HomelDays_Logo_Main-mobil

У Гомелі працягваюць пашыраць “рускі свет”: адкрылі другі помнік Румянцаву

У Гомелі з’явіўся яшчэ адзін бюст расійскаму імперскаму дзеячу Мікалаю Румянцаву. У дзяржаўных СМІ нават напісалі, што ён “падкрэслівае агульную гістарычную спадчыну Расеі і Беларусі”. Пра тое, што Гомельскі “мэр” ездзіў у Маскву, каб узгадніць праекты помнікаў расіянам у Гомелі, мы пісалі раней. Цяпер адзін з гэтых праектаў рэалізаваны: у горадзе з’явіўся новы бюст расейцу Румянцаву. Што з ім не так?

25 лістапада ў Гомелі ў межах сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі адкрылі бюст Мікалаю Пятровічу Румянцаву — міністру замежных спраў Расійскай імперыі, графу і былому ўладальніку Гомеля. У цырымоніі ўдзельнічаў Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі ў сувязі з поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну.

Носьбіт “рускага свету”

Па-першае, адзін помнік Румянцаву мы ўжо маем. Ён стаіць зусім побач – у парку каля палаца Румянцавых-Паскевічаў. Цяпер у горадзе з’явіўся другі манумент аднаму і таму ж графу.

Мікалай Румянцаў быў высокапастаўленым чыноўнікам Расійскай імперыі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Гомель перайшоў пад уладу Расіі, а ў 1775 годзе Кацярына II перадала горад і староства расійскаму фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму. Пазней Гомель атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай.

Такім чынам, новы бюст — не проста ўшанаванне чалавека, звязанага з гісторыяй горада. Гэта яшчэ адзін крок да замацавання расійскай імперскай прысутнасці ў яго сімвалічнай прасторы.

Помнік Румянцаву ў Гомелі, усталяваны перад палацам

Па-другое, да стварэння і адкрыцця бюста маюць дачыненне таксама расейцы. То бок гэта цалкам расейскі праект, носьбіт “рускага свету”. Бюст усталявала Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства – арганізацыя, якая актыўна ўдзельнічае ў стварэнні мемарыялаў і прасоўванні расійскай дзяржаўнай гістарычнай палітыкі. Гэтая ж арганізацыя раней “падарылі” Гомелю помнік сумнеўнай якасці савецкаму военачальніку Канстанціну Ракасоўскаму. Пра мастацкія якасці і ўсталяванне таго помніка Homeldays таксама пісаў раней. А скульптарам помніка стаў расіянін Віталь Шанаў. Дарэчы, тут узнікаюць і пытанні да самога скульптара.

Патрыятычны скульптар

Віталь Шанаў – расійскі скульптар, чыя творчасць цесна звязаная з дзяржаўнымі і ваенна-патрыятычнымі праектамі Расіі. Ён працаваў над бронзавымі брамамі і фасаднымі барэльефамі Галоўнага храма Узброеных сіл РФ. У 2024–2026 гадах скульптар таксама ўдзельнічаў у маштабных манументальных праектах у акупіраваным Севастопалі: працаваў над скульптурамі і барэльефамі комплексу “Новы Херсанес”, а таксама над кампазіцыямі для “Музея Крыма і Наваросіі”.

Працы Шанава неаднаразова крытыкавалі за шаблоннасць і паточны характар — асабліва ў межах праектаў для дзяржаўных і ваенна-патрыятычных структур. Адна з самых гучных хваляў крытыкі была звязана з праектам Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства: скульптар распрацаваў мадэль помніка савецкаму салдату, копіі якога ўсталёўвалі ў розных рэгіёнах Расіі і на акупаваных тэрыторыях.

Такі помнік дзясяткамі паставілі ў расейскіх рэгіёнах і на акупаваных тэрыторых Украіны

Асобная дыскусія разгарнулася вакол Галоўнага храма Узброеных сіл РФ, у афармленні якога Шанаў адыграў значную ролю. Храм крытыкавалі архітэктары, мастацтвазнаўцы, святары і прадстаўнікі грамадскасці. Мастацтвазнаўца, спецыялістка па сучасным царкоўным мастацтве Ірына Языкова звяртала ўвагу на тое, што ў храме парушаная сама логіка сакральнай прасторы: замест таго каб падпарадкоўвацца літургічнаму цэнтру, яна запоўненая другаснымі тэмамі. “Пабудаваны не храм, а ваенны мемарыял з ідэалагічнымі і патрыятычнымі мэтамі”, – адзначыла для карэспандэнта “Правміра” Языкова.

Бюст Румянцаву адкрылі на тэрыторыі галоўнага ў Гомелі храма -–Пятра-Паўлаўскага кафедральнага сабору. Расейскі гістарычны дзеяч не кананізаваны праваслаўнай царквой. Мастацтвазнаўца, спецыялістка па сучасным царкоўным мастацтве Ірына Языкова таксама адзначала, што “ў праваслаўным храме скульптура наўрад ці дарэчы, яна чужая яму паводле духа, а вось рэльефныя іконы акурат могуць быць там”.

А дзе князі Чартарыйскія?

Гісторыя Гомеля не пачынаецца з Румянцавых. Аднак у парку абсалютна не прадстаўленыя ранейшыя ўладальнікі, акрамя расейскіх.

Да пераходу горада пад уладу Расійскай імперыі ён быў часткай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. З 1730 года апошнім гомельскім старостам Рэчы Паспалітай быў князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі, які паходзіў з магнацкага роду. Гісторык Алег Макушнікаў адзначаў, што гэта была адна з найярчэйшых фігур Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя.  Пры ім у Гомелі быў пабудаваны новы моцны дубовы замак з вежамі і ўмацаваннямі. У 1772 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Гомель разам з усходняй часткай Беларусі быў далучаны да Расійскай імперыі. Чартарыйскі адмовіўся прысягаць Кацярыне II.

Чарговы помнік Румянцаву – гэта не  спроба збалансавана прадставіць гісторыю горада, а паслядоўнае замацаванне расійскіх імперскіх наратываў у беларускай гарадской прасторы.

Штодзень

Чытайце таксама

Гомель: Ленін і Ракасоўскі супраць культуры і старога горада.

Такія мілыя, блізкія і ўжо нават родныя акупанты

Чаму гомельцы не ведаюць гісторыю свайго горада

Слайдар пастоў