Як Чарнобыль змяніў жыццё гомельцаў: ад замоўчвання да змагання за праўду

Калі Гомель апынуўся ў цені катастрофы

Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе радыеактыўнае воблака накрыла значную частку Гомельскай вобласці. Дзве траціны рэгіёну апынуліся пад уздзеяннем забруджання. Хойнікі, Брагін, Нароўля адразу былі прызнаныя забруджанымі: узроўні дасягалі 20–40 кюры. А вось сам Гомель у афіцыйную “чарнобыльскую праграму” не трапіў: улады лічылі, што ўзроўні тут ніжэйшыя за крытычныя.

Аднак рэальнасць была іншай. Хойніцкі лес ішоў на Навабеліцкую мэблевую фабрыку, запалкі рабіліся з радыяцыйнай драўніны. На “Гомсельмашы” дзве траціны рабочых жылі ў забруджаных вёсках, везлі адтуль прадукты, на колах машын радыяцыя фактычна трапляла ў горад. Паводле логікі, Гомель не мог заставацца “чыстым”, але доўгі час гэта ігнаравалася.

Наступствы Чарнобыля сталі часткай паўсядзённага жыцця: радыяцыйнае малако, мяса, грыбы, ягады, рост захворванняў, страх, няпэўнасць і адчуванне, што праўду ад людзей хаваюць.

 

Рака Прыпяць. На іншым беразе радыяцыйная “зона”. Уваход туды забаронены.

1980-я: маўчанне і ілюзія кантролю

Спачатку пра аварыю паведамілі літаральна некалькімі радкамі ў “Известиях”. Далей – гады маўчання. Грамадства нічога не ведала пра рэальныя маштабы катастрофы, пра ўзроўні забруджвання, пра рызыкі для здароўя.

Толькі пасля таго, як шведскія атамныя энергетыкі зафіксавалі павышэнне радыяцыйнага фону і забілі трывогу, стала ясна: крыніца не ў Швецыі, а ў СССР. Чарнобыльскае воблака, зрабіўшы складаны зігзаг, дайшло да Скандынавіі. У той момант схаваць трагедыю ўлады ўжо не маглі.

Але нават пасля гэтага падыходы заставаліся савецкімі: дзейнічалі інструкцыі грамадзянскай абароны, разлічаныя на ядзерную вайну, а не на аварыю на АЭС. Ацэнка рызыкаў базавалася пераважна на знешнім гама-фоне, без уліку ўнутранага апраменьвання праз ежу. Лічылася, што калі доза ніжэйшая за ўсталяваныя “дапушчальныя ліміты”, то рызыка нязначная. Гэта аказалася фатальнай памылкай.

Як гомельцы змагаліся: словы прафсаюзнага лідара Яўгена Мурашкі

Яўген Мурашка падчас страйку працоўнага калектыва Кавальска-прэсавага цэха ВА “Гомсельмаш” ( 26-га сакавіка 1990г.) Фота: vytoki.net

У 1989 годзе рабочы “Гомсельмаша” Яўген Мурашка пачаў пісаць патрабаванні ўладам – уключыць Гомель у чарнобыльскую праграму. Спачатку яго абсвіствалі, выганялі з трыбунаў, з прафсаюзаў адсылалі схадзіць з дакументамі, у якіх працоўныя абазначылі патрабаванні, “у прыбіральню”. Тады ён узяўся за падрыхтоўку першага чарнобыльскага страйка, якая заняла тры месяцы. Але вынік быў варты таго: ужо ў красавіку 1990-га ініцыятыву падтрымаў увесь “Гомсельмаш”, а гэта на той момант было 37 тысяч чалавек.

“Зацікаўленасць была ў мяне асабістая дазнацца пра радыяцыю як мага больш. Я ўжо трохі быў падкаваны з медыцынскага боку, ведаў пра наступствы радыяцыі, разумеў, што гэта вельмі небяспечная з’ява. Людзям пра гэта растлумачыў, знайшоў паразуменне. І ўжо 26 сакавіка правёў страйк кавальска-прэсавага цэха на “Гомсельмашы”. Гэта быў 1990-ы год. У пачатку красавіка ў

маім актыве было ўжо больш за 15 цэхаў на заводзе, якія гатовыя былі падтрымаць”, – згадвае Яўген Мурашка.

Паводле Яўгена Мурашкі, у публікацыях і даследаваннях пра падзеі 1990-х гадоў у Беларусі заслугі гомельцаў, як правіла не надта згадваюцца:

”Пра падзеі 1990-га года ў Гомелі ніхто нічога не кажа. Заўсёды ўсе канстатуюць, што перамены пачынаюцца з 1991-га года ў Мінску. У Мінску было ўсё, а ў Гомелі, падавалася б, нічога і не было. Але насамрэч з Гомеля пайшлі страйкі, з “Гомсельмаша”. Гэта слаўная наша гісторыя.”

