Амерыканцу Кліфарду Кіракофу паказалі Гомельскі хімічны завод і арганізавалі інтэрв’ю з дзяржаўнымі прапагандыстамі. Тыя прадставілі яго “былым сенатарам”, хоць сенатарам ён ніколі не быў. За экскурсіяй і размовамі пра міжнароднае супрацоўніцтва праглядаецца практычны інтарэс: палепшыць вобраз беларускіх уладаў і прасунуць зняцце санкцый з угнаенняў.

Амерыканскі “сенатар” азнаямляецца з прадукцыяй Гомельскага хімзавода. Фота: тг-канал прадыпрыемства
Прывезлі на завод і паказалі экспартны патэнцыял
Кліфард А. Кіракоф-малодшы наведаў Гомельскі хімічны завод на запрашэнне і пад патранажам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Экскурсію па вытворчых цэхах правёў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Чарнякоў, паведамляе тэлеграм-канал завода.
Паводле паведамлення, амерыканскаму госцю прадэманстравалі тэхналагічныя магутнасці, аўтаматызацыю і падыходы да экалагічнай бяспекі. Асаблівую ўвагу надалі прадукцыі: Чарнякоў расказаў пра экспартны патэнцыял, геаграфію паставак мінеральных угнаенняў і іх канкурэнтныя перавагі.
У інтэрв’ю Sputnik Беларусь Кіракоф удакладніў, што прыехаў на запрашэнне ЛДПБ і яе кіраўніка Алега Гайдукевіча. Гэта, паводле ягоных слоў, першы візіт у Беларусь.
Арганізавалі інтэрв’ю — і дадалі сенатарскі статус
Пасля экскурсіі Кіракоф даў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлебачанню. “Беларусь 4 Гомель” анансавала на 22 кастрычніка спецыяльны выпуск праграмы “Мнения” з размовай пра логіку амерыканскай палітыкі і сігналы Вашынгтона.
У паведамленні ад 21 кастрычніка госця прадставілі так:
“Американский политолог, бывший сенатор Клиффорд Киракоф посетил Гомель”.

Аднак гэтае прадстаўленне не адпавядае ягонай апублікаванай біяграфіі. Кіракоф працаваў у апараце Сената, а не займаў выбарную пасаду сенатара.
На ўласным сайце ён указвае працу ў сенацкім апараце ў 1981–1992 гадах, у тым ліку ў камітэце па міжнародных адносінах у 1987–1992-м. Выдавецтва Bloomsbury таксама называе яго былым старшым прафесійным супрацоўнікам камітэта.
Такім чынам, дзяржаўнае тэлебачанне надало каментатару вышэйшы палітычны статус, чым ён меў. Ці была гэта свядомая падмена або памылка, з паведамлення вызначыць немагчыма. Але для аўдыторыі розніца істотная: меркаванне госця падмацавалі аўтарытэтам нібыта былога амерыканскага заканадаўца.
Хто такі Кіракоф
Кіракоф мае сапраўдны акадэмічны досвед: атрымаў PhD ва Універсітэце Вірджыніі, выкладаў у Virginia Military Institute, Washington and Lee University і China Foreign Affairs University у Пекіне. У дакументах Virginia Military Institute за 2007–2008 гады ён пазначаны як выкладчык гісторыі з частковай занятасцю. Сёння ён прадстаўляецца аўтарам, журналістам і кансультантам. У сваёй біяграфіі пералічвае публікацыі ў China Daily, Beijing Review і Global Times, выступы на кітайскім тэлебачанні і інтэрв’ю расійскаму RT.
Пры гэтым палітычныя выказванні Кіракофа паказваюць, што перад беларускімі гледачамі выступае чалавек з выразнай пазіцыяй адносна Расіі і яе вайны супраць Украіны. У інтэрв’ю Інстытуту Шылера ад 12 ліпеня 2022 года ён называў Зяленскага і Парашэнку фашыстамі, Майдан — пераваротам пры ўдзеле заходніх спецслужбаў, а Украіну — інструментам ЗША і НАТА супраць Расіі. Выкарыстоўваў паняцце “Новороссия”, прагназаваў падзел Украіны і апісваў магчымыя расійскія захопы як вяртанне тэрыторый, нібыта перададзеных ёй Леніным. Гэта ягоныя сцвярджэнні, якія паўтараюць істотныя элементы крамлёўскага тлумачэння вайны.
Ёсць і дакументаваны кантакт з расійскім нацыяналістычным медыйным асяроддзем: у лістападзе 2010 года Кіракоф удзельнічаў у дыскусіі з Аляксандрам Нагорным, намеснікам рэдактара газеты “Завтра”. У той жа стэнаграме зафіксаваная ягоная канспіралагічная заява пра тое, што брытанцы арганізавалі забойствы Роберта Кенэдзі і Марціна Лютэра Кінга. Доказаў гэтай версіі ў выступе ён не прывёў.
Навошта ўсё гэта было
Візіт Кіракофа выглядае як частка кампаніі па адбельванні рэжыму і прасоўванні зняцця санкцый з беларускіх угнаенняў. Практычную мэту ў сюжэце агучвае дырэктар Гомельскага хімзавода Чарнякоў: прадпрыемства чакае зняцця абмежаванняў, каб пастаўляць прадукцыю аграрыям па ўсім свеце. Атрымліваецца зручная карцінка: амерыканскі госць хваліць вытворчасць, дзяржаўнае тэлебачанне дадае яму сенатарскі статус, а камерцыйны інтарэс падаецца як клопат пра сусветную сельскую гаспадарку. Пра прычыны ўвядзення санкцый у такой гісторыі можна і не згадваць.