ён існаваў і развіваўся задоўга да іх, меў выгаднае геаграфічнае становішча, быў значным цэнтрам Пасожжа, а яго выбуховы рост у другой палове XIX стагоддзя супаў з індустрыялізацыяй, развіццём капіталістычнай эканомікі ва ўсім свеце і ператварэннем горада ў буйны чыгуначны вузел.

Помнік Ірыне Паскевіч у Гомелі
Таму найбольш дакладна праблему зыходнага артыкула апісвае адна кароткая формула Льва Вінаградаўскага: “Пасля Паскевіча” не азначае “ў выніку дзейнасці Паскевіча”, гэтаксама як “назбіраць агульнавядомых фактаў па гісторыі Гомеля” не азначае “даць новае разуменне яго гістарычных працэсаў”.
Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Помнік Паскевічу ў Гомелі: імперскі наратыў
Як расейцы ў Гомелі ставяць помнікі сваім дзеячам
Як захаваць гісторыю горада
Таямніцы гомельскага “Зімовага саду”
Сабор, музей і антырэлігійны аддзел: сем фактаў пра Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, які адзначае 200-годдзе
Хто разбурыў капліцу Паскевічаў. Гісторыя самай вядомай пахавальні Беларусі
Злы дэман княгіні Паскевіч