Рабочыя з “Гомсельмашу” ў 1990-м годзе паказалі прыклад змагання за свае правы не толькі на ўзроўні рэгіёну, рэспублікі, але і паставілі на вушы тагачасную сталіцу СССР Маскву. Крамлёўскія начальнікі былі вымушаныя прыняць дэлегацыю ад гомельскіх працоўных, якія дабіваліся прыняцця Чарнобыльскай праграмы для рэабілітацыі пацярпелых ад тэхнагеннай катастрофы тэрыторый Беларусі.

“Мы выйшлі з ініцыятывай марша “За выжыванне” на Маскву. Мы прымусілі ўрад СССР сесці з намі за стол перамоваў. Мы дабіліся, што Гомель і ўся вобласць былі ўключаныя ў праграму”, — узгадвае Мурашка.

У ліпені 1990 года гомельскія рабочыя дайшлі да Краснай плошчы, прыцягнулі ўвагу замежных журналістаў, дамагліся перамоваў з прэм’ер-міністрам Мікалаем Рыжковым. У Гомелі быў падпісаны пратакол з 54 пунктамі: газіфікацыя, сацыяльныя льготы, ранні выхад на пенсію, меры па ахове здароўя.

“Калі б не змена ўлады, у Беларусі з Чарнобылем было б меней ахвяраў. Мы былі ў адным кроку”, — кажа Мурашка.

Пасля распаду СССР і прыходу Лукашэнкі большасць дамоўленасцяў былі скасаваныя, але сам факт масавага супраціву гомельцаў застаўся ўнікальнай старонкай іх гісторыі.

 

1990-я: новыя веды і новыя карты — погляд Сяргея Бесараба

Як тлумачыць навуковец, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб, сапраўдны пералом у разуменні катастрофы наступіў менавіта ў 1990-я гады. Гэта было звязана не толькі з эканамічнымі фактарамі, але і з доступам да інфармацыі.

Сяргей Бесараб

У гэты час пачалі рассакрэчвацца небяспечныя аб’екты, з’явіліся дакладныя карты забруджвання. Да гэтага стронцый-90 і цэзій вывучаліся вельмі фрагментарна. Толькі ў 1990-я з’явіліся паўнавартасныя мапы з выразнымі “плямамі” радыенуклідаў. Людзі ўпершыню ўбачылі, у якіх умовах яны рэальна жывуць, і пачалі масава перасяляцца.

“Усе рэкамендацыі па эвакуацыі, адсяленні і харчаванні дзейнічалі ў межах інструкцый грамадзянскай абароны, распрацаваных на аснове назіранняў за выбухамі ў Хірасіме і Нагасакі. Яны разлічваліся на сцэнар ядзернай вайны, але не на аварыю на АЭС — фактычна на выбух “бруднай бомбы”. Крытэрыі эвакуацыі таксама базаваліся на магутнасці знешняга выпраменьвання, тады як фактар ёднага ўдару праз дыханне і малако не быў галоўным трыгерам для эвакуацыі паводле тагачасных інструкцый. Гэта стала вельмі сур’ёзнай памылкай, якая каштавала жыцця і здароўя сотням тысяч людзей. Важна таксама адзначыць: інструкцыі па ёднай прафілактыцы існавалі, але яны прызначаліся толькі для работнікаў АЭС, а сістэмы размеркавання прэпаратаў ёду для насельніцтва не было. Пры гэтым сам ёд неабходна прыняць літаральна ў першыя хвіліны пасля паступлення радыеактыўных аэрозоляў: кожная гадзіна затрымкі рэзка зніжае яго эфектыўнасць, а прыкладна праз пяць гадзін прыём ужо не мае сэнсу”, — гаворыць навуковец.

Старажылы  з забруджаных тэрыторый распавядаюць, што масавае адсяленне пачалося толькі ў 1990–1991 гадах, а не адразу пасля катастрофы ў 1986-м.

Сяргей Бесараб:

— Я б не зводзіў працэс прымусовага перасяляння выключна да эканамічнага фактару. На маю думку, масавыя адсяленні былі найперш звязаныя з тым, што ў 1990-я гады пачала паступаць больш поўная і дакладная інфармацыя. У гэты ж час, дарэчы, былі рассакрэчаныя і асобныя аб’екты, у тым ліку аб’ект № 802, дзе ў савецкі час захоўвалася ўранавая руда, а таксама шэраг небяспечных пляцовак у цэнтры Брэста. Калі гэтыя звесткі сталі публічнымі, людзі былі проста шакаваныя. З’явіліся лічбы, пачаўся перагляд крытэраў бяспекі, сталі ўжывацца значна больш дакладныя метады картаграфавання.

Калі казаць пра забруджванне, напрыклад, стронцыем-90, то раней яно вывучалася вельмі фрагментарна. Трыццацікіламетровая зона вакол станцыі была ў агульных рысах закартаграфаваная яшчэ ў 1986–1987 гадах, але менавіта ў 1990-я і пазней з’явіліся паўнавартасныя, дакладныя карты забруджаных тэрыторый — з выразнымі стронцыевымі і цэзіевымі “плямамі”. Людзі ўбачылі, дзе яны жывуць і ў якіх умовах, і пачалі масава перасяляцца.

