Такія мілыя, блізкія і ўжо нават родныя акупанты

by ZB

Адзін мой знаёмы гомельскі гісторык распавядаў, як ён шмат гадоў таму праводзіў у Гомелі экскурсію для гасцей, якія з’ехаліся з усёй Беларусі на нейкі семінар па развіцці грамадскіх арганізацый. Гэта былі людзі ўжо дарослыя, сябры розных дэмакратычных партый і арганізацый, якім трэба было паказаць горад. А што ў Гомелі акрамя парка паказваць? Вось і экскурсія па гораду была ў сутнасці экскурсіяй па парку.

Капліца роду Паскевічаў у Гомелі

Калі група з чалавек 20 падышла да капліцы Паскевічаў, экскурсавод, улічваючы агульныя веды групы, зрабіў дадатковы экскурс у ролю Паскевічаў у гісторыі Беларусі, дакладней ролю Івана Паскевіча ў падаўленні паўстання 1830 г. на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы.

Негатыўны герой у гісторыі Польшчы князь Іван Паскевіч

Па выніках задушэння паўстання І. Паскевіч стаў царскім Намеснікам у Варшаве і для сённяшніх палякаў з’яўляецца тыповым акупантам і персонай нон-грата. Гэты сумны факт экскурсавод парыраваў тым, што напярэдадні, у 1827 г., той жа Іван Паскевіч вызваліў хрысціянскую Арменію ад шматвекавой прыналежнасці да мусульманскай Персіі (Ірана) і далучыў да Расейскай імперыі (праваслаўнай краіны), і таму для сучасных армян гэты чалавек з’яўляецца адным з нацыянальных герояў. Фактычна ён быў чалавекам свайго часу і выконваў тыя загады, якія яму ставіла вышэйшае кіраўніцтва імперыі. Як і прынята было ў той час паўсюль. Рэзюмаваў экскурсавод тым, што гісторыя не можа быць аднаго колеру і шмат якія гістарычныя асобы для адной краіны будуць адмоўнымі (“чорнымі”), а для іншай – “белымі”. У гэтым і ёсць загадка гісторыі, але для Гомеля Іван Паскевіч адназначна станоўчы герой, бо пабудаваў тут шыкоўную палацавую рэзідэнцыю і парк, які ўсе гомельцы любяць і ганарацца, ягоныя нашчадкі таксама шмат зрабілі для развіцця горада і дапамогі яго жыхарам. “А таксама пабудаваў вось гэтую цудоўную капліцу-пахавальню, на фоне якой любяць фатаграфавацца хіба не ўсе госці горада. Таму давайце і мы зараз зробім агульнае фота, станавіцеся!” Большасць гасцей радасна пачала шыхтавацца для фота, і тут…

Помнік расейскаму вайсковаму дзеячу Івану Паскевічу ў Варшаве. Быў дэмантаваны ў 1917 годзе.

І тут адзін з гасцей, здаецца, ён быў з Баранавіч, з іскрамі ў вачах выпаліў тыраду пра тое, што “ну і чаго вы ўсе кінуліся фатаграфавацца на фоне гэтай капліцы, фактычна магілы акупанта, які падаўляў нашае паўстанне, забіваў нашых продкаў-землякоў, ну і што, што капліца прыгожая – тыповая расейская архітэктура, як вам не сорамна, гэта ж акупант!”.

Упс… Відаць уся 15-хвілінная папярэдняя лекцыя экскурсавода прайшла недзе побач, але не праз вушы гэтага чалавека.

Выпадак можна было б прыняць за кур’ёз, але ён рэальна падымае цікавае пытанне: як беларусам, у тым ліку з Усходняй Беларусі і з Гомеля ў прыватнасці, ставіцца да такіх гістарычных асоб, як Паскевічы, Румянцавы, Чарнышовы, Зорычы, Астэрманы і безліч іншых, якія, па сутнасці, з’яўляліся расейскімі акупантамі на сілай захопленых у Рэчы Паспалітай землях, але пры гэтым зрабілі вялізны ўклад у развіццё гэтых сваіх новаатрыманых маёмасцяў, а часам і ўсёй Беларусі? Чаго варты хаця б прыклад уладальніка гомельскага маёнтка Мікалая Румянцава, які не толькі пераўтварыў Гомель з драўлянага сярэднявечнага ў сучасны па тым часе горад з класіцыстычнай планіроўкай і вялікай колькасцю каменнай забудовы, але ў пэўны час нават зрабіў з яго цэнтр даследавання гісторыі Беларусі. Менавіта тут, у Гомелі, на пачатку ХІХ ст. шмат год збіраліся старажытныя рукапісы, якія граф мэтанакіравана выкупаў па ўсім краі, і працавала цэлая археаграфічная камісія пад кіраўніцтвам Івана Грыгаровіча. Узгадкі пра гэта зараз ёсць у любой кнізе, дзе апісваецца гісторыя станаўлення навуковага даследавання Беларусі, гэтыя факты сталіся ўжо хрэстаматыйнымі. Актыўную навукова-дзелавую перапіску з М. Румянцавым вёў гісторык Лялевель, дапамагаў мецэнат і іншаму тагачаснаму даследчыку Беларусі Зарыяну Даленга-Хадакоўскаму.

