“Эстэтыкі нуль”. Гомельцы актыўна выказваюцца супраць помніка Ракасоўскаму

У Гомелі не суціхаюць спрэчкі наконт помніка савецкаму маршалу Канстанціну Ракасоўскаму. Адкрыццё коннай статуі каля плошчы Паўстання ў Гомелі стала заўважнай прапагандысцкай падзеяй, на якую выдаткаваліся немалыя рэсурсы. Усе рэспубліканскія і рэгіянальныя дзяржСМІ распавядалі пра мерапрыемства, якое прайшло з удзелам мясцовых чыноўнікаў і прадстаўніка Пуціна Уладзіміра Мядзінскага. Нягледзячы на спробы ўлады пагасіць хоць якую крытыку праекта, прасунутага расейцамі, негатыўныя ацэнкі помніка ўсё ж з’яўляюцца ў публічнай прасторы.

Мясцовыя жыхары каментуюць падзею асцярожна, што абумоўлена відавочнай рызыкай патрапіць пад каток рэпрэсій. Таму, аналізуючы каментары ў праўладных пабліках, складваецца ўражанне пра дамінаванне ўхвалення ініцыятывы “Расейскага ваенна-гістарычнага таварыства”, якое прасунула ідэю ўзвядзення манумента. Аднак пры пагружэнні ў абмеркаванні можна ўбачыць асцярожную крытыку праекта, паведамленні незадаволеных гараджанаў актыўна лайкаюцца.

На думку часткі гомельцаў, будаўніцтва помніка Канстанціну Ракасоўскаму стала прычынай зносу жывой зялёнай зоны ў гістарычнай частцы горада. Дзеля ўсталявання помніка быў фактычна знішчаны сквер, які існаваў каля будынку былой Ланкастарскай школы, якая, дарэчы, з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму пачатку 19 стагоддзя. Ніжэй прыводзім цытаты найбольш папулярных крытычных каментароў.

Гомелец Канстанцін Арцёменка ў сваім блогу таксама выказаўся наконт мэтазгоднасці пабудовы помніка савецкаму маршалу:
– Калі разважаць не пра палітыку і нават не пра гістарычную неабходнасць помніка, а менавіта пра мастацтва, то галоўнае пытанне гучыць так – якую сувязь мусіць адлюстраваць помнік месца, дзе ён усталяваны? Бо помнік — гэта не пра бронзу і пастамент. Гэта пра візуальны месадж, пра тое, чаму і каму ў горадзе надаецца гонар. Калі ўжо ўшаноўваць памяць, дык мастацкая ідэя павінна перадаваць сутнасць сувязі чалавека з месцам, а не быць агульным ідэалагічным шаблонам.

  1. Ракасоўскі ў Гомелі: якім яго памятаюць

Па ўспамінах мясцовых людзей, Ракасоўскі ў Гомелі выглядаў зусім не так, як на сучасным помніку. Яго згадваюць: у папасе, у аўтамабілі, на кані падчас рэкагнасцыроўкі ў Гомельскім раёне. Ёсць сведчанні што ён дапамагаў мясцовым жыхарам з харчаваннем і намётамі для школы… Генерал арміі, а не маршал. Такім ён быў тут, у Гомелі. Такім яго бачылі сведкі. І менавіта гэты лакальны, гістарычны вобраз мог бы стаць асновай мастацкага асэнсавання.

  1. Што паказвае сучасны помнік?

А замест гэтага мы бачым зборны, абстрагаваны вобраз, звязаны з закрытым мерапрыемствам — Маскоўскім парадам Перамогі 1945 года. Парад не адбываўся ў Гомелі, Ракасоўскі ў такім выглядзе тут ніколі не быў, і гэтая сцэна не мае да нашай гісторыі аніякага дачынення. У выніку атрымліваецца, што – помнік не адлюстроўвае біяграфічнай сувязі Ракасоўскага з Гомелем, не паказвае лакальнай гісторыі, транслюе шаблон, які мог бы стаяць дзе заўгодна — у Маскве, Варонежы або Кемерава. Гэта класічная праблема дэлакалізацыі памяці, калі месцу навязваюць вобраз, прывязаны не да гісторыі горада, а да ідэалогіі. Ну, а мапа, якая паказаная на фундаменце помніка, зусім гэтую праблему не вырашае, бо гэта дадатак, які слаба стасуецца з самім помнікам. Як бы чарговая каша…

  1. Пытанне пра “мы перамаглі”

Асобная роля ў наратыве вакол помніка належыць фразе: “Мы перамаглі”. Але мы — гэта хто? Гэта маглі сказаць толькі тыя, хто сапраўды ўдзельнічаў у вайне. Тыя “мы” ўжо даўно не жывуць. Сёння ж за гэтае “мы” гаворыць дзяржаўнае чыноўніцтва, якое атаясамляе сябе з народам і пераймае чужыя заслугі без асабістага досведу. Так фраза адрываецца ад сэнсу і ператвараецца ў пусты лозунг, які ўжо не нясе ні памяці, ні трагедыі, ні павагі да тых, хто сапраўды змагаўся.

  1. Дык што паказвае гэты помнік на самай справе?

Калі падсумаваць – помнік не звязаны з гомельскай гісторыяй Ракасоўскага, мастацкая кампазіцыя не апелюе да Гомеля як да месца, вобраз — ідэалагічна-шаблонны, а не лакальны, лозунг “мы перамаглі” цяпер — голас чыноўнікаў, а не голас гісторыі.

  1. Чаму так адбываецца: пра ўладу, прафесіяналаў

Існуе яшчэ адзін, вельмі істотны пласт гэтай гісторыі. Мясцовыя чыноўнікі, якія вырашаюць лёсы гарадской прасторы, часта не здольныя слухаць спецыялістаў. Гэта вынік іх прафесійнага выхавання: перад начальствам яны павінны быць паслухмянымі, таму не могуць дазволіць камусьці выглядаць больш кампетэнтным. Адсюль — тыповая для Беларусі рэакцыя – любыя парады прафесіяналаў успрымаюцца як пагроза, а не як магчымасць зрабіць лепш. Гомельскі савет архітэктараў адкрыта выказаў сумневы наконт новага помніка. Іх аргументы былі цалкам прафесійныя – плошча ўжо перанасычаная мемарыяламі, размяшчэнне парушае гармонію прасторы, дзеля чарговага “праекта” вынеслі прыгожыя дрэвы.

Вынік: “прарэха на розуме”. Гаворка не пра адзін няўдалы помнік. Гэта — тыповы прыклад таго, як працуе наша дзяржава ва ўсім: ад камунальнай гаспадаркі да архітэктуры, ад адукацыі да палітыкі. Замест дыскусіі — загад, Замест прафесіяналізму — дэкаратыўнасць. Замест густу — пратакольная папса, Замест павагі да людзей і месца — асабістыя “хачу” начальнікаў. Мы атрымліваем не помнікі, а сімптомы. Сімптомы сістэмы, якая не здольная адчуць месца, пачуць людзей і стварыць штосьці вартае.

Штодзень

 

 

Слайдар пастоў