Другі важны момант — гэта так званая канцэпцыя “бяспечнага пражывання”, прынятая яшчэ ў СССР. Паводле яе, сумарная доза за 70 гадоў жыцця не павінна была перавышаць 350 мЗв (так званае “правіла 35 бэр”). У 1990-я, з пачаткам галоснасці, навуковая супольнасць і грамадскасць пачалі крытыкаваць гэты нарматыў як завышаны. Распачаўся яго перагляд у бок істотнага паніжэння, і ў пачатку 1990-х была ўведзена новая норма — каля 70 мЗв за ўсё жыццё. Фактычна атрымалася, што многія тэрыторыі, якія ў савецкі час лічыліся ўмоўна “чыстымі”, пасля перагляду крытэраў аўтаматычна трапілі ў зоны адсялення.

Што забруджана на самой справе

За сорак гадоў пасля аварыі стала зразумела: перыяд паўраспаду — гэта не “ачышчэнне”. Цэзій і стронцый проста становяцца ўдвая менш, але нікуды не знікаюць. Яны сыходзяць глыбей у глебу, робяцца менш даступнымі для травы, але больш — для глыбокакарэнных раслін і грыбоў.

Сяргей Бесараб:
— Сёння мы значна лепш разумеем уплыў радыяцыі на сардэчна-сасудзістую сістэму, у прыватнасці праз механізмы радыяцыйнага старэння сасудаў. Мы лепш разумеем і ўплыў на вочы — развіццё катаракты. Высветлілася, што гэтыя эфекты праяўляюцца пры значна меншых дозах, чым раней лічылася. Даследаванні Юрыя Бандажэўскага (доктар медыцынскіх навук, спецыялізуецца на вывучэнні ўплыву на арганізм чалавека невялікіх доз радыяцыі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы — заўв. рэд.) пра “чарнобыльскае сэрца” хоць і мала вядомыя шырокай публіцы, але ўвайшлі ў міжнародную навуковую практыку як клінічна пацверджаныя факты.

Цікава і тое, што стрэс і сацыяльная стыгматызацыя часта наносяць здароўю папуляцыі большую шкоду, чым сама радыяцыя. Гэта выяўляецца ў росце алкагалізму, дэпрэсій і псіхасаматычных захворванняў — асабліва сярод ліквідатараў і жыхароў адселеных тэрыторый.

Таксама цяпер дакладна зразумела, што перыяд паўраспаду — гэта не тое самае, што “ачышчэнне”. Праз 30 гадоў праходзяць толькі адзін перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю, але яны нікуды не знікаюць — іх проста становіцца ўдвая менш. Пры гэтым радыенукліды сыходзяць глыбей у глебу: робяцца менш даступнымі для травы, але больш даступнымі для глыбокакарэнных раслін і лясных грыбоў.

Прыклад — сітуацыя з дзікімі кабанамі ў Баварыі, у якіх выявілі высокія канцэнтрацыі цэзію-137. Высветлілася, што яны разрываюць глебу на глыбіні 25–30 см і ядуць труфелі, якія акурат растуць у так званым “чарнобыльскім слоі”, дзе сканцэнтраваная максімальная колькасць радыенуклідаў.

Вяртанне земляў у гаспадарчы абарот магчымае толькі пад тэхнічныя культуры — рапс на алей, збожжа на спірт. Але і тут узнікае праблема: радыенукліды застаюцца ў адходах, і незразумела, што з імі рабіць далей.

Чарнобыль адсоўваюць, але ён не знік

Сёння Чарнобыль усё часцей адсоўваецца на другі план. Тэрыторыі аб’яўляюцца “чыстымі”, прадукцыя вырабляецца, уводзіцца паняцце “ўмоўна чыстых” прадуктаў. Але ў лесе дагэтуль знаходзяць грыбы і ягады з перавышэннем нарматываў у дзясяткі і сотні разоў.

Ключавы ўрок 90-х у тым, што праўда пра маштаб наступстваў Чарнобыля адкрылася толькі тады, калі з’явіліся дадзеныя, карты і свабодная навуковая дыскусія: грамадства ўбачыла рэальны ўзровень рызыкаў, а “бяспечныя нормы” аказаліся штучна завышанымі. Перагляд крытэраў бяспекі змяніў статус тысяч тэрыторый, выявіў сувязь радыяцыі з канкрэтнымі захворваннямі і паказаў, што шкода ад маўчання, стрэсу і сацыяльнай стыгматызацыі можа быць не меншай за фізічнае апрамяньванне.

“Тады не было своечасовага інфармавання насельніцтва з-за палітычных рашэнняў і той самай савецкай формулы «не дапусціць панікі», што фактычна блакавала рэалізацыю навуковых рэкамендацый. І цяпер мы бачым тое ж самае: інструкцыі па эвакуацыі ў выпадку аварыі на БелАЭС засакрэчаныя, зноў дзейнічае логіка “не дапусціць панікі”. Я перакананы, што ў выпадку новай аварыі гэта зноў можа каштаваць тысячам людзей жыцця і здароўя. Ніхто не ўлічыў мінулыя памылкі і не зрабіў высноў”, — падсумоўвае Сяргей Бесараб.

Штодзень

Слайдар пастоў