Расейскі палітычны дзеяч Мікалай Румянцаў быў досыць нетыповым акупантам

Такімі рэфарматарамі сваіх гарадоў-маёнткаў былі таксама Зорыч у Шклове, Чарнышоў у Чачэрску, Пацёмкін у Крычаве і іншыя, а пакінутая імі архітэктурная спадчына, прынамсі тыя помнікі, якія перажылі савецкі перыяд, зараз з’яўляюцца самымі старымі, галоўнымі, а часам самымі прыгожымі і адзінымі гістарычнымі аб’ектамі ў гэтых гарадах. Як да гэтых людзей ставіцца сучасным беларусам? Як да акупантаў, якія гаспадарылі на землях, гвалтоўна адабраных ад краіны нашых продкаў – Рэчы Паспалітай? Ці як да людзей, якія змянілі гэтыя гарады і вывелі іх развіццё на новы, не бачаны раней узровень? А як тады быць з тым, што яны рэальна былі прадстаўнікамі краіны, якая ў канцы ХVIII ст. акупавала землі Беларусі, пры гэтым парушыла самой жа падпісаную мірную дамову – “Вечны мір” 1686 г., заключаны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай па выніках кровапралітных войнаў сярэдзіны XVII ст.? Бо Рэч Паспалітая да апошняга трымалася прапісаных у тым “Вечным міры” умоваў і ні разу не выступіла ў якасці агрэсара супраць свайго ўсходняга суседа. Расея таксама трымалася гэтага мірнага трактату амаль 100 гадоў. Але не ўтрымалася. Вось таму гэта і ёсць акупацыя. Але трэба прызнаць вялікую заслугу гэтых людзей у развіцці нашага краю, хай нават і ва ўмовах сваіх прыватных латыфундый! І так можна аргументаваць і контраргументаваць да бясконцасці. Дзе ж выйсце з гэтага гістарычнага пераплёту? Які бок прыняць? Прызнаць іх страшнымі акупантамі і выкрасліць іх з лёсу Беларусі? А як тады ганарыцца самым лепшым і прыгожым палацава-паркавым ансамблем у Беларусі, пабудаваным імі? Яго таксама знесці? Ну тады гэта відавочны маразм вышэйшага гатунку!

Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Аўтар гравюры: Напалеон Орда

На самай справе выхад з гэтага маральна-гістарычнага “тупіка” там жа, дзе быў і ўваход. “Тупік выбара” паміж прызнаннем “акупантамі” ці “дабрадзеямі” існуе толькі тады, калі мы механічна пераносім нашыя сённяшнія палітычныя погляды і маральныя патрабаванні на падзеі глыбокай старажытнасці і спрабуем заняць эмацыйна адназначную “правільную” пазіцыю: усё альбо толькі чорнае (г.зн. “злое”), альбо толькі белае (г.зн. “добрае”). І, займаючы пэўную пазіцыю, пасля спрабуем перарабіць усё астатняе светаўспрыманне гісторыі пад абраныя “ісцінна правільныя” крытэры (“любіць і ганарыцца” альбо “ненавідзець і знесці”). Гэта значыцца, падсвядома спрабуем “напісаць новае правільнае мінулае”, але не такое, якое яно было ў сапраўднасці, з усімі яго адценнямі і супярэчнасцямі, а такое, якое яно нам зараз патрэбна, якое нам бы падыходзіла для нашых сённяшніх эмацыйных задач. А гэта ўжо стварэнне зручнай і прыемнай гістарычнай хлусні, якая не мае нічога агульнага з тэрмінам “гісторыя”.

Таму, на мой погляд, лепшым будзе падыход, пры якім трэба проста называць рэчы сваімі імёнамі і не хаваць гістарычныя факты, якімі б яны не былі прыемнымі ці не вельмі, прызнаць гістарычныя падзеі такімі, якімі яны былі на самой справе. У нашым канкрэтным выпадку гэта азначае прызнанне таго, што ў выніку гвалтоўнай акупацыі Расейскай імперыяй земляў Беларусі, новыя прызначаныя акупацыйнай уладай уладальнікі беларускіх маёнткаў часта былі цудоўнымі іх пераўтваральнікамі, якія зрабілі годны пашаны нашчадкаў уклад у іх развіццё. Так, сапраўды, яны былі акупантамі, якія захапілі землі краіны нашых продкаў. Так, сапраўды, мы маем вялікую колькасць прыкладаў, каб ганарыцца захаванымі вынікамі іх дзейнасці. Няма ніякай супярэчнасці. Супярэчнасці засталіся ў мінулым, а мы канстатуем толькі факты. І не выбіраем, што “лепш” і што “правільней” было б тады.

 

Штодзень

Раман Абуховіч, гісторык

